Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аляксандар Лукашэнка надаў Камітэту дзяржаўнага кантролю новую функцыю — «забясьпечваць нацыянальную бясьпеку».

Кантралёры атрымалі права спыняць працу любога суб’екта гаспадараньня, калі палічаць, што яго дзейнасьць стварае пагрозу нацыянальнай бясьпецы.

Алег Ігнаценка дасканала ведае працу Камітэту дзяржкантролю. У свой час ён працаваў начальнікам галоўнага ўпраўленьня органаў выканаўчай улады і выкарыстаньня дзяржаўных рэсурсаў Службы кантролю прэзыдэнта Беларусі. Былы чыноўнік насьцярожана ставіцца да новай нормы, якая дазваляе КДК спыніць дзейнасьць любога суб’екта гаспадараньня:

«У мяне найперш зьяўляецца думка пра тое, што створаныя выключна спрыяльныя перадумовы для карупцыі. Фактычна 1200 ці нават болей чалавек, якія цяпер працуюць у КДК, пастаўленыя на выпрабаваньне. Іх падштурхоўваюць да карупцыі. Бо цяпер менавіта ад іх залежыць, прымаць адпаведныя рашэньні ці не.

Спадар Якабсон, кіраўнік КДК, сёньня атрымаў асаблівыя паўнамоцтвы па разьмеркаваньні сфэраў уплыву ў галіне карупцыйных схемаў. Я думаю, што тут ня выключаныя досыць цяжкія наступствы. Яны могуць прывесьці нават да таго, што пры разборках пачнуць людзей фізычна ліквідоўваць».

Былы бізнэсовец, дэпутат Палаты прадстаўнікоў і палітвязень Сяргей Скрабец распавёў «Свабодзе» пра ўласны досьвед кантактаў з Камітэтам дзяржкантролю ў той час, калі ён меў дачыненьне да цукерачнага бізнэсу:

Сяргей Скрабец

Сяргей Скрабец

«Прыйшлі людзі ў масках. Яны вынялі ўсе дакумэнты — бяз вопісу. Прыкавалі галоўнага бухгальтара кайданкамі да батарэі. Зьдзекаваліся, бо быў загад Лукашэнкі зьнішчыць нашу фірму. І гэтым займаўся менавіта КДК. КДБ да гэтай справы нават не падключалі. Тады ў нас без усялякага суду канфіскавалі болей за 100 трактароў і яшчэ сёе-тое.

Да гэтага ў мяне таксама было сутыкненьне з КДК. Супрацоўнікі камітэту арыштавалі ў мяне цукеркі на суму 200 тысяч даляраў. І таксама без усялякіх для гэтага падстаў. Тры месяцы яны трымалі цукеркі. А потым тэрмін прыдатнасьці цукерак скончыўся. І іх прыйшлося зьнішчыць. І зноў жа на загад зьверху.

Мой досьвед пераконвае, што ў КДК і раней былі такія паўнамоцтвы. Памятаеце, калі камітэтам кіраваў спадар Ломаць, яго білі па твары? Ну, цяпер ужо біць больш ня будуць. Бо гэты разбой ужо і ўзаконілі».

Дэпутат Вярхоўнага Савету 12 скліканьня Віктар Алампіеў таксама асабіста сутыкаўся з чыноўнікамі Камітэту дзяржкантролю.

«Даводзілася мне пару разоў зьвяртацца ў КДК. Першы раз з прапановай запусьціць на тэрыторыю Беларусі дысконтную авіякампанію. Зьлятаць зь Менску ў Італію на самалётах „Белавія“ будзе каштаваць дзесьці за 300 эўра. А дысконтны перавозчык узяў бы за такі пералёт дзесьці эўра 65. І мы паспрабавалі з былым калегам па Вярхоўным Савеце Віктарам Какоўкам абгрунтаваць такі падыход.

Мы напісалі ліст у Дзяржкантроль. Адтуль накіравалі ў Саўмін. З Саўміну — у Міністэрства транспарту. А Мінтранс нам адказаў. І калі гэты бюракратычны адказ перакласьці на нармальную мову, то атрымліваецца, што дзейнае заканадаўства па перавозцы пасажыраў у Эўропе горшае за беларускае. Таму і запускаць дысконтную авіякампанію на тэрыторыю Беларусі непатрэбна».

Алег Ігнаценка лічыць, што Аляксандар Лукашэнка парушыў заканадаўства, падпісаўшы 15 жніўня ўказ № 360. Менавіта гэты дакумэнт і дадаў КДК новыя функцыі:

«Гэтыя рэчы вызначаюцца Канстытуцыяй. Нідзе ў Канстытуцыі такой функцыяй КДК не надзелены. Нават у цяперашняй, „пераробленай“.

Усе функцыі, якія зьвязаныя з экзэкуцыяй, павінны належаць выключна судам. І ніякім іншым дзяржаўным органам такія функцыі перадавацца не павінны».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG