Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Уладзімера Яроменка пакаралі 3 месяцамі арышту


Першамайскі суд Менску прызнаў актывіста Маладога фронту Ўладзя Яроменка вінаватым у парушэньні правілаў прафіляктычнага нагляду і асудзіў на 3 месяцы арышту ў арыштным доме. Уладзь Яроменак заявіў, што будзе абскарджваць прысуд.

20 жніўня суд над Уладзем Яроменкам пачаўся з абмену рэплікамі паміж пракурорам і адвакатам, якія пачалі судовыя спрэчкі на ўчорашнім пасяджэньні. Прадстаўніца пракуратуры Чарапковіч не пагадзілася з заявай адваката, што сьледзтва па справе Яроменка было праведзенае незаконна, паколькі была парушана працэдура хуткага разгляду, прадугледжаная для такіх спраў:

«Немагчымасьць правядзеньня сьледзтва паводле хуткай вытворчасьці тлумачылася тым, што абвінавачаны падчас сьледзтва адмовіўся даваць паказаньні і не прызнаў сябе вінаватым».

Яроменкава адвакатка, якая прасіла журналістаў не называць яе прозьвішча, працягвала настойваць на тым, што справу завялі незаконна, нават не дачакаўшыся перадачы сьледзтву патрэбных матэрыялаў зь міліцыі.

«Справу завялі 24 траўня 2013 году, у той час як Яроменак паводле парушэньняў быў упершыню дапытаны і даведаўся пра справу толькі 16 ліпеня 2013 году».

Сам Уладзь Яроменак у апошнім слове паўтарыў, што не прызнае сябе вінаватым. Актывіст назваў незаконным як сваё асуджэньне за Плошчу два гады таму, гэтак і прафіляктычны нагляд, які быў на яго накладзены. Новую крымінальную справу супроць сябе Яроменак таксама лічыць ціскам уладаў.

«У нас з часоў Савецкага Саюзу няшмат зьмянілася. Тады іншадумства душылася ізаляцыяй ці выцісканьнем з краіны. І гэтаксама хочуць зараз выгнаць з краіны мяне. Гэта для мяне сыгнал: або я застаюся тут і атрымліваю новы турэмны тэрмін, бо я ведаю, што ён будзе, або зьяжджаю назаўсёды».



Уладзь Яроменак не памыліўся ў асноўным прагнозе — што будзе асуджаны, але памыліўся ў тэрміне. Судзьдзя Леанід Ярмоленкаў праз 20 хвілін абвясьціў свой вэрдыкт, паводле якога актывіст «Маладога фронту» мусіць адправіцца пад арышт у арыштны дом на 3 месяцы, калі гэты прысуд ня будзе адменены ў выніку скаргі. Уладзь Яроменак адразу пасьля суду заявіў, што падасьць скаргу, хоць і ня верыць, што яна падзейнічае станоўча. Тое, што яму далі ня 6, а толькі 3 месяцы арышту, Уладзь Яроменак патлумачыў добрай працай адваката, якая, паводле яго, «даказала, што доказы міліцыя сфальшавала».

Намесьніца старшыні «Маладога фронту» Наста Дашкевіч, якая назірала за працэсам, была толькі часткова задаволеная прысудам, паводле якога яе сябар атрымаў 3 месяцы, а не ўдвая больш, як чакалася. Сытуацыю ў цэлым Наста Дашкевіч камэнтуе так:

Наста Палажанка

Наста Палажанка

«Гэты прафіляктычны нагляд — такое сьведчаньне шмат каму, хто выходзіць з турмаў, найперш палітвязьням, што яны на кручку, што іх свабода абсалютна ўмоўная. Што ў любы момант яны могуць вярнуцца за краты, калі ня зьменяць сваёй грамадзкай пазыцыі, ня будуць хадзіць гэтак ціха-ціха».

Якія ўмовы чакаюць Уладзя Яроменка ў арыштным доме, калі яму ня ўдасца дамагчыся адмены прысуду? Былы палітвязень Васіль Парфянкоў, які адбыў паўгода ў арыштным доме ў Баранавічах пасьля падобнага працэсу, кажа, што асноўная праблема ў арыштным доме — недахоп паветра ў камэрах. У калёніі нават менш пакутліва, мяркуе Васіль Парфянкоў:

Васіль Парфянкоў

Васіль Парфянкоў

«У калёніі ёсьць лякальныя ўчасткі, куды можна выходзіць, альбо ты ходзіш на нейкую працу, а тут сядзіш увесь час. Няма чым дыхаць. Не хапае актыўнасьці, руху. У камэры можа быць і па 8 чалавек, мне даводзілася ў такой сядзець у Баранавічах. Хоць ёсьць і меншыя — на 6, на 4 чалавекі».

Абскардзіць прысуд Уладзь Яроменак намераны цягам 10 дзён. Журналістам актывіст паведаміў, што ня спыніць сваёй грамадзкай дзейнасьці.

____________________________________________

Уладзімер Яроменак сябе вінаватым не прызнаў і наагул адмовіўся даваць паказаньні ў судзе.

На працэсе выступілі два сьведкі-міліцыянты: Радзівон Казак, былы ўчастковы, і Аляксей Пяркоў, старшы інспэктар. Яны распавялі, што прыходзілі ў кватэру, дзе пражывае Яроменак, але яго не засьпелі, цягам 15 хвілін званілі ў дзьверы, апытвалі сьведак, суседзяў, паглядзелі, што сьвятла ў вокнах не было.

Адвакатка ў сваім выступе зьвярнула ўвагу, што ў пратаколах не пазначаны час, што яны складзеныя з памылкамі і наагул сфальшаваныя, таму і сама справа, заведзеная на падставе сфальшаваных пратаколаў, павінна быць спыненая.



Уладзімер Яроменак ў студзені 2011 года быў арыштаваны як падазраваны па справе «аб масавых беспарадках». Быў асуджаны на тры гады. Адбываў пакараньне ў калёніі пад Віцебскам. У жніўні 2011 года ў ліку іншых фігурантаў справы аб масавых беспарадках 19 сьнежня 2010 года быў памілаваны Лукашэнкам. З тых часоў ён яшчэ некалькі разоў быў асуджаны па адміністрацыйных артыкулах за ўдзел у акцыях пратэсту.

Уладзімір Яроменак нарадзіўся ў горадзе Мёры 4 верасьня 1990 года. Пасьля заканчэньня сярэдняй школы паступіў у Беларускі дзяржаўны ўнівэрсытэт інфарматыкі і радыёэлектронікі. Удзельнік Плошчы-2010. Затрыманы супрацоўнікамі спэцслужбаў на наступны дзень, 20 сьнежня 2010 г., пасьля пікету салідарнасьці з палітзьняволенымі каля Дому ўраду. За гэта быў асуджаны на 15 сутак арышту, які ён адбыў у Жодзінскай турме. Пасьля выхаду адтуль быў выкліканы ў якасьці сьведкі на допыт у КДБ, які скончыўся 7-сутачным арыштам на Акрэсьціна. 28 студзеня 2011 г. арыштаваны ў трэці раз, цяпер ужо як падазраваны па справе аб масавых беспарадках. Зьмешчаны пад варту ў СІЗА КДБ.

Яроменку было прад’яўленае абвінавачваньне па частках 1 і 2 арт. 293 КК (масавыя беспарадкі). 14 траўня 2011 года судом Партызанскага раёну Менску асуджаны на 3 гады зьняволеньня. Адбываў пакараньне ў калёніі «Віцьба» пад Віцебскам.

11 жніўня 2011 года Яроменак быў памілаваны Лукашэнкам і вызвалены.
XS
SM
MD
LG