Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Данькова будуць судзіць па сямі артыкулах


Юры Данькоў

Юры Данькоў

Упраўленьнем Сьледчага камітэту па Менску завершана расьсьледаваньне крымінальнай справы ўладальніка забаўляльнай установы «Данькоў-клуб» Юрыя Данькова.

Як паведаміў афіцыйны прадстаўнік упраўленьня Аляксандар Герасімаў, сьледзтва інкрымінуе абвінавачанаму склады злачынстваў, прадугледжаных сямю артыкуламі Крымінальнага кодэксу Беларусі: ухіленьне ад выплаты сум падаткаў і збораў, што пацягнула за сабой прычыненьне шкоды дзяржаве ў асабліва буйным памеры ў агульнай суме больш за 918 мільёнаў рублёў, арганізацыя прытона для занятку прастытуцыяй, а таксама выкарыстаньне занятку прастытуцыяй іншымі асобамі, зьвязанае з атрыманьнем выгады маёмаснага характару; унясеньне службовай асобай заведама непраўдзівых зьвестак і запісаў у афіцыйныя дакумэнты, падробка дакумэнтаў, а таксама складаньне і выдача заведама ілжывых дакумэнтаў з карысьлівай і іншай асабістай зацікаўленасьці; падробка іншых афіцыйных дакумэнтаў, якія даюць права, у мэтах выкарыстаньня такіх дакумэнтаў самім выканаўцам ці іншымі асобамі, збыт такіх дакумэнтаў, а таксама выкарыстаньне заведама падробленых дакумэнтаў; дапамога ў фальсыфікацыі доказаў па грамадзянскай справе асобе, якая ўдзельнiчае ў справе; уцягваньне жанчын у занятак прастытуцыяй з мэтай наступнага здабываньня выгады ад заняткаў прастытуцыяй дадзенымі асобамі; захоўваньне з мэтай рэклямаваньня і рэклямаваньне парнаграфічнага матэрыялу, а таксама публічная дэманстрацыя відэафільму парнаграфічнага зьместу.

Абвінавачаны і яго абаронцы азнаёміліся з матэрыяламі крымінальнай справы. Цяпер матэрыялы перадалі пракурору для накіраваньня ў суд, паведамляе БелТА.
XS
SM
MD
LG