Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Заходняя дапамога Эгіпту пад пытаньнем


Асабістае пасьведчаньне лідэра ісламістаў Мухамэда Бадзі.

Асабістае пасьведчаньне лідэра ісламістаў Мухамэда Бадзі.

У Эгіпце рух «Браты-мусульмане» асудзіў арышт яго лідэра Мухамэда Бадзі па абвінавачваньні ў падбухторваньні да гвалту і забойства дэманстрантаў.

Як заявіў прадстаўнік руху, які падтрымлівае адхіленага ад улады прэзыдэнта Эгіпту Мухамэда Мурсі, арышт Бадзі зьяўляецца часткай змовы супраць рэвалюцыі 2011 году, якая прывяла да скідваньня прэзыдэнта Хосьні Мубарака, што кіраваў краінай на працягу 30 гадоў.

70-гадовы Бадзі быў арыштаваны ў аўторак раніцай у Каіры. Пазьней было прынятае рашэньне пра ўтрыманьне яго пад вартай на працягу 15 сутак. Новым часовым кіраўніком руху прызначаны намесьнік Мухамеда Бадзі — Махмуд Эзат.

«Браты-мусульмане» заклікаюць сваіх прыхільнікаў працягнуць акцыі пратэсту з патрабаваньнем вяртаньня Мурсі прэзыдэнцкіх паўнамоцтваў.

Сёньня ў Бруселі адбудзецца пазачарговае пасяджэньне Рады міністраў замежных спраў краін — чальцоў Эўразьвязу, прысьвечанае сытуацыі ў Эгіпце. Чакаецца, што ўдзельнікі пасяджэньня паспрабуюць выпрацаваць адзіную пазыцыю адносна падзей у Эгіпце і вырашыць пытаньне аб працягу альбо спыненьні ці скарачэньні эканамічнай дапамогі гэтай краіне.

У апошнія дні шэраг краін ЭЗ выказаўся за скарачэньне фінансавай дапамогі Каіру. Аднак, іншыя чальцы ЭЗ выступаюць супраць гэтага, лічачы, што ад згортваньня дапамогі пацерпіць, у першую чаргу, насельніцтва Эгіпту. У мінулым годзе Эўразьвяз паабяцаў даць Эгіпту эканамічную дапамогу на агульную суму 6,7 мільярда даляраў.

У ЗША адбываецца абмеркаваньне пытаньня аб скарачэньні дапамогі Эгіпту, якая раней складала 1.3 мільярды даляраў у год і ішла пераважна на вайсковыя праграмы Эгіпту. Злучаныя Штаты рэзка асудзілі заявы прэм’ер-міністра Турэччыны Рэджэпа Эрдагана, які абвінаваціў Ізраіль у арганізацыі адхіленьня ад улады дэмакратычна абранага прэзыдэнта Эгіпту Мухамеда Мурсі. Паводле словаў прадстаўніка Белага дому Джоша Эрнста, заява Эрдагана зьяўляецца няслушнай, нічым не абгрунтаванай і абразьлівай. Эрдаган выступіў з гэтай заявай у аўторак на сустрэчы з прыхільнікамі сваёй Партыі справядлівасьці і разьвіцьця. Ён заявіў, што менавіта Ізраіль стаіць за дзеяньнямі эгіпэцкіх вайскоўцаў, якія зрынулі Мурсі 3 ліпеня сёлета.

Сёньня суд у Эгіпце разглядае магчымасьць вызваленьня з турмы экс-прэзыдэнта Хосні Мубарака. Суд ужо раней прыняў рашэньне аб умоўна-датэрміновым вызваленьні Мубарака паводле трох абвінавачаньняў, яго абарона дамагаецца вызваленьня і паводле чацьвёртага, апошняга абвінавачаньня. Справа ідзе пра незаконнае атрыманьне падарункаў. Пра ўмоўна-датэрміновае вызваленьне паводле абвінавачаньня ў карупцыі і забойстве дэманстрантаў рашэньне было прынятае раней.
XS
SM
MD
LG