Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі заблякаваны доступ да сайту Сьвятланы Алексіевіч


Сьвятлана Алексіевіч

Сьвятлана Алексіевіч

Ужо больш за 10 дзён сайт alexievich.info не адчыняецца ў Беларусі.

Хостынг знаходзіцца ў Нямеччыне. Раней сайт у Беларусі быў даступны. У іншых краінах ён цяпер адчыняецца без праблем і грузіцца даволі хутка.

Сама пісьменьніца ведае пра існаваньне такой праблемы:

«Гэта доўжыцца ўжо больш за тыдзень. Спачатку я думала, што гэта проста часовыя тэхнічныя непаладкі. Потым даручыла чалавеку, адказнаму за сайт, правесьці такую тэхнічную праверку. У дзевяці краінах людзі адгукнуліся, што ўсё ў парадку. Такім чынам высьветлілася, што толькі ў Беларусі сайт заблякаваны. Дзякуй богу, што хоць ва ўсім сьвеце ён даступны.

Сайт дзьвюхмоўны, чыста літаратурны. Таму я не разумею, навошта гэта. Можа, мне хочуць проста дапячы напярэдадні ўручэньня прэміі. Гэта проста нейкае глупства».

Заснавальнік парталу tut.by Юры Зісер кажа:

«У мяне няма ніякіх ідэяў, я нават не ўяўляю, што гэта можа быць і каму гэта патрэбна».

Радыё Свабода правяла экспэрымэнт: наўпрост сайт недаступны, але праз проксі-сэрвэры адчыняецца. Пытаньне, ці ёсьць гэты сайт у сьпісах абмежаванага доступу, застаецца пакуль што адкрытым.

Радыё Свабода будзе сачыць за сытуацыяй.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG