Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гендырэктар «Беларуськалія» падазрае «Ўралкалій» у спробе рэйдэрскага захопу


У офісе «Беларуськалія» — аднаго з найбуйнейшых вытворцаў мінэральных угнаеньняў у сьвеце — адбылася прэсавая канфэрэнцыя кіраўніцтва прадпрыемства.

Нягледзячы на тое, што карэспандэнта «Свабоды» туды не дапусьцілі, з дапамогай акрэдытаваных калегаў мы сачылі за тым, што адбывалася за зачыненымі дзьвярыма ў Салігорску.

Падставай да размовы з журналістамі стала становішча на рынку мінэральных угнаеньняў у выніку разрыву адносінаў з расейскай кампаніяй «Уралкалій». Пры канцы ліпеня «Ўралкалій» спыніў экспартны продаж калійных угнаеньняў праз эксклюзіўнага пастаўшчыка — «Беларускую калійную кампанію» — і вызначыў адзіным каналам збыту даччынае падразьдзяленьне «Ўралкалій-Трэйдынг». Расейскі бок абвінаваціў беларусаў у парушэньні дамоваў і несанкцыянаванай адгрузцы сыравіны ў абыход партнэраў. Усе далейшыя спробы дамовіцца зайшлі ў тупік.

Сёньня генэральны дырэктар «Беларуськалія» Валер Кірыенка заявіў, што рэалізацыя калійных угнаеньняў празь іншых трэйдэраў нікому не нанесла стратаў — маўляў, усяго па вышэйшых коштах, чым было вызначана дамовамі ў рамках «Беларускай калійнай кампаніі», прададзена менш за 90 тысяч тон прадукцыі. Да таго ж ён абвінаваціў расейцаў у тым, што тыя ня вытрымалі дамоўленасьцяў «плаўнага разводу» цягам году, а пайшлі на мэтанакіраванае абвастрэньне сытуацыі. Нарэшце, дапусьціў гендырэктар, адмова расейцаў ад супрацы зь беларускім бокам магла мець на мэце далейшы рэйдэрскі захоп «Беларуськалія».

Прысутная на прэсавай канфэрэнцыі эканамічная аглядальніца тыднёвіка «Белорусы и рынок» Тацяна Манёнак кажа, што практычна па ніводным спрэчным пытаньні кіраўніцтва «Белкалія» не падзяляла пазыцыяў нядаўніх партнэраў:

«Сапраўды, Кірыенка не выключае такой сытуацыі, што на мэце ставіўся і рэйдэрскі захоп „Беларуськалія“, але пры гэтым ён ніяк не тлумачыў мэханізму гэтага магчымага рэйдэрскага захопу. Таксама ён нагадаў пра тое, што літаральна ў чэрвені абодва бакі падпісалі дамову аб тым, што яны сумесна працуюць, што яны ўзгаднілі амаль усе прынцыповыя пытаньні па стратэгіі працы на рынку. Больш за тое, „Уралкалій“, гэтаксама як і „Беларуськалій“, прытрымліваўся той жа стратэгіі — што кошт прадукцыі больш прыярытэтны, чым аб’ёмы продажу. Таму ён сказаў, што паколькі такая дамова была падпісаная, для яго асабіста стала шокам заява, што „Ўралкалій“ прынцыпова мяняе стратэгію продажу — аб’ёмы больш прыярытэтныя, чым кошты. Вось для яго гэта было незразумела».
Кірыенка не выключае такой сытуацыі, што на мэце ставіўся і рэйдэрскі захоп „Беларуськалія“, але пры гэтым ён ніяк не тлумачыў мэханізму гэтага магчымага рэйдэрскага захопу

Тым ня меней наступствы канфлікту не прымусілі сябе доўга чакаць. Як і прагназаваў генэральны дырэктар «Уралкалія» Ўладзіслаў Баўмгертнэр, аслабленьне манаполіі непазьбежна прывядзе да падзеньня коштаў на хлёрысты калій у сьвеце. І сапраўды: радыкальнага перагляду дамоваў (прычым паводле ўжо падпісаных кантрактаў) патрабуюць галоўныя спажыўцы беларускай прадукцыі — Кітай і Індыя. Калі летась Кітай набываў угнаеньні па 470 даляраў за тону, то ў рамках новых кантрактаў на другое паўгодзьдзе 2013-га і на наступны год ён мае намер скінуць цану ніжэй за 300 даляраў. Таргуецца і Індыя, якая пагражае ўдвая скараціць пастаўкі беларускай прадукцыі ў выпадку, калі Менск не пагодзіцца перагледзець кошты.

Паводле Валера Кірыенкі, нягледзячы на дэмарш «Уралкалія», «Беларуская калійная кампанія» захавае статус гандлёвага агента салігорскага прадпрыемства і будзе арыентавацца на выпрацоўку індывідуальнай стратэгіі. Апроч таго, спадар Кірыенка лічыць уплыў расейцаў на ўсясьветны рынак моцна перабольшаным: на яго думку, няма вытворцы, які можа ў адзіночку зьмяняць сытуацыю на рынку.

Варта згадаць, што пік цэнаў на хлёркалій быў у 2008 годзе. Тады на кожнай тоне пастаўшчыкі зараблялі пад 1000 даляраў. У пары зь некантраляваным экспартам нафтапрадуктаў, вырабленых з таннай расейскай нафты, бюджэт меў звышпрыбыткі, якімі, зрэшты, беларускія ўлады так і не змаглі як мае быць распарадзіцца.

Новыя ўмовы гаспадараньня непазьбежна адаб’юцца ня толькі на эканамічным становішчы прадпрыемства, а і на ўсім бюджэце Беларусі. «Беларуськалій» — адзін з асноўных пастаўшчыкоў валюты ў дзяржаўную скарбонку: па выніках 2012 году ад продажу мінэральных угнаеньняў паступіла каля 3 мільярдаў даляраў, або блізу 270 мільёнаў даляраў кожны месяц. Але сёлета гэтыя лічбы могуць быць істотна адкарэктаваныя.

Цяпер беларускі ўрад намагаецца вярнуць страчаныя пазыцыі, сьпешна шукаючы новых партнэраў. Так, паведамляецца, што падпісалі пагадненьне аб сумесным продажы мінэральных угнаеньняў з катарскай кампаніяй «Muntajat», а таксама вымалёўваецца лінія на стратэгічнае супрацоўніцтва з кампаніяй «Sertrading» з Сан-Паўлу, каб пастаўляць прадукцыю на бразыльскі рынак. Але ці змогуць пасьпешлівыя захады кампэнсаваць страты ў выніку дачаснага разыходжаньня пазыцый з «Уралкаліем»?

На жаль, задаць пытаньні наўпрост кіраўніцтву «Беларуськалія» аказалася ня так проста — прадстаўнікоў СМІ ў Салігорск дапускалі выбарачна. Яшчэ ў пятніцу на спробу карэспандэнта Свабоды акрэдытавацца на прэсавую канфэрэнцыю намесьнік дырэктара па кадрах і ідэалягічнай працы Анатоль Махлай адказаў, што мусіць параіцца з генэральным дырэктарам Валерыем Кірыенкам і дасьць адказ у панядзелак — маўляў, не было б праблемаў, каб гэта была не «Свабода». Але гендырэктар неабходнасьці ў плюралізьме думак ня ўбачыў. Як пераказаў ягоныя словы спадар Махлай, «ваша радыё не выклікае даверу». Адпаведна, і прысутнасьць журналістаў «Свабоды» на прэсавай канфэрэнцыі аказалася немэтазгоднай.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG