Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Бяроза: звольнілі вэтэрынара, які адмовіўся забіваць сьвіней


З вэтэрынарам Аляксандрам Багданчыкам не працягнулі працоўны кантракт пасьля таго, як ён адмовіўся забіваць сьвіней у межах прафіляктыкі афрыканскай чумы.

«Мне не працягнулі кантракт проста. Я не хацеў забіваць сьвіней, а тут кантракт падышоў... Ды бог зь імі, ня трэба тут падымаць пытаньне гэтае, хай будзе як ёсьць, я працу сабе знайду», — кажа ўжо беспрацоўны Аляксандар Багданчык.

Па словах вэтэрынара, яго абурыла тое, што ўколы, якімі ўсыплялі сьвіней, іх не забівалі. У шмат якіх выпадках жывёлу дабівалі кувалдай.

«Казалі, што сьвіньні доўга мучыліся, іх дабівалі кувалдай...», — кажа лекар і дадае, што ўколаў, якія б адразу забівалі сьвіней, відаць, не было пад рукой.

Былы працаўнік вэтэрынарнай станцыі кажа, што забой сьвіней на Бярозаўшчыне неапраўданы:

«На маю асабістую думку, гэта неразумна, але супраць улады не папрэш...»

Афіцыйна на Берасьцейшчыне яшчэ не было зарэгістраваных выпадкаў захворваньня сьвіней на афрыканскую чуму. Але ў шмат якіх раёнах праводзяцца прафіляктычныя мерапрыемствы. Прыкладам, у Бярозаўскім раёне выйшла пастанова райвыканкаму аб забоі сьвіней на прыватных падворках у вёсках, разьмешчаных побач са сьвінафэрмамі. Агулам гэта больш за 15 вёсак.

Вяскоўцы пратэставалі, ладзілі стыхійныя мітынгі, але плёну гэта не прынесла. Улады змушаюць сялян біць сваю жывёлу, абы не захварэлі сьвіньні на фэрмах.
XS
SM
MD
LG