Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня ў сталіцы Беларусі ўпершыню ў гісторыі адкрываецца Міжнародны зьезд славістаў.

Форум будзе працягвацца да 27 жніўня. У ім прымуць удзел больш за 600 навукоўцаў з Аўстрыі, Аўстраліі, Бэльгіі, Беларусі, Баўгарыі, Ізраіля, Італіі, Іспаніі, Канады, Літвы, Нямеччыны, Расеі, Францыі, Швайцарыі, Украіны, Японіі і іншых дзяржаў — усяго 35 краін.

Афіцыйнае адкрыцьцё зьезду адбудзецца 21 жніўня ў канцэртнай зале «Менск». Асноўная навуковая праграма пройдзе ў Менскім дзяржаўным лінгвістычным унівэрсытэце з 22 па 26 жніўня. Яна ўключае ў сябе пленарныя і сэкцыйныя паседжаньні, круглыя сталы, паседжаньні спэцыяльных камісій, акрэдытаваных пры Міжнародным камітэце славістаў.

22 жніўня адкрыецца выстава славістычнай літаратуры, выдадзенай за апошнія пяць гадоў у розных краінах.

Міжнародныя зьезды славістаў — буйныя навуковыя форумы, прысьвечаныя праблемам разьвіцьця славянскіх моў, літаратур, культур, фальклёру ў іх узаемадзеяньні. Форум праводзіцца з 1929 года кожныя пяць гадоў у славянскіх краінах.

«Гэты зьезд — найбуйнейшы з сучасных навуковых форумаў, на якіх разглядаюцца праблемы разьвіцьця славянскіх моў, літаратур, культур, фальклёру», — паведаміў напярэдадні ягонага адкрыцьця старшыня Міжнароднага і Беларускага камітэтаў славістаў, член-карэспандэнт Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Аляксандар Лукашанец.

«На нашым зьезьдзе значная ўвага будзе ўдзеленая праблеме сучаснага разьвіцьця славянскіх моў. Фэномэнам славянскай моўнай прасторы сёньня зьяўляецца тое, што яна імкліва пашыраецца. Толькі ў апошнія 20 гадоў на мапе сьвету паявіліся новыя славянскія краіны. Акрамя таго, зьявіліся і замацаваліся новыя славянскія літаратурныя мовы»,— зазначыў Аляксандар Лукашанец у інтэрвію тэлеканалу СТВ.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG