Лінкі ўнівэрсальнага доступу

108 дзён у засьценках КДБ: уцёкі Міхалевіча, «маскі» зьніклі, як бомж на сьметніку


Цэнтральны будынак КДБ Менску

Цэнтральны будынак КДБ Менску

Радыё Свабода публікуе разьдзелы кнігі Анатоля Лябедзькі «108 дзён і начэй у засьценках КДБ».

26 лютага, субота

Анатоль Лябедзька

Нарадзіўся у 1961 г. у вёсцы Трылес Стаўбцоўскага раёну Менскай вобласьці. Скончыў факультэт гісторыі і францускай мовы Менскага пэдагагічнага інстытуту, юрыдычны факультэт БДУ.

Дэпутат Вярхоўных Саветаў Беларусі 12-га і 13-га скліканьняў.

Адзін з ініцыятараў спробы імпічмэнту прэзыдэнта (1996).

Ад 2000 г. — старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі. Сустаршыня Палітычнай Рады Аб’яднаных дэмакратычных сіл.

За ўдзел у палітычнай дзейнасьці неаднаразова прыцягваўся да адміністрацыйнай і крымінальнай адказнасьці.

Жанаты, мае сына.

Пасьля акцыі пратэсту супраць фальсыфікацыі вынікаў выбараў быў затрыманы ў ноч на 20 сьнежня 2010 г. у Менску і зьмешчаны ў СІЗА КДБ.

Яму выставілі абвінавачаньне ў арганізацыі і ўдзеле ў масавых беспарадках.

6 красавіка 2011 г. вызвалены зь СІЗА КДБ пад падпіску аб нявыезьдзе.

23 жніўня крымінальная справа супраць яго была спыненая.

Праваабарончая арганізацыя «Міжнародная амністыя» прызнала Лябедзьку вязьнем сумленьня.
Па сьняданку вярнулі сшыткі, забраныя пры ўчорашнім аглядзе камэры. Здаецца, усё на месцы. Начальнік СІЗА неяк намякнуў, што нейкія рукапісы перадавалі на волю Севярынец і Фядута. Я ў гэтым ня ўпэўнены. Дый адна справа — вершы пра бярозавы гай, а іншая — дзёньнік з апісаньнем таго, што адбываецца ў казэматах «амэрыканкі». Але, зь іншага боку, калі запісы і дзёньнікі ўжо трэці ці чацьвёрты раз вяртаюць, значыць, рыса недазволенага яшчэ не пераступлена.

Адзначыўся візытам Арлоў. І не адзін, а ў кампаніі таварыша пракурора. Прыход плянавы. У канцы кожнага месяца камэры інспэктуе пракурор у суправаджэньні начальніка «амэрыканкі». На казённай мове гэта гучыць так: для кантролю за выкананьнем заканадаўства ў СІЗА і забесьпячэньня правоў падсьледных. Насамрэч гэта чыстая фармальнасьць. Дзеля птушачкі. Пракурор, кажуць, адзін і той жа. Прыкамандзіраваны да СІЗА.

Я бачу яго ўпершыню. Даўгалыгі дзяцюк. Сярэдняга веку. Сіні кіцель, чорная папка са скуразамяняльніка пад пахай. Увайшоў і адразу кінуў якар. Вачыма сюды-туды. «Скаргі ёсьць?» Голас вялы і абыякавы. Гэта адзінае пытаньне, працэджанае скрозь зубы. Сумна яму тут. На гадзіньнік пазірае. Маўляў, прабачце, сьпяшаюся да спраў больш важных і цікавых. І каб не Арлоў, то размова, хутчэй за ўсё, скончылася б, так і не пачаўшыся. Але начальнік СІЗА, наадварот, быў актыўны і гаваркі. Ён па-гаспадарску прабегся па камэры, запускаючы позірк пад стол, у вочы, пад нары. Адчувалася, што ў палкоўніка ёсьць нешта такое, пра што хочацца сказаць. І сапраўды, пасьля некалькіх дзяжурных фразаў наконт побыту Арлоў скараціў дыстанцыю да адлегласьці выцягнутай рукі.

— Не пашанцавала вам. Не пашанцавала... — Паўза. Мабыць, палкоўнік разважаў над маім нешанцаваньнем. — Дык вось, давядзецца вам застацца тут надоўга. Дзякуйце свайму таварышу. Яго выпусьцілі пад падпіску аб нявыезьдзе, і толькі яго і бачылі. Уцёк з краіны. Як пасьля гэтага кагосьці адпускаць? Усё, цяпер дзьверы зачыненыя!

А сон у руку, мільганула думка.

— Вы ня хочаце даведацца, пра каго ідзе гаворка? — адчувалася, што Арлоў яшчэ ня выгаварыўся.

— Міхалевіч?

Па выразе твару палкоўніка я зразумеў, што трапіў у дзясятку.

— Так, сапраўды Міхалевіч. Той яшчэ тып.

Вось гэта навіна! Вось дык так! Вось яна, разгадка сну. Гэта мяне ашаламіла, напэўна, больш, чым сама навіна, прынесеная палкоўнікам Арловым.

Працэсія на чале з цыбатым пракурорам і каратканогім начальнікам СІЗА рушыла далей. А ў камэры завязалася дыскусія: добра гэта ці дрэнна, што чалавек ламануў за мяжу? Думкі падзяліліся.

Міхалевіч ідзе на допыт у КДБ. Пасьля гэтага допыту ён зьехаў з краіны

Міхалевіч ідзе на допыт у КДБ. Пасьля гэтага допыту ён зьехаў з краіны



— Малайчына, — секануў Сан Саныч. — Пакінуў гэтых казлоў з носам. Уяўляеце, хлопец цяпер гуляе недзе па Парыжы ці Бэрліне.

Так, Елісейскія палі — сур’ёзны аргумэнт ва ўспрыманьні тых, хто закупораны ў «амэрыканцы».

— Ды ён жа здрадзіў сваім таварышам, — запратэставаў Каранеўскі. — Цяпер на вас могуць адыграцца па поўнай праграме.

Дыскусія зрабіла тры абароты вакол восі тэмы і пытальнікам зьвярнулася да мяне. Адвакатам быць я ня мог, а пракурорам не хацелася.

— Хай судзьдзёй будзе час. Міхалевіч падумаў пра сябе, і гэта яго законнае права. Але, напэўна, у яго не было часу, каб падумаць пра іншых. Пра тых, хто застаўся тут. Гэта ягоны выбар, але гэта ня мой выбар!

На гэтым дыскусія практычна вычарпалася. Раманоўскі пад уражаньнем ад нядаўніх гасьцей распавёў пра нейкага Васіля. Адчайдушнага падпалкоўніка МУС, які вядзе зацятую барацьбу з адміністрацыяй СІЗА КДБ. Праўда, сёньня ён у такім жа становішчы, як і мы. Але гэта не перашкаджае Васілю пэрыядычна падымаць лякальныя паўстаньні і бунты. Калі ў ізалятар з інспэкцыяй прыбыў сам намесьнік генпракурора Швед, Васіля на ўсялякі выпадак адправілі ў «ціхі пакой». Выпадкі могуць быць розныя, таму вырашылі не ствараць праблемаў ні сабе, ні высокапастаўленаму чыноўніку Генпракуратуры. Праўдаруб Васіль тут жа расьпісаў тое, што адбылося, у лісьце. Маўляў, адзін клоўн прыйшоў, іншыя клоўны да яго далучыліся і зладзілі цэлае цыркавое прадстаўленьне. Ліст трапіў у рукі Арлову. Выбухнуў скандал. Падпалкоўніка абвінавацілі ў паклёпе і абразах. Васіль разыграў зьдзіўленьне і запатрабаваў прадставіць доказы. Яму прад’явілі ягоны ж ліст. Васіль тут жа парваў паперу і сплавіў усе доказы і сьведчаньні ў каналізацыю. Вайна эмвэдэшніка Васіля і кадэбэшнікаў працягваецца!

Андрэй Швед

Андрэй Швед



Дарэчы, мяне ня сталі пазбаўляць прыемнасьці сустрэчы з намесьнікам генпракурора Шведам. Ён сапраўды нечакана ўзьнік у нашай камэры. З адным-адзіным пытаньнем: ці ёсьць скаргі на ўмовы ўтрыманьня? Я паспрабаваў скарыстаць нагоду і спытаў, чаму Генпракуратура не адрэагавала на мае звароты па факце незаконнага пранікненьня невядомых у маё жыльлё і прымяненьня фізычнага гвалту ў дачыненьні да людзей, віна якіх не даказаная. «Гэта зусім іншая тэма, і калі вы яшчэ не атрымалі адказ па сутнасьці, то атрымаеце. Чакайце! Мэта ж майго візыту — устанавіць, ці ёсьць у вас прэтэнзіі, заўвагі па бытавых пытаньнях». Пасьля такога адказу стала ясна, што намесьнік генэральнага пракурора прыбыў не вырашаць праблемы, а аформіць іх сьпісаньне ў архіў.

У думках яшчэ раз вярнуўся да ўцёкаў Алеся Міхалевіча. Ва ўсім гэтым, здаецца, ёсьць і свой плюс. Трэба думаць, зьяжджаючы зь Беларусі, Міхалевіч пакінуў інфармацыю пра тое, што дзеецца ў «амэрыканцы». Але чаму тады пра гэта на поўны голас не заявілі астатнія, каму зьмянілі меру стрыманьня? Іх запалохалі? Падвесілі перад судом на кручок чаканьня? Хутчэй за ўсё, так і ёсьць. Ну, трэба прызнаць, вясёлы выйшаў дзянёк.


ПАРАЛЕЛЬНЫ СЬВЕТ





27 лютага, нядзеля

Не адразу даўмеліся, што да нас прыйшлі перамены. З «амэрыканкі» зьніклі маскі. Гэтак жа нечакана, як і зьявіліся. Тады не сказалі «добрага дня», цяпер не сказалі «да пабачэньня». Проста сёньня іх не аказалася за адчыненымі дзьвярыма.

Але больш за два месяцы менавіта яны былі галоўнымі дзейнымі асобамі, яны фізычна і эмацыйна запаўнялі прастору СІЗА КДБ. Кожны сантымэтар. Кожную хвіліну. Сваімі хрыплымі галасамі. Сваёй чорнай уніформай і чорна-зялёнымі маскамі. Сваёй агрэсіўнасьцю і злосьцю. Што гэта за людзі? Хутчэй за ўсё, спэцпадразьдзяленьне КДБ «Альфа». Байцы элітнай структуры, створанай для барацьбы з тэрарызмам, самі сталі дзяржаўнымі тэрарыстамі. Вядома, не па сваёй волі, па загадзе. Але што гэта мяняе? Анічога! Гэта толькі паказвае ступень дэградацыі ўсёй дзяржаўнай сыстэмы. Баец спэцназу апусьціўся да плянкі наглядчыка канцлягера. Дакладней, яго апусьцілі. Недзе такія падразьдзяленьні — гонар краіны, у нас, пасьля ўсяго таго, што я ўбачыў на свае вочы, яны ганьба Беларусі. Ім прапанавалі пагуляць у катаў, і яны не адмовіліся.

Байцы элітнай структуры, створанай для барацьбы з тэрарызмам, самі сталі дзяржаўнымі тэрарыстамі. Вядома, не па сваёй волі, па загадзе
Так, вядома, гэта не НКВД з 30-х гадоў. Палохалі электрашокерам, а маглі і на электрычнае крэсла пасадзіць. Ставілі на расьцяжку, а маглі да сьцяны, сцалаванай сьвінцом. Катавалі сьвятлом, холадам, а маглі тым жа, але значна больш жорстка і балюча, да сьлепаты і адмарожаных канечнасьцяў. Білі гумовымі палкамі, а маглі жалезным прыкладам, ды так, каб зубы вышчоўкваліся са сківіц.

І вось цяпер за дзьвярыма цішыня. Вушам прыемна, але нязвыкла. Сёньня ў «амэрыканцы» іншыя гукі. Не такія прарэзьлівыя і гістэрычныя. Кантралёры пачалі размаўляць, а не крычаць, хадзіць, а не грукатаць танкавай калёнай. Некаторыя, як Баптыст і Якут, выглядаюць садзьмутымі шарыкамі.

Галавой разумею, скурай адчуваю, што экватар чорнай паласы ўжо недзе за плячыма. Значыць, я змог! Значыць, вытрымаў, выстаяў!

Не магу сказаць, што прыйшоў час белага колеру. Хутчэй, перамяшчаюся ў шэрую зону. Ведаю, што ўсё можа здарыцца, паўтарыцца, але ўжо, здаецца, ня тут, ня ў гэтых сьценах.

Мы ішлі рукі за сьпіну, галаву ўніз. Але мы ішлі, нас ня гналі, як атару авечак. Я чуў, як соп Раманоўскі, як шоргаў ботамі Каранеўскі. Раней я гэтага ня чуў, бо гэта было немагчыма. Цяпер цешуся тым, што вярнулася.

Дворыкі для шпацыраў без дэкарацыяў. Над імі больш не зьвісаюць чорна-зялёныя маскі. Карнавал, які доўжыўся больш за два месяцы, скончыўся. Над галавой толькі шэрае неба!


ПАРАЛЕЛЬНЫ СЬВЕТ





28 лютага, панядзелак

Сёньня апошні дзень зімы. Гэты факт і на волі варты ўвагі і абмеркаваньня. Ну, а тут... А тут гэта падзея! Прыемная ва ўсіх дачыненьнях. На смак, на пах, на колер, навобмацак. І галоўнае, на чаканьне. У зімы сьвежы прысмак лёгкага шаленства. Ёсьць адчуваньне, што апошнія два месяцы па няцотных днях жыў у вар’яцкім доме, а па цотных — у рэканструяваным канцлягеры.

З гэтай зімой ня толькі тэмпэратура, але і ўсё астатняе са знакам мінус. Так што пра першы дзень вясны гаворым як пра нешта абавязкова прыемнае і пазытыўнае. Гэта ўнутраная саманастройка арганізму.

Настрой трансфармуецца ў радкі ліста на «Вялікую зямлю». «Час не стрымаць. Ён то бяжыць, то цярушыць, ледзьве перабіраючы нагамі. І мы разам зь ім крочым у будучыню. З чыстым сумленьнем, годна і прыстойна».

Я ў тых жа геаграфічных каардынатах, рухаюся па тых жа фіксаваных маршрутах. Як пранумараваны трамвай. Камэра — мэдычны кабінэт — камэра. Камэра — дворык для шпацыраў — камэра.

Некалькі дзён жыцьцё бязь лекаў. Толькі вітаміны! Здабываю сапраўдную асалоду зь фізычнай нагрузкі. Раніца пачынаецца з інтэнсіўнай зарадкі. Заправіў пасьцель і пайшоў падымаць ногі. За пару падыходаў — тысяча, а то і больш разоў. Потым зарадка на вуліцы. Пасьля яе, у залежнасьці ад самаадчуваньня, дадаю яшчэ ў камэры.

Перагарнуў апошнюю старонку гістарычнага апавяданьня Пікуля. Зьмена жанру — разгортваю Чэйза.

Сёньня паўдня правёў у пошуках рыфмы. Выйшла, мабыць, ня вельмі паэтычна, але напісана сэрцам. Гэта падарунак маёй Сьвеце на 8 сакавіка. Хачу заўтра адправіць, каб да сьвята ліст дайшоў.

Что подарить любимой?
Звезду, весну, рассвет?
Чтоб в перспективе обозримой
Был мил весь белый свет.

Как донести весну,
Не расплескав в ладонях,
Настроив звуки на волну
Любви, стоящей на коленях?

Как не проспать рассвет
В объятьях сновидений,
Собрав в один букет
Все запахи растений?

Как изловить звезду
И не обжечь при этом руки?
И, загадав мечту,
Реализовать по правилам науки?

Я подарю тебе любовь
Сильней весны и ярче звездопада.
Она кружит и будоражит кровь.
Скажи мне, милая, ты рада?


Гэтую частку ліста пісаў ледзьве не друкаванымі літарамі.

* * *

Хацеў скарыстацца мясцовай пральняй, таму што бруднага, прапахлага потам і камэрай адзеньня, бялізны набралася ўжо два пакеты. Два чорныя пакеты. Усё гэта складзіруецца пад ніжнія нары і вонкава нагадвае звалку з бауламі ад сьмецьця і рэчаў, адпраўленых ва ўтыль.

Дзякуй вытворцам, немцам і італьянцам, за якаснае адзеньне і абутак для беларускіх палітвязьняў
Але сёньня паведамілі, што рэчы мыць ня возьмуць. Альбо пад кранам мый, альбо дадому перадавай. Але хутка адпрацаваць лягістыку перадачы нельга. Тут усё залежыць ад хуткасьці кругазвароту лістоў, а ён слаба прагназавальны. Перабіраю і сартую гардэроб. Сёе-тое давядзецца пусьціць у паўторны ўжытак. Тут усе рэчы ў эксплюатацыі, але некаторым я гатовы сьпяваць гімн. Яны як палачка-выручалачка. Да прыкладу, байка і боты. Чорную мяккую, на ўсякае надвор’е і кругласутачную байку я здымаю, толькі калі займаюся гімнастыкай у камэры альбо мыюся. Акрамя ўсяго іншага, зручны капюшон выконвае функцыю ізаляцыі ад лішніх шумаў і гукаў у начны час. Ну, а ў мяккіх зімовых ботах хіба толькі ня сплю. Так што дзякуй вытворцам, немцам і італьянцам, за якаснае адзеньне і абутак для беларускіх палітвязьняў.

* * *

Вырашылі ўзмацніць барацьбу са сьмецьцем і іншымі рэчамі, якія спадарожнічаюць чалавечай дзейнасьці. Папрасіў у хатніх мяхі для сьмецьця. Тыя адразу ж прыслалі. Але перадачу не прынялі. Сапраўды, навошта падсьледным элемэнтарныя выгоды! Мы ж для іх недачалавекі. Так што па-ранейшаму засьцілаем бачок для сьмецьця газэтнымі шкуматамі.

Але і тут узьніклі цяжкасьці. Падчас апошняга шмону вынесьлі ўсе часопісы і залежы старых газэт. Маўляў, захламляюць камэру. А падпіска ў нашу камэру не паступае. Так што мы дайшлі да таго, што з агульнага карыта, куды звальваюць адкіды з усіх камэр, выбралі некалькі больш-менш чыстых газэтных старонак. Вось ужо ня думаў, што давядзецца, як бамжу, на сьметніку жабраваць.



ПАРАЛЕЛЬНЫ СЬВЕТ





Папярэднія разьдзелы

Ноч разарваў доўгі званок...

Начны штурм і «Hilton-амэрыканка»

Грахоў на дзесяцёх, праблемы з вадой і каналізацыяй

Маскарад, першы раз у душы

І ў прыбіральні няма спакою, камэра асаблівага рэжыму, хованкі з пракурорам

«Народная воля» ў камэры, адпускаюць дадому, бег ланцугом

Правакацыя зь «біятуалетам», прынцып «або ўсё, або ніхто», аголены на расьцяжцы

Успаміны пра 2006-ты, псыхоляг-патолягаанатам, нікатынавы Чарнобыль

Крыкі з «пакоя катаваньняў», як выкрадалі Аліневіча, турэмны фітнэс

Абмянялі на Фядуту, характарыстыкі Статкевіча, новыя суседзі

«Сакрэты» Радзінай і Бандарэнкі, шчасьце мець кіпень, выхаваньне холадам, без Аляксандра

Зьяўленьне Арастовіча, аналітык камітэту, засьмярдзела шантажом

Дуліна пратэсту, эпідэмія Адамовіча, катаваньні Баптыста, непапраўны і таму беспэрспэктыўны

Чырвоная паласа, біяграфія пабоеў, фільм пра фонд Маршала

Цырульня за кратамі, парады парадзіхам, Правадыр Лябедзька

Пра Чаргінца, казіно ў «амэрыканцы», «Саўбелія» шырокага ўжытку, канцлягер і прытон пад адным дахам

Партрэты турэмнікаў, Бальзак замест кавы, «Анатоль, танцуй!», Яроменак у камэры

Салідарнасьць Яроменка, пра Сьнегіра, у войска па блату

Маёр Вазьняк, жудасныя маразы, Арастовіч сышоў, чарговы «алігарх»

Акліматызацыя Каранеўскага, сьмех з камэры катаваньня, яшчэ 5 месяцаў за кратамі, «Не коверкайте белорусский язык!»

Сон пра Міхалевіча, лісты вяртаюцца, лекцыя «Лукашызм на экспарт»

Віншаваньні бацьку, ці не надакучыла змагацца, голуб Лёлік
XS
SM
MD
LG