Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Костка: Шпіёны ня пішуць лісты ў ЦРУ


Валер Костка
Валер Костка

Валер Костка, былы падпалкоўнік КДБ, камэнтуе апублікаваны ў газэце СБ ліст Андрэя Гайдукова ў ЦРУ.

«Шпіёны ня пішуць лісты аб прыёме ў выведку ў якасьці агента. Гэта трызьненьне! Сёньня дастаткова магчымасьцяў, каб зьвязацца без усялякіх паперак і такога кампрамата. Тут ёсьць і прадстаўнікі амэрыканскіх амбасадаў, інтэрнэт і ўсё іншае. Я асабіста ня веру ў тое, што ён вёз ліст праз мяжу. Але калі раптам і так, то тыя, каму гэты ліст накіраваны, павінныя адразу яго накіраваць у псыхбальніцу і яго праверыць. Гэта па-за лёгікай.

Чаго дабіваюца тыя, хто робіць гэтыя публікацыі, мне таксама невядома. Ніяк электрык ці апэратар Нафтана не падыходзіць у шпіёны. Ні сам Гайдукоў, ні інфармацыя, якой ён валодаў, не павінныя былі б нікога зацікавіць. Такога „гайдукова“ яшчэ вучыць трэба гадоў 5, каб ён стаў добрым шпіёнам».

Праваабаронца Алена Танкачова сьцвярджае, што неабходна праверыць законнасьць публікацыі такой інфармацыі ў СМІ, а ў праваабаронцаў ёсьць абгрунтаваныя сумненьні ў тым, што перадача інфармацыя адбывала ў адпаведнасьці з заканадаўствам:

Алена Танкачова: «У якім парадку — законным ці не — ажыцьцяўляецца перадача дадзеных дакумантаў СМІ. Уся гэтая інфармацыя адносіцца да той, якая ахоўваецца законам. Перадача можа ажыцьцяўляцца ў скрайне рэдкіх выпадках, як правіла, у мэтах перадухіленьня злачынства. Мусіць быць згода пракурора, пісьмова аформленая, на апублічваньне гэтай інфармацыі. Гэта дадзеныя, абароненыя законам пра дзяржаўную тайну».

Праваабаронца Алена Танкачова нагадвае, што ў СБ таксама публікавала пратаколы допытаў затрыманых па справе падзеяў 19 сьнежня 2010 году. Гэтая ж інфармацыя была даступная і дзяржаўным тэлеканалам.

У лісьце Гайдукоў нібыта прадстаўляецца сябрам незарэгістраванай моладзевай арганізацыі «Саюз маладых інтэлектуалаў», якая існуе з 2006 года. Ён распавядае пра яе мэты, піша, што яго арганізацыя плянуе «інфармацыйныя палітычныя акцыі», якія мусяць у выніку прывесьці да зьвяржэньня дыктатуры, просіць кансультацый і фінансавай дапамогі. Гайдукоў таксама нібыта прапануе варыянты пароляў і кодавых фраз для сувязі з супрацоўнікамі спэцслужбаў.
Арыгінал ліста, які фігуруе ў крымінальнай справе, што разглядалася за закрытымі дзьвярыма, «СБ» не друкуе.

Касацыйная скарга Андрэя Гайдукова на прысуд будзе разглядацца ў Вярхоўным судзе 27 жніўня.

1 ліпеня 2013 году Гайдукоў быў асуджаны Віцебскім абласным судом паводле ч. 1 арт. 14 і арт. 356-1 Крымінальнага кодэксу Беларусі (спроба ўсталяваньня супрацоўніцтва са спэцыяльнай службай, органам бясьпекі або выведным органам замежнай дзяржавы) на 1,5 года пазбаўленьня волі. Справа разглядалася ў закрытым судовым пасяджэньні.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG