Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску знайшлі прастытуцыю ў яшчэ адным казіно


Супрацоўнікі менскага казіно «Шангры Ла» падазраюцца ў арганізацыі эскорт-паслуг VIP-кліентам.

Падразьдзяленьне наркакантролю і супрацьдзеяньня гандлю людзьмі МУС Беларусі пры падтрымцы менскага спэцназу правяло апэрацыю па спыненьні злачыннай дзейнасьці супрацоўнікаў казіно «Шангры Ла», а таксама іншых асобаў, якія падазраюцца ва ўцягваньні ў занятак прастытуцыяй, выкарыстаньні занятку прастытуцыяй, арганізацыі сэкс-турызму на тэрыторыі Беларусі.

Цяпер на тэрыторыі найбуйнейшага ў Менску казіно працуюць апэратыўныя супрацоўнікі МУС, Сьледчага камітэту і Дзяржаўнага камітэту судовых экспэртыз Рэспублікі Беларусь. Яны дакумэнтуюць падзеі і зьбіраюць рэчавыя доказы ў рамках расьсьледаваньня крымінальных спраў, заведзеных у дачыненьні да двух падазраваных (1985 і 1986 гадоў нараджэньня).

Як паведамляе прэсавая служба МУС Беларусі, крымінальныя справы заведзеныя паводле ч. 2 арт. 171 (выкарыстаньне занятку прастытуцыяй або стварэньне ўмоў для заняткаў прастытуцыяй) і ч. 2 арт. 171-1 (уцягваньне ў занятак прастытуцыяй альбо прымус да працягу занятку прастытуцыяй) Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь.

Абодвух падазраваных затрымалі. Інфармацыю пра іх злачынную дзейнасьць апэратыўныя супрацоўнікі зьбіралі з 2009 году, з моманту адкрыцьця казіно. Устаноўленыя факты неаднаразовага прадстаўленьня заможным мужчынам, пераважна кліентам казіно «Шангры Ла», дзяўчат мадэльнай зьнешнасьці для аказаньня платных інтымных паслуг.

Затрыманым пагражае пазбаўленьне волі на тэрмін ад 3 да 10 гадоў з канфіскацыяй маёмасьці.

Раней аналягічную справу завялі супраць уладальніка забаўляльнай установы «Данькоў-клюб» Юрыя Данькова.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG