Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Крыстафэр Робін, напэўна, вельмі зьдзівіўся б, калі б даведаўся, што ў Беларусі яго зь нядаўніх часоў клічуць яшчэ і Крыштусем Родзькам. Такое мяно ён атрымаў у перакладзе Віталя Воранава. А можа, зусім і не зьдзівіўся б: яшчэ да нараджэньня яму ледзь не далі імя Розмары. Бацькі вельмі хацелі дзяўчынку — дык яшчэ невядома, як выглядала б казка пра Віні-Пуха (або Віню-Пыха) і хто стаўся б ягоным найлепшым сябрам. Сябраваць зь дзяўчынкай нялёгка — асабліва калі ты мядзьведзь або парася.

Ён нарадзіўся 21 жніўня 1920 году ў Чэлсі, Лёндан, і жыў там пакуль не пайшоў у школу... Лухта якая. Кожнаму ясна, што Крыстафэр Робін мог жыць толькі ў Лесе. У Вялікім Лесе. Як поўнай лухтой ёсьць і тое, што да свайго плюшавага мядзьведзіка ён, пасталеўшы, не адчуваў ніякай асаблівай цеплыні і наагул пражыў жыцьцё з крыўдаю на бацьку, які так неабачліва прадвызначыў ягоны лёс, зрабіўшы сына на вякі вечныя прататыпам, закладнікам «у гасьцях у казкі».

Усё гэта нас зусім ня мусіць цікавіць. Намагацца глядзець на «Віні-Пуха» выключна дарослымі, строгімі і прагнымі да сэнсацый вачыма падобна да акту пэдафіліі. І адказнасьць за такое стаўленьне да гісторыяў зь Лесу мусіць быць ня менш сур’ёзная. Самае брыдкае — калі дарослыя пачынаюць ублытваць дзяцей у свае нудныя гульні. Калі тэмпэратуру чараўніцтва бяруцца мераць паводле Фройда. Калі казку выварочваюць навыварат, каб знайсьці брудныя плямы і дакапацца да прычынаў. Якая каму справа, што было пасьля кропкі? Рукі прэч ад мядзьведзя і яго сяброў.

Крыстафэр Робін — адзін з самых сымпатычных пэрсанажаў ангельскай літаратуры. Ён — наш герой. Герой маленькіх людзей, якія маюць унікальны талент спазнаньня. І тым, хто яго згубіў, прадаў, прапіў на баляваньні ў гонар сталасьці, лепш памаўчаць.

Крыстафэр Робін жыве ў іншым канцы лесу. Ён наагул іншы — але гэта нікому не замінае. Лес Вялікі і розны.

Крыстафэр Робін жыве ў самым высокім месцы лесу, куды ня можа дайсьці вада. Але ён не адседжваецца там — ні падчас буры, ні падчас паводкі.

Калі Крыстафэр Робін кажа, што гэта «а», гэта «а». Ён усё ведае. Як і кожны нармальны сямігадовы чалавек.

Крыстафэр Робін адзін у Лесе ўмее чытаць. І гэта выклікае павагу.

Крыстафэр Робін мае аўтарытэт, якога няма ў Папы Рымскага. Калі адбываецца нешта незаплянаванае (а ў Лесе яно адбываецца ўвесь час), то ўсе думаюць: Што скажа пра ўсё гэта Крыстафэр Робін?

КР кажа ўсім, што ім рабіць. Ні сон розуму, ні сплін яго не абыходзяць. Ён хоча жыць і жыве ўсім на радасьць. Ён зьмяняе сьвет.

КР расказвае цікавыя рэчы.

І заўжды лепш паслухаць яго, чым дзядзьку з навуковай ступеняй, які скажа, што ўсім у сьвеце кіруюць сэкс, грошы і інфармацыйныя тэхналёгіі. Шпэк, грушы і Мікрабацыльныя Тухлалёгіі — сказаў бы Віні-Пух, і меў бы рацыю.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG