Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Фэрмэры аб’ядноўваюцца, бо не давяраюць уладзе


Фэрмэры аб’ядноўваюцца, бо не давяраюць уладзе
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:02:31 0:00

Гаспадары прыватных сядзібаў стварылі Грамадзкую каардынацыйную раду дзеля супольнага змаганьня з афрыканскай чумой сьвіней.

Аб’яднацца, каб бараніць свае правы, іх прымусіла адсутнасьць інфармацыі пра эпідэмію і гвалтоўны наступ уладаў на прыватныя падворкі вяскоўцаў.

Праблему афрыканскай чумы сьвіней у розных рэгіёнах Беларусі мясцовыя ўлады вырашаюць па-рознаму: найчасьцей выкарыстоўваюць свае ж інструкцыі або дзейнічаюць запалохваньнем і гвалтам, без уліку інтарэсаў грамадзян. Пра гэта гаспадары вясковых сядзібаў гаварылі, адмыслова сабраўшыся за круглым сталом, каб абмеркаваць праблему. Гаворыць Міхась Новік з Пружанаў:

«У вёскі прыяжджаюць прадстаўнікі ўлады — ад вэтэрынараў да сельсаветаў. Ніякай інфармацыі не даводзяць, ніякіх папераў не паказваюць. Жывёлаў забіваюць, грузяць на прычэпы, трактары і машыны і звозяць. Насамрэч на Пружаншчыне захворваньня на афрыканскую чуму няма. Людзі вельмі абураныя, ніхто добраахвотна жывёлу аддаваць ня хоча. Але ў людзей на вёсках пануе вялікі страх, і яны баяцца нешта сказаць ці зрабіць, каб усё гэта спыніць».

Яшчэ на пачатку жніўня група грамадзянаў зьвярнулася ў Міністэрства сельскай гаспадаркі, просячы патлумачыць шэраг эканамічных і прававых пытаньняў адносна парадку вынішчэньня сьвіней на прыватных падворках. Адказу яны не атрымалі. А тым часам адсутнасьць поўнай інфармацыі толькі ўзмацняе недавер да ўладаў і пратэстныя настроі сярод вяскоўцаў, кажа Мікалай Баўсюк з Гарадзеншчыны:
…каб у людзей зьнішчыць жывёлу, бо на мясакамбінатах перавытворчасьць

«Калі размаўляеш зь людзьмі, то робяцца такія высновы, што яшчэ зь вясны, калі ўводзіліся правілы забою на мясакамбінатах, дзяржава распачынала той працэс, які адбываецца і цяпер. А менавіта — каб у людзей зьнішчыць жывёлу, бо на мясакамбінатах перавытворчасьць, за мяжу продажу няма. Каб была манаполія і каб прадавалася мяса, якое ёсьць у дзяржавы. Бо нічога ж ня робіцца, каб зьнішчаць дзікоў, якія труцца аб платы сьвінакомплексаў. І атрымаецца так, што ў людзей сьвіней пазьнішчаюць, а дзікі занясуць на фэрмы тую ж інфэкцыю, і там самі сабой сьвіньні паздыхаюць».
Такую памятку уладальнікам падворкаў раздаюць на Гарадзеншчыне
Такую памятку уладальнікам падворкаў раздаюць на Гарадзеншчыне

Адсутнасьць інфармацыі пра маштабы афрыканскай чумы сьвіней ня толькі стварае напружаньне ў грамадзтве, але і самім уладам перашкаджае эфэктыўна змагацца з захворваньнем. На сёньня захады супраць распаўсюду інфэкцыі хаатычныя і малаэфэктыўныя, падкрэсьліў яшчэ адзін удзельнік грамадзкай ініцыятывы, вэтэрынар Аляксей Цюлькоў:

«Тыя захады, якія робяцца, яны бессыстэмныя, яны разрозьненыя, а дзесьці гэта і паўмеры. Такія захады ня могуць прывесьці да ліквідацыі афрыканскай чумы, а часта спрыяюць таму, што сытуацыя не паляпшаецца, а кансэрвуецца, дзесьці нават пагаршаецца. І ўсё гэта адбываецца толькі таму, што мы ня можам рабіць і ня робім адпаведныя захады, а спрабуем толькі гуляць у гэтую гульню».

Актывісты Грамадзкай каардынацыйнай рады падалі кантактны тэлефон для зацікаўленых грамадзян з усіх рэгіёнаў краіны — 8 (033) 653-65-04
Прадстаўнікі прыватных фэрмэрскіх гаспадарак выказаліся і пра патрэбу дапамогі з боку палітычных партыяў і грамадзкіх арганізацыяў, якой на сёньня практычна няма. Дапамагчы вяскоўцам аб’яднацца і стварыць Грамадзкую каардынацыйную раду ўзялася партыя «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя», кажа адзін зь лідэраў партыі Дзяніс Садоўскі:

«Да нас неаднаразова зьвярталіся людзі з рэгіёнаў з просьбай аб дапамозе. Гэткім чынам было вырашана стварыць грамадзкі камітэт у змаганьні з афрыканскай чумой. Мы бачым ягоную ролю найперш у юрыдычнай і прававой дапамозе людзям, у маніторынгу інфармацыі з рэгіёнаў, а таксама ў складаньні альтэрнатыўнага пляну ад грамадзкасьці дзеля змаганьня з захворваньнем, які б улічваў ня толькі інтарэсы дзяржавы, а перадусім інтарэсы людзей».

Чальцы Грамадзкай рады паставілі сабе за мэту дамагчыся ад уладаў поўнай і аб’ектыўнай інфармацыі пра распаўсюд афрыканскай чумы, а таксама забясьпечыць захаваньне эканамічных інтарэсаў і юрыдычных правоў грамадзян.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG