Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Спосаб выжываньня: зь лесу — грыбы, з калгаснага поля — бульба»


Валянцін Жданко

Валянцін Жданко

Эфір 21 жніўня 2013 году

Тэма, якая нязьменна гучыць у той частцы пошты Свабоды, якую мы атрымліваем ад людзей сталага веку — памеры пэнсіяў і спосабы выжываньня ва ўмовах, калі гэтых пэнсіяў катастрафічна не хапае на самае неабходнае.

Пачну сёньняшнюю размову з аднаго такога допісу. Наш даўні сябар Павал Сац зь вёскі Асавая Маларыцкага раёну, паведамляючы пра сваё пэнсійнае жыцьцё, піша:

«І я, і многія іншыя людзі майго веку вельмі спадзяваліся на апошняе абяцанае Лукашэнкам падвышэньне пэнсіі. Ну вось і дачакаліся. Нібыта і паднялі: каму на 11, каму на 10, каму на 8 працэнтаў...Але вось схадзіў у краму — і таго падвышэньня нібыта і не было. Адной рукой дабавілі, а другой адабралі ўдвая больш — праз цэны... І навошта такое падвышэньне? Няхай бы не чапалі ні цэны, ні пэнсіі...

Пэнсіянэраў нашага сяла выручае так званая „патапава брыгада“. Зьбіраюцца ды ідуць у лес — па грыбы, па ягады. А бывае, выпраўляюцца і ў іншыя мясьціны — па бульбу, па сталовыя буракі. Дзе бяруць? Ну зразумела дзе: на калгасным полі. Асабіста я маю ўсё на ўласным агародзе, дык мне ў цяперашніх умовах выжываць лягчэй, — піша ў сваім лісьце на Свабоду Павал Сац з Маларыцкага раёну. — ...Цяпер шмат гавораць пра афрыканскую чуму сьвіней. Рознае пра гэта даводзілася чуць. Некаторыя лічаць, што завезьлі яе нам адмыслова з Расеі — каб падарваць нашу жывёлагадоўлю, каб мы сталі больш згаворлівымі і цалкам аддалі расейцам усю эканоміку... Цяжка сказаць, дзе тут праўда. У нас на поўдні пакуль з гэтым спакойна. А вось пад Баранавічамі, як распавядаў мне знаёмы, у людзей сапраўдная бяда. Забралі сьвіней ва ўсіх, паабяцаўшы заплаціць па 12 тысяч за кіляграм. Гэта проста зьдзек нейкі. І грошай цалкам пакуль не вярнулі. Свайго цяпер няма, а за што купіць у краме? Вось і жыві бязь мяса...

Яшчэ адна тэма, якую часта закранаюць у вас на Свабодзе, — пра тое, чаму на вёсцы не прыжываюцца маладыя спэцыялісты. Скажу пра дактароў. Зарплата, як мне даводзілася чуць, многіх задавальняе. Больш сур’ёзная іншая праблема: няма дзе жыць. Так што адпрацуюць два гады — і ў горад... Адзін знаёмы ўрач мне казаў, што ён і ня супраць быў бы асесьці, завесьці сваю гаспадарку, гарод. Але ж няма ўмоў: кватэру ці дом не даюць...»
.

Магчыма, спадар Павал, кагосьці такія заробкі і задавальняюць... Але з многіх іншых мясьцін Беларусі мы атрымліваем супрацьлеглыя паведамленьні: пабудаванае адмыслова для маладых спэцыялістаў у аграгарадках жыльлё гадамі стаіць незаселенае. Ня хочуць маладыя заставацца ў калгасах, хоць так званыя «прэзыдэнцкія» домікі ім прапануюць фактычна адразу пасьля прыезду. І не задавальняюць найперш заробкі. Хоць ёсьць і іншыя прычыны. Напрыклад, якасьць новабудоўляў часта не вытрымлівае ніякай крытыкі. Будаўнікам загадана было эканоміць на чым толькі можна, і навасёлы гэта адразу адчуваюць. Новае жытло часта сырое, халоднае, няўтульнае. А на сядзібе няма ніякіх пабудоў, апроч цеснага хлеўчука, у якім немагчыма трымаць скаціну.

Аўтар наступнага ліста Алесь Марціновіч з Баранавічаў спрабуе зазірнуць у недалёкую будучыню Беларусі, у 2015 год, калі маюць адбыцца чарговыя прэзыдэнцкія выбары, на якіх галоўным кандыдатам зноў, як і на працягу мінулых дваццаці гадоў, будзе Аляксандар Лукашэнка (У тым, што будзе менавіта так, у сёньняшняй Беларусі мала хто сумняецца). Разважаючы пра старыя і новыя пакаленьні беларускага электарату, спадар Марціновіч піша:

«Пакрысе адыходзяць з гэтага жыцьця пакаленьні апантаных прыхільнікаў Лукашэнкі, якія прывялі яго да ўлады ў 1994-м. Такім жа шляхам скарачаецца колькасьць зачараваных некалі Зянонам Пазьняком і БНФ узору пачатку 90-х... Хто ж прыходзіць замест іх? Новае, так бы мовіць, „канкрэтнае“ пакаленьне, для якога норма — расейскамоўнасьць, як, зрэшты, і вялікая цяга да ангельскай мовы (мовы інтэрнэту, новых тэхналёгіяў, масавай культуры і г.д.). Адметна, аднак, што гэтае пакаленьне — самае празаходняе, самае антылукашэнкаўскае, самае прагрэсіўнае ў сёньняшняй Беларусі. Гэтае пакаленьне колькасна ўвесь час павялічваецца, і менавіта зь ім трэба працаваць тым, хто разьлічвае на посьпех падчас выбараў 2015 году. Палітыкам трэба знайсьці форму беларускага празаходняга патрыятызму менавіта ў мэнтальным дыскурсе гэтага самага новага „канкрэтнага“ пакаленьня, — піша ў сваім лісьце на Свабоду Алесь Марціновіч з Баранавічаў. — Гэта павінна быць новая беларуская культура на расейскім лінгваносьбіце. Заклікаць трэба ў Эўразьвяз ня дзеля беларускага маўленьня, а дзеля канкрэтнага заходняга жыцьця ў адпаведнасьці з законамі Эўразьвязу. Трэба завабіць, захапіць гэтае пакаленьне паходам у Эўразьвяз. Ну, а відавочная галоўная перашкода для такога паходу — гэта Лукашэнка.

Ёсьць і яшчэ адзін (запасны) варыянт: знайсьці ў Менску свайго Навальнага і супольна з масквічамі змагацца супраць зьвязкі Пуцін-Лукашэнка. Дзьве краіны, але цывілізацыйна агульны народ, які імкнецца жыць па-заходняму.

Абодва гэтыя варыянты па сутнасьці канкрэтныя — адрозна ад фантасмагарычных і далёкіх ад гэтых слаёў насельніцтва вечных рэінкарнацыяў і зайграных пласьцінак БНФ узору 90-х гадоў.

Увогуле, у народзе ёсьць такое перакананьне: калі апазыцыйны кандыдат размаўляе па-беларуску — то ён ня мае намеру сур’ёзна змагацца за ўладу, а проста адпрацоўвае заходнія гранты»
.

І падчас апошняй прэзыдэнцкай кампаніі, і раней многія апазыцыйныя кандыдаты ўжо не рабілі акцэнту на моўным пытаньні: не заклікалі да неадкладнай беларусізацыі, не называлі ў якасьці першараднай задачы нацыянальнае адраджэньне. І з выбарцамі размаўлялі часьцей па-расейску, чым па-беларуску. Згадайце, як вялі свае кампаніі Аляксандар Казулін, Андрэй Саньнікаў, Аляксандар Мілінкевіч... Так, застаюцца і тыя палітычныя сілы, якія ў моўна-культурным пытаньні пасьлядоўныя і прынцыповыя, якія можна лічыць спадкаемцамі колішняга Народнага фронту. Але, заўважце, ня іхныя вылучэнцы лічацца галоўнымі супернікамі Лукашэнкі на прэзыдэнцкіх выбарах і ня супраць іх накіраваныя найбольш жорсткія рэпрэсіі ўладаў, што кожны раз здараюцца пасьля чарговай выбарчай кампаніі...

Аляксей Былінскі з Рэчыцы адразу ў некалькіх лістах даслаў нам сваю перапіску з Камітэтам дзяржаўнай бясьпекі ды іншымі дзяржаўнымі органамі ў справе пошукаў злачынцаў, вінаватых у выкраданьні вядомых апазыцыйных палітыкаў — Юрыя Захаранкі і Віктара Ганчара, а таксама прадпрымальніка Анатоля Красоўскага і журналіста Зьмітра Завадзкага. Зьвяртаючыся да кіраўніка КДБ, спадар Аляксей, у прыватнасьці, пісаў:

«Як вядома, міжнародны злачынца Бен Ладэн урэшце быў знойдзены і зьнішчаны. Настала чарга і беларускага Бен Ладэна, які выкраў Захаранку, Красоўскага, Ганчара і Завадзкага.

...Калі выявіце, хто ўгаварыў прэзыдэнта Лукашэнку не перадаваць пошук зьніклых у Інтэрпол і не ўсталёўваць ганарар за садзеяньне ў раскрыцьці гэтага злачынства — тады выйдзеце непасрэдна на яго арганізатара».


У сваім лісьце спадар Былінскі выказвае вэрсію, што зьнікненьне апазыцыянэраў можа быць зьвязана з даўняй гісторыяй канца 90-х гадоў, калі група афэрыстаў ад імя незалежнага прафсаюзу навукі і вытворчасьці «Белая Русь» прысвойвала буйныя сумы прафсаюзных грошай, у тым ліку каля 5 мільёнаў даляраў спонсарскіх сродкаў, адрасаваных на статутную дзейнасьць. Адметнасьць гісторыі ў тым, што сам жа спадар Былінскі гэты прафсаюз узначальваў і сам тады зьвяртаўся па дапамогу ў праваахоўныя органы, а таксама да апазыцыйных палітыкаў, у тым ліку да Гайдукевіча, Калякіна, Лябедзькі, Бухвостава, Захаранкі і Ганчара, а таксама да журналіста Завадзкага...

Зьвяртаючыся на Радыё Свабода, Аляксей Былінскі піша:

«Існуе няпісанае правіла: канкуруючых палітыкаў — забіваюць, а выкрадаюць — так званых „языкоў“, для атрыманьня інфармацыі. І, як правіла, інфармацыя гэтая — эканамічнага характару. На маю думку, палітычная ці чачэнская падаплёка выкраданьня палітыкаў і тэлежурналіста — распрацавана злачынцамі і пушчана ў ход, каб схаваць сапраўдныя прычыны злачынства. А той, хто яе актыўна папулярызуе — робіць гэта па заданьні той часткі ўлады, што мае да справы непасрэдныя адносіны. Краснабайства ж пад маркай дэмакратыі — гэта звычайная мэтодыка для зацягваньня працэсу грамадзкага расьсьледаваньня гэтай справы.Таму рэкамэндую адначасова разабрацца — хто зь беларускіх дэмакратаў сапраўды прыхільнік пераменаў, а хто толькі маскуецца, фактычна зьяўляючыся траянскім канём».

Адказы, якія спадар Былінскі атрымаў з КДБ на сваю эканамічна-прафсаюзную вэрсію зьнікненьня апазыцыянэраў, зводзяцца да кароткага паведамленьня: праверка спэцслужбамі праведзена, у зьмесьце прадстаўленых матэрыялаў інфармацыі ў адносінах да акалічнасьцяў зьнікненьня і канкрэтных асобаў, якія могуць быць датычнымі да зьнікненьня — ня выяўлена. Таму праверка спынена.

...І гэта, спадар Аляксей, той выпадак, калі з ацэнкамі выкладзенай вамі вэрсіі з боку сьледчых хочацца пагадзіцца. Не выглядае яна праўдападобнай. У першыя месяцы пасьля зьнікненьня афіцыйныя палітыкі і мэдыі актыўна распаўсюджвалі падобныя гіпотэзы: і пра тое, што палітыкі нібыта былі датычныя да нейкіх бізнэс-праектаў, і што яны ведалі нейкую сакрэтную эканамічную інфармацыю, і нават што яны жывыя-здаровыя і хаваюцца недзе за мяжой... Сёньня пра гэта ўжо фактычна ніхто не гаворыць. Тая інфармацыя, якая стала вядомай за мінулыя гады, дазваляе даволі пэўна меркаваць і пра сапраўдныя прычыны выкраданьняў і забойстваў, і пра тое, як і дзеля чаго гэта было зроблена.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду. З вамі быў Валянцін Жданко. Пішыце нам, адрас ранейшы: Менск-5, паштовая скрынка 111.

Праграма «Паштовая скрынка 111» выходзіць у эфір кожную сераду.

Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by
XS
SM
MD
LG