Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сярод знакамітых асобаў беларускай гісторыі імя Іван Фёдараў мелі ажно двое — і абодвум ім ня надта пашчасьціла.

Першы... Першы ведама які Фёдараў — масковец (паводле некаторых зьвестак, фальшывы), што друкаваў у іхнай сталіцы кніжкі разам зь Пятром Мсьціслаўцам, выпусьціў першы расейскі бэстсэлер і за гэты сьмяротны грэх быў выгнаны з самай прагрэсіўнай краіны сьвету на гнілы Захад. То бок у ВКЛ, дзе за кнігадрукаваньне на кол не саджалі і жыўцом не палілі, а наадварот — усяляк такіх вар’ятаў падтрымлівалі і шанавалі.

А вось другі наш вялікі Іван Фёдараў жыў у пачатку ХХ стагодзьдзя ў Менску. Скончыўшы Пецярбурскую школу аўтамабілістаў, ён купіў сабе не абы-што, а шасьцімесны «Мэрсэдэс» і вырашыў зрабіцца першым беларускім таксістам. Ці сапраўды ён быў першапраходцам, гісторыя маўчыць, але важна іншае. 19 жніўня 1906 году Фёдараў атрымаў у менскай гарадзкой управе дазвол на перавоз пасажыраў і ўжо назаўтра выправіўся шукаць ахвотных «эх-пракаціцца». Такія асобы знайшліся хутка — і вось Фёдараў каціў па Губэрнатарскай, і ягоны задаволены твар казаў пра тое, што, маўляў, «обраті вніманіе — сдълано въ Германіі».

На Карла Маркса, то бок на Падгорнай, «Мэрсэдэсу» давялося спускацца па не такім ужо стромым, але ўсё ж такі схіле. Тармазы ня вытрымалі — і машына Фёдарава, якую ён марна намагаўся ўтаймаваць, з усяго разгону ўрэзалася ў прыдарожны слуп. Пішуць, удар быў такой моцы, што пасажыраў выкінула на брук, а адзін зь іх нават паплаціўся за паездку калецтвам.

Так у Менску здарылася першая ў гісторыі аўтамабільная аварыя.
Гэтае здарэньне настолькі падзейнічала на празьмерна ўражлівых чальцоў гарадзкой управы, што яны забаранілі працу таксі ажно на шэсьць гадоў. Хацелі на сто, але пасьля перадумалі — міласэрныя былі людзі, прыхільнікі прагрэсу.

Іван Фёдараў на нейкі час затаіўся. Ён цярпліва чакаў сваёй зорнай часіны — і ў 1913-м дабіўся ад уладаў новага дазволу на перавозку пасажыраў. За гады чаканьня аўтамабіліст сабраў сабе грошай на новы «Мэрсэдэс» — гэтым разам васьмімесны. Шанцы фёдараўскіх пасажыраў пазьбегнуць калецтва, такім чынам, прыкметна павысіліся. Ці праходзілі раз-пораз шляхі-дарогі таксіста праз вуліцу Падгорную або ён абмінаў яе за кілямэтар, мы ўжо ніколі не даведаемся. Калі зь ім і здарылася яшчэ якая-небудзь аварыя, назваць яе першай, на жаль, ніхто ўжо ня мог, а таму і заносіць у аналы не сьпяшаўся.

Здавалася б, вось яно, забыцьцё... Але справу, пачатую некалі Іванам Фёдаравым, працягваюць новыя і новыя пакаленьні менчукоў. Шырыцца геаграфія, зьмяняецца тапаніміка, удасканальваюцца мэрсэдэсы, цягнуцца ўвысь новыя слупы. Радуюць вочы сьветлыя сьцены новых бальнічных карпусоў. Расьце і прыгажэе родны Мінск.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG