Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Блогера перасьледуюць за тое, што паказаў «дом спэцпрызначэньня»


Дом старшыні райвыканкама, Сьветлагорск

Дом старшыні райвыканкама, Сьветлагорск

У Сьветлагорску блогер Генадзь Жулега пазбавіўся кампутара ды іншай тэхнікі пасьля таго, як зьняў і разьмясьціў на сваіх старонках у сацыяльных сетках відэаролік пра мясцовыя дарогі й дом старшыні райвыканкаму .

Сьветлагорская міліцыя на падставе заявы жонкі старшыні райвыканкаму Сяргея Максіменкі, якая палічыла відэаролік абразьлівым, правяла 17 жніўня агляд кватэры блогера Жулегі:

«Забралі сыстэмны блёк кампутара і забралі мадэм — мадэм, які знаходзіўся ў мяне ў арэндзе ад Белтэлекаму. Мадэм гэты адказваў таксама за хатні тэлефон. Інакш кажучы, мяне пазбавілі ня толькі кампутара, але й хатняга тэлефона. Атрымліваецца, што й чужую ўласнасьць, якая належыць Белтэлекаму, таксама забралі».

Выманьне тэхнікі з санкцыі раённага пракурора праводзіў маёр міліцыі Ісаенка з падпалкоўнікам, імя якога ў паперах не фігуруе.

Генадзь Жулега не пагаджаецца з заяваю жонкі раённага начальніка, што ў відэароліку ўтрымліваецца паклёпніцкая інфармацыя. Здымаючы дом раённага кіраўніка, а таксама гарадзкія дарогі, блогер хацеў прыцягнуць увагу грамадзкасьці да бескантрольнага расходаваньня бюджэтных грошай. На парадкаваньне гарадзкога парку, устаноўку сьвятлафораў, належнае асьвятленьне гарадзкіх вуліц грошай у бюджэце няма, а на асабнякі начальнікам — аказваецца, ёсьць.

Жулега: «Ніякага паклёпу ці абразы ў відэароліку няма. Гэта ўсё фарс, гэта ўсё помста. Яны проста вырашылі мне падгадзіць. За дом яшчэ нават не разьлічыліся з трэстам, які яго будаваў. З трэстам № 20 управа капітальнага будаўніцтва не разьлічылася, на замову якой і будаваўся дом».

Будаваць дом на вуліцы Савецкай, які на балянсе ў камунальнікаў значыцца як дом спэцпрызначэньня, пачалі яшчэ пры былым кіраўніку раёну Пятру Шостаку. Ён неўзабаве вярнуўся ў Рэчыцу ачольваць тамтэйшы выканкам, а летась быў вылучаны дэпутатам Палаты прадстаўнікоў.

Гаспадаром дома спэцпрызначэньня ў Сьветлагорску стаў новы раённы галава Сяргей Максіменка. Аднак дагэтуль управа капітальнага будаўніцтва райвыканкаму з трэстам № 20 за спэцдом сапраўды не разьлічылася.

Спэцыялісты 20-га трэста пацьвердзілі наяўнасьць запазычанасьці, якая «вісіць» ужо пяты год:

«Па дому мэра — 96 мільёнаў 500. Вісяць гэтыя 96 мільёнаў — мы іх на ўсіх узроўнях паказваем. Пяць гадоў яны ўжо вісяць. Управа капітальнага будаўніцтва не адмаўляецца, але, як я разумею, узяць ім каля 100 мільёнаў са сваёй гаспадарчай дзейнасьці немагчыма. Кожны год яны нам у акце зьверкі пацьвярджаюць, гэта значыць — падаўжаюць тэрмін пазоўнай даўнасьці. Усюды пазначана ў актах гэтая запазычанасьць. Управа капітальнага будаўніцтва сама ж не зарабляе такія грошы — гэта вінен мясцовы бюджэт. Ім на доўг напляваць. А нашы, я так разумею, баяцца ў гаспадарчы суд зьвяртацца. Начальства, пэўна, баіцца мэра».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG