Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Цяпер адзін кіляграм сьвініны ў Аргентыне ці Бразыліі можна набыць усяго за 95 цэнтаў.

З усімі накладнымі выдаткамі, у тым ліку транспартнымі, адзін кіляграм такога мяса ня будзе каштаваць у Беларусі больш як тры даляры.

Гэтыя лічбы прагучалі сёньня на паседжаньні круглага стала, удзельнікі якога абмяркоўвалі інвэстыцыйную палітыку Беларусі.

Станіслаў Багданкевіч

Станіслаў Багданкевіч

«Аднак для набыцьця таннай сьвініны ў нас ёсьць адна істотная перашкода,— адзначыў экс-старшыня праўленьня Нацыянальнага банку Беларусі Станіслаў Багданкевіч. — Зараз краіне вельмі не хапае валюты. Экспарт у замежжа параўнальна зь мінулым годам скараціўся аж на чвэрць. А менавіта продаж беларускіх тавараў за мяжу — галоўны чыньнік атрыманьня валюты. Так што набыцьцё сьвініны „за морам“ — вельмі прывабная, але, баюся, на сёньня не рэальная справа».

Беларусі цяпер як ніколі патрэбная валюта — сьцьвярджалі і іншыя ўдзельнікі абмеркаваньня. Каб гарантаваць сабе перамогу на прэзыдэнцкіх выбарах 2015 году, Аляксандру Лукашэнку трэба сама меней 12 мільярдаў даляраў. Таму экспэрты прагназуюць, што ён зьвернецца ў Міжнародны валютны фонд па крэдыт у 7 мільярдаў даляраў і ў Антыкрызісны фонд ЭўрАзЭС — па 5 мільярдаў.

Каб атрымаць «заходнія» грошы, прагназуе кіраўнік фонду Мізэса Яраслаў Раманчук, беларускія ўлады да пачатку саміту «Ўсходняга партнэрства» напрыканцы восені ў Вільні вызваляць палітвязьняў і зымітуюць правядзеньне палітычных і эканамічных рэформаў. А вось Маскве, якая фактычна вызначае крэдытаваньне ў Антыкрызісным фондзе, давядзецца прадаць некалькі буйных прадпрыемстваў.

Што да замежных інвэстыцыяў у беларускую эканоміку, то, паводле афіцыйнай статыстыкі, за першы квартал яны ўзрасьлі параўнальна зь мінулым годам на 17%. Аднак пазьней працэс пайшоў на спад — за першае паўгодзьдзе адпаведная лічба складае ўжо толькі 8%. Але самае галоўнае нават ня гэта.

«Каля 80% так званых непасрэдных замежных інвэстыцыяў — гэта элемэнтарныя крэдыты і пазыкі, — тлумачыць эканаміст Міхась Бароздкін. — Таму калі глядзець на сапраўдныя лічбы інвэстыцыяў, то ў бліжэйшай пэрспэктыве іх можа быць нават адток, а не прырост. Хоць нашы ўлады з году ў год плянуюць павялічэньне аб’ёмаў замежных інвэстыцыяў. Аднак гэтыя пляны непазьбежна правальваюцца.

Я ўпэўнены, што так будзе і сёлета. І зноў, як у мінулыя гады, канкрэтных асобаў, якія вінаватыя ў гэтых няўдачах, ня знойдуць».

Экспэрты прагназуюць, што і наступны год будзе дрэнным для беларускай эканомікі. Найхутчэй, бюджэт панясе вялікія страты за кошт тавараў, якія раней добра ішлі на ўсясьветным рынку. Гэта перадусім калійныя ўгнаеньні, дзе кошт адной тоны можа зьляцець зь цяперашніх 400 даляраў да 300–250. Таксама выразна бачная тэндэнцыя да скарачэньня куплі беларускіх трактароў і грузавых аўтамабіляў".

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG