Лінкі ўнівэрсальнага доступу

10 самых радыеактыўных месцаў у сьвеце


Атамная электрастанцыя Фукусіма-1

Атамная электрастанцыя Фукусіма-1

Партал Brainz прыводзіць сьпіс самых радыеактыўных месцаў ў сьвеце.

1. Ханфорд, штат Вашынгтон — завод па вытворчасьці плютонію і ўсіх відаў ядзернай зброі, якія мела на ўзбраеньні армія ЗША за ўсю сваю гісторыю. На дадзены момант там знаходзіцца каля 53 мільёнаў галёнаў вадкіх адходаў, 25 мільёнаў кубічных футаў цьвёрдых адкідаў і 200 квадратных кілямэтраў забруджаных падземных вод.

2. Міжземнае мора — з 1994 году злачынны італьянскі сындыкат ўзяўся за ўтылізацыю таксычных і ядзерных адкідаў шляхам скіданьня іх у мора. Італьянская няўрадавая арганізацыя Legambiente падазрае, што каля 40 караблёў з такім небясьпечным грузам проста зьніклі ў моры.

3. Бераг Самалі — тамтэйшыя арганізаваныя злачынныя групоўкі хавалі ядзерныя і таксычныя адкіды і на гэтым беразе. Паводле дадзеных ўраду Самалі, на іх тэрыторыі былі захаваныя ў грунт прынамсі 600 барэляў таксычных і ядзерных адкідаў. У ААН мяркуюць, што ёмкасьці з адкідамі, якія выкінула на самалійскую берагавую лінію падчас цунамі 2004 году, былі скінутыя ў мора яшчэ ў 1990-х гадах.

4. Прамысловы комплекс «Маяк», Расея — там знаходзіўся ядзерны завод, на якім ў 1957 годзе адбылася адна з самых сур’ёзных ядзерных катастрофаў у гісторыі. Вынікам выбуху стаў выкід 100 тон радыеактыўных рэчываў. Аб гэтай катастрофе маўчалі да 80-х гадоў. Адкіды проста зьлівалі ў возера Карачан. За гадзіну знаходжаньня нават каля возера чалавек атрымлівае сьмяротную дозу радыяцыі.

5. Сэлафілд, Вялікабрытанія — завод па вытворчасьці плютонію для ядзерных боегаловак, які зараз стаў выконваць і камэрцыйныя замовы. З пачатку працы на заводзе адбылося больш за 100 дробных і буйных аварый. У выніку чаго дзьве траціны будынкаў атрымалі клясыфікацыю — ядзерныя адкіды. Сам жа завод выпускае да 8 мільёнаў літраў ядзерных адкідаў у дзень і зьлівае іх у Ірляндзкае мора.

6. Сыбірскі хімічны камбінат, Расея — хімічны аб’ект, на якім захоўваюцца назапашаныя за 40 гадоў ядзерныя адкіды. Вадкія адкіды захоўваюцца ў адкрытых басэйнах, а кантэйнэры зьмяшчаюць больш за 125 тысяч цьвёрдых адкідаў. З падземных рэзэрвуараў адкіды ўвесь час трапляюць у грунтовыя воды.

7. Сяміпалацінск, Казахстан — палігон для выпрабаваньняў ядзернай зброі часоў СССР. Рэкардсмэн па колькасьці выбухаў ядзерных бомбаў — з 1949 па 1989 год там было праведзена 456 выпрабаваньняў. На гэтай тэрыторыі пражывалі і пражываюць 700 тысяч чалавек.

8. Майлуу-Суу, Кіргізстан — на заводзе каля гэтага паселішча здабывалі і перапрацоўвалі ўран. На дадзены момант там засталося каля 2 мільёнаў кубамэтраў ядзерных адкідаў. Акрамя гэтага ў гэтым раёне назіраецца інтэнсіўная сэйсьмічная актыўнасьць.

9. Чарнобыль, Украіна — у выніку катастрофы на АЭС адбыўся выкід эквівалентны па інтэнсіўнасьці забруджваньня 100 ядзерным бомбам тыпу той, якая была скінутая на Хірасіму. Больш за астатнія краіны ад забруджваньня пацярпела Беларусь.

10. Атамная станцыя «Фукусіма», Японія — там адбыўся магутны землятрус, а потым цунамі, якія правялі да аварыі на АЭС. Тры з шасьці ядзерных рэактараў расплавіліся.
XS
SM
MD
LG