Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Далёкі Ўсход Расеі затапіла


У Хабараўску вада ў Амуры за суткі паднялася яшчэ на 15 сантымэтраў і цяпер знаходзіцца на адзнацы ў 688 сантымэтраў, паведамляе МНС Расеі.

Мэтэаролягі прагназуюць далейшы ўздым вады, бо у бліжэйшыя дні ў Прыамур’е працягнуцца дажджы. Ратавальнікі МНС, вайскоўцы і мясцовыя жыхары ў тэрміновым парадку нарошчваюць дамбы да васьмімэтровага ўзроўню.

Нягледзячы на заклікі уладаў эвакуявацца, многія, баючыся марадзёраў, адмаўляюцца пакідаць свае дамы. У рэгіёне ўжо крадуць дрот з затопленых ліній электраперадачы.

Масавая эвакуацыя жыхароў расейскага Хабараўска, дзе жыве амаль 600 тысяч чалавек, пачнецца, калі ўзровень вады ў рацэ Амур дасягне адзнакі 780 сантымэтраў. Пра гэта заявіў мэр горада Аляксандр Сакалоў.

Апоўдні па хабараўскім часе 21 жніўня ўзровень вады ў Амуры ў рысе горада склаў 692 сантымэтра: ён уздымаецца на сантымэтар кожную гадзіну, перадае мясцовае ўпраўленьне МНС. Чакаецца дасягненьне максымальных узроўняў вады на тэрыторыі Хабараўска, Камсамольска-на-Амуры, Мікалаеўска-на-Амуры, раёнаў Мікалаеўскі, Хабараўскі, Нанайскі, Амурскі, Камсамольскі і іншых. Гідролягі прагназуюць, што пік паводкі ў рэгіёне прыйдзецца на 24-28 жніўня.

Мэр Хабараўска Аляксандр Сакалоў яшчэ напярэдадні назваў сытуацыю крытычнай. Ён запэўніў, што ўсе сілы кінутыя на абарону аб’ектаў камунальнай гаспадаркі і жылых дамоў:

«У 1984 годзе паводка выклікала збой у водазабесьпячэньні і працы каналізацыі. Спатрэбілася амаль 10 гадоў на ліквідацыю наступстваў. Сёньня неабходна зьберагчы аб’екты камунальнай гаспадаркі. Горад без іх жыць не можа», — прыводзіць ягоныя словы ІТАР-ТАСС.

У зоне затапленьня ў Хабараўскім краі знаходзяцца каля 40 тысяч чалавек. Да раніцы серады ў Хабараўскам краі налічылі амаль 500 падтопленых жылых дамоў (за суткі іх колькасьць вырасла ўдвая), каля 700 двароў тэрыторый і больш за 4 тысячы дачных участкаў. З небясьпечных месцаў эвакуяваныя больш за 400 чалавек. У самім Хабараўску падтоплена амаль 300 жылых дамоў, у тым ліку 14 шматкватэрных.

У Габрэйскай аўтаномнай вобласьці ў зоне затапленьня апынуліся ўсе раёны, у тым ліку і сталіца рэгіёну — горад Бірабіджан. Эвакуяваныя 7 тысяч чалавек. Складаная сытуацыя ў Магаданскай вобласьці, небясьпечнага ўздыму вады чакаюць у Туве.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG