Лінкі ўнівэрсальнага доступу

45 гадоў таму вайсковая інтэрвэнцыя здушыла «Праскую вясну»


1968 год, Прага

1968 год, Прага

45 гадоў таму, у ноч з 20 на 21 жніўня 1968 году, войскі краінаў Варшаўскай дамовы увайшлі ў Чэхаславаччыну.

Вось як пра гэтую падзею 21 жніўня а 2 гадзіне раніцы паведаміла дзяржаўнае чэхаславацкае радыё:

«Учора, 20 жніўня 1968-га году, а 23-й гадзіне сілы Савецкага Саюзу, Польскай Народнай Рэспублікі, Нямецкай Дэмакратычнай Рэспублікі, Вугорскай Народнай Рэспублікі і Баўгарскай Народнай Рэспублікі перайшлі мяжу Чэхаславацкай Сацыялістычнай Рэспублікі. Гэта адбылося бязь ведама прэзыдэнта Чэхаславаччыны, старшыні Нацыянальнай Асамблеі, прэм’ера, першага сакратара ЦК кампартыі ды іншых афіцыйных органаў».


Пачатак канца “праскай вясны”.

4 студзеня 1968-га году першым сакратаром чэхаславацкай кампартыі стаў Аляксандар Дубчак, які абвясьціў рэформы пад назвай «сацыялізму з чалавечым тварам». Пасьля гэты пэрыяд чэхаславацкай гісторыі быў названы «праскай вясной».

У красавіку 1968-га году партыйныя рэфарматары апублікавалі дакумэнт пад назвай «Чэхаславацкі шлях да сацыялізму». У ім абвяшчаўся разрыў са спадчынай сталінізму, аднаўленьне асноўных дэмакратычных свабодаў, увядзеньне шматпартыйнай сыстэмы, свабодныя выбары і скасаваньне цэнзуры. Геапалітычнае становішча Чэхаславаччыны – палітычна-вайсковы альянс з Савецкім Саюзам і прыналежнасьць краіны да Варшаўскай дамовы – не аспрэчваліся.

Тым ня менш свабода слова прывяла да крытычных дэбатаў пра ролю кампартыі і аспрэчваньня легітымнасьці яе кіраваньня Чэхаславаччынай. Гэта спачатку насьцярожыла, а потым раззлавала астатнія краіны сацлягеру. На нарадзе 15-17 жніўня 1968 у Маскве было прынятае сакрэтнае рашэньне аб сілавым спыненьні гэтага чэхаславацкага экспэрымэнту.

20-21 жніўня 1968 году прыблізна 250 тысяч салдат зь пяці краін сацыялістычнага лягеру ўварваліся на тэрыторыю Чэхаславаччыны, каб здушыць тое, што камандзіры ім падавалі як «контррэвалюцыяю». У вайсковай апэрацыі і акупацыі Чэхаславаччыны агулам былі задзейнічаныя 750 тысяч вайскоўцаў, 6300 танкаў і бронетраспартэраў, а таксама 800 самалётаў. Так званыя «саюзьніцкія» сілы захапілі ўсе стратэгічна важныя аб'екты, уключна з тэле-радыёстанцыямі. Партыйнае кіраўніцтва на чале з Аляксандрам Дубчакам было арыштаванае і вывезенае ў Маскву на допыты. Месца Дубчака заняў Густаў Гусак, які пачаў праводзіць палітыку згодную з чаканьнямі Масквы і яе сацыялістычных сатэлітаў.

У наступныя месяцы адбыліся чысткі і прызначэньне на кіраўнічыя пасады па ўсёй Чэхаславаччыне прыхільных да Савецкага Саюзу. Дзясяткі тысячаў чэхаў былі вымушаныя эміграваць, а тысячы сышлі з грамадзкага жыцьця. Зіма, якая наступіла пасьля «праскай вясны», цягнулася 20 гадоў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG