Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

У Кіргізстане патрабуюць кампэнсацыі шкоды за дзеяньні царскай Расеі


Нурлан Матуеў, архіўнае фота 2008 году.

Нурлан Матуеў, архіўнае фота 2008 году.

Шэраг грамадзкіх арганізацый Кіргізстану запатрабавалі прызнаць генацыдам дзеяньні царскай Расеі супраць іх суайчыньнікаў. Гаворка ідзе пра задушэньне сярэднеазіяцкага паўстаньня, што адбылося ў 1916 годзе.

Паводле інфармацыі «24.kg», актывісты прынялі рэзалюцыю, у якой апроч іншага ўтрымліваецца патрабаваньне «падняць пытаньне выплаты кампэнсацыі Расейскай Фэдэрацыяй Кыргызстану за нявінна прынесеных у ахвяру (забітых) продкаў у нацыянальна-вызвольным паўстаньні».

Аўтары рэзалюцыі таксама заклікалі «данесьці да міжнароднай супольнасьці інфармацыю аб палітыка-гістарычным значэньні Нацыянальна-вызвольнага паўстаньня 1916».

Тэкст рэзалюцыі апублікаваны ў мясцовай прэсе. Зварот адрасаваны прэзыдэнту, а таксама прэм’ер-міністру і парлямэнту Кіргізстану.

Раней кампэнсацыі ад Расеі за падзеі 1916 году патрабаваў мясцовы палітык Нурлан Матуеў (які ў мінулым утрымліваўся пад арыштам паводле абвінавачваньня ў захопе вугальнага радовішча і атрымаў мянушку «вугальны кароль»). У 2011 годзе Матуеў, які бялатаваўся ў прэзыдэнты, ацаніў памер кампэнсацыі ў сто мільярдаў даляраў. Пры гэтым ён адзначаў, што калі патрабаваньне ня будзе выканана, то Маскве варта ўлічыць, «што акрамя афіцыйных уладаў у Кіргізстане таксама ёсьць незадаволеныя і раздражнёныя людзі».

Паўстаньне сярэднеазіяцкіх народаў Расейскай імпэрыі пачалося летам 1916 году. Падставай для бунту стаў царскі ўказ аб прыцягненьне мясцовага насельніцтва для работ у прыфрантавых раёнах (гаворка ідзе пра ўдзел Расеі ў Першай сусьветнай вайне). Незадаволенасьць мясцовых жыхароў таксама была ўзмоцнена дзеяньнямі ўладаў па перадзеле земляў на карысьць перасяленцаў з Расеі.

Паўстаньне было накіравана на прадстаўнікоў царскай улады і перасяленцаў. Для задушэньня бунту былі ўжытыя войскі. У сутыкненьнях, паводле розных дадзеных, былі забітыя ад дзесяткаў да соцень тысяч чалавек. У Кіргізстане гадавіна падзеяў 1916 году адзначаецца ў першую пятніцу жніўня. У гэты дзень праводзяцца жалобныя мерапрыемствы.

Пра гэта піша партал DELFI.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG