Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На найвялікшым прадпрыемстве Магілёва, акцыянэрным таварыстве «Хімвалакно», аплата працы не дацягвае да агульнаабласнога ўзроўню.

Гэта прызнаў афіцыйны прафсаюз, які зьвярнуўся да кіраўніцтва прадпрыемства, каб тое знайшло рэсурсы і павысіла заробкі працаўнікам.

Ля цэнтральнай прахадной даведацца ад працаўнікоў, колькі яны зарабляюць, не ўдалося. Як высьветлілася, тэрыторыяй прадпрыемства лічыцца таксама і прылеглая пляцоўка. Каб пагутарыць на ёй з працаўнікамі, неабходны дазвол адміністрацыі. З працаўнікамі пагутарыць усё ж удалося, але ў бліжэйшым да прадпрыемства мікрараёне. Дык колькі ж зарабляюць на «Хімвалакне»?

Малады спадар: «Мільёны чатыры ў мяне заробак. Тры сямсот. У залежнасьці ад адпрацаваных дзён. Я мяркую, што для Магілёўскай вобласьці гэта адносна нармальна».

Спадар: «Я працую на „Хімвалакне“ 26 гадоў. Мінулую зіму я праседзеў за мільён шэсьцьсот — мільён васямсот. Ці гэта прымальна? Жонка атрымлівае пэнсію мільён васямсот. Праца, вядома, у нас сэзонная. Выпускаем дахавае пакрыцьцё. Улетку прасьцей троху — тры мільёны, тры з паловай. Цяпер больш рэжуць. „Хімвалакно“ цяпер у распадзе ўсё. Гэта ж не савецкія часы. Палова прадаецца цэхаў».

Спадар: «У мяне жонка працуе на „Хімвалакне“ — яна два мільёны дзевяцьсот, тры мільёны зарабляе. Заточніцай робіць. Як на цяперашнія грошы — гэта нястача. Стабільнасьці больш няма. Прадукцыю ня могуць прадаць. Мо на складах залежваецца».
Тры мільёны рублёў зарабляюць, хто на зьдзельшчыне працуе

Спадарыня: «Тры мільёны рублёў зарабляюць, хто на зьдзельшчыне працуе. Я там працавала. Гэта мала, вядома. Я вось адпрацавала стаж і сышла».

Пагутарыць з прадстаўнікамі адміністрацыі пра заробкі не ўдалося. Спаслаліся на тое, што існуе працэдура звароту журналістаў да кіраўніцтва. На заўвагу пра тое, што заробкі на прадпрыемстве невысокія, праз тэлефон было заяўлена, што гэта няпраўда.

Тым часам у абласной арганізацыі прафсаюзу працаўнікоў хімічнай, горнай і нафтавай галінаў прамысловасьці прызналі, што зьвярталіся да кіраўніцтва «Хімвалакна», каб працаўнікам знайшлі магчымасьці павысіць заробкі:

«Мы дужа дбайна разабраліся з сыстэмай аплаты працы, з рэсурсамі і рэзэрвамі. І з улікам практыкі працы на іншых прадпрыемствах нашай галіны мы прыйшлі да высновы, што ня ўсе рэзэрвы вычарпаныя, што заработная плата на працягу году практычна ніжэйшая за сярэднюю па прамысловасьці ў вобласьці і па Рэспубліцы Беларусь… Ёсьць слова дырэктара, дадзенае старшыні рэспубліканскага камітэту, што ў жніўні павышэньне будзе зроблена», — тлумачыць супрацоўніца прафсаюзу.

Паводле суразмоўніцы, прафсаюз зьвярнуўся да адміністрацыі «Хімвалакна» пасьля таго, як правёў маніторынг сытуацыі з заработнай платай на прадпрыемстве.

«Сытуацыя, якая склалася на „Хімвалакне“, — я не хачу сказаць, што яна выбуховая альбо што скаргі былі. У мяне гэтых скаргаў не было… Мы бачым рэзэрвы, падказваем, як трэба. Але ж факт мае месца — страты ёсьць у прадпрыемства, хоць яны і зьмяншаюцца».

Паводле саміх працаўнікоў, менавіта нізкія заробкі вымусілі іх сёлета ў сакавіку зьвярнуцца з калектыўным лістом у прафкам. У прафсаюзным камітэце тады прызналі, што такі ліст атрымлівалі. Некаторыя працаўнікі заяўлялі, што паскардзіліся на нізкія заробкі і ў адміністрацыю прэзыдэнта. Заяўлялася, што найбольш актыўныя скаржнікі зазналі перасьлед. У тым, што заробкі павысяць пасьля звароту афіцыйнага прафсаюзу, працаўнікі сумняваюцца.

Пра сур’ёзныя праблемы на флягмане магілёўскай прамысловасьці ўпершыню публічна заявілі ў траўні 2010 году. Тады было прызнана, што прадпрыемству не хапае сыравіны, якую пастаўлялі з Расеі. Дзеяньні расейскага боку расцэньваліся як парушэньне міжурадавых пагадненьняў зь Беларусьсю. Спэцыялісты адзначаюць, што пасьля распаду Савецкага Саюзу «Хімвалакно» доўгі час заставалася закладнікам старых эканамічных сувязяў. Сёлета ў ліпені старшыня Магілёўскага гарвыканкаму Ўладзімер Цумараў назваў страты «Хімвалакна». Паводле кіраўніка гарадзкой выканаўчай улады, яны склалі 76 мільярдаў рублёў, альбо 52 працэнты ад усіх стратаў у гарадзкой прамысловасьці.

Сярэдні чэрвеньскі заробак у вобласьці, паводле зьвестак афіцыйнай статыстыкі, складаў больш за чатыры з паловай мільёны рублёў. Сёньня падчас апытаньня знайсьці чалавека з такім заробкам не ўдалося. Бальшыня апытаных называлі лічбы, якія не перавышалі трох мільёнаў рублёў.
XS
SM
MD
LG