Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міністэрства аховы здароўя закрыла «Клініку сучаснай мэдыцыны „Вэктар“». На афіцыйным сайце мэдычнай установы зьявілася абвестка:

«Паважаныя наведнікі сайта! У нас здарылася бяда: у адной з пацыентак пасьля складанай апэрацыі зьявілася ўскладненне (на жаль, хірургіі бяз гэтага не бывае). Цяпер яна папраўляецца. Але чыноўнікі Міністэрства аховы здароўя вырашылі, што найлепшы спосаб пакараньня — гэта закрыцьцё цэнтра. З 1 жніўня мы не працуем. У выніку 22 чалавекі страцілі працу, заснавальнікі — грошы, а тысячы пацыентаў — надзею і магчымасьць свайго аздараўленьня.

Мы прыносім свае прабачэньні, але такая рэальнасьць у нашай краіне, якая страціць яшчэ некалькі высакаклясных спэцыялістаў. Калі якой-небудзь клініцы ў Расеі, Прыбалтыцы, Украіне ці Эўропе патрэбныя спэцыялісты нашага ўзроўню, чакаем прапаноў!»

Пасьля сьмерці пацыенткі «Экамэдсэрвісу» 23-гадовай Юліі Кубаравай у выніку правядзеньня плястычнай апэрацыі па карэкцыі формы носа, Мiнiстэрства аховы здароўя распачало праверкі па дзейнасьці анэстэзіялягічнай службы ў дзяржаўных клініках і прыватных мэдцэнтрах.

Міністэрства, праверыўшы 25 устаноў, пазбавіла ліцэнзіі на аказаньне анэстэзіёляга-рэанімацыйнай дапамогі 7 прыватных цэнтраў: «Валерэ», «Грандмэдыка», «МэдАрт», «Мэдэкспэрт», «Дзеля здароўя», «ТрансЭнэргаОйл», «Экамэдсэрвіс». У частцы работ і паслуг па гінэкалёгіі — «Жадаем здароўя» ў Слуцку, у частцы работ і паслуг па хірургіі — «Сальфея» ў Менску, «Леда-Мэд» у Баранавічах, у частцы работ і паслуг па хірургічнай стаматалёгіі «Стамака» ў Воршы. У поўным аб’ёме спыненая ліцэнзія на мэдыцынскую дзейнасьць «Флорэнс-Дэнталь» у Воршы — за перашкоды дзейнасьці камісіі Міністэрства аховы здароўя ў правядзеньні кантролю. Такі чынам, усяго адабраныя ліцэнзіі цалкам альбо часткова ў 12 мэдычных цэнтраў. Пра гэта паведаміў 19 чэрвеня міністар аховы здароўя Васіль Жарко.
XS
SM
MD
LG