Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Паводка — без алькаголю, зброі і выбараў


У пяці рэгіёнах Далёкага Ўсходу Расеі з-за наймацнейшых паводак, выкліканых праліўнымі дажджамі, абвешчаны рэжым надзвычайнай сытуацыі. Падтопленыя сотні дамоў, у якіх жывуць каля 30 тысяч чалавек.

Улады далёкаўсходніх рэгіёнаў эвакуююць тысячы людзей. Узровень вады ў рацэ Амур у раёне Хабараўску працягвае расьці. За суткі ён падняўся на 17 сантымэтраў і дасягнуў 6 мэтраў і 57 сантымэтраў. Падтоплена каля 200 дамоў, звыш 4 тысяч дачных і прысядзібных участкаў. Праводзіцца эвакуацыя жыхароў.

Ужо да канца тыдня вада, хутчэй за ўсё, падвысіцца да крытычнай адзнакі ў 7 мэтраў. Затопленымі могуць аказацца Хабараўск, Камсамольск-на-Амуры, Нікалаеўск-на-Амуры. У Габрэйскай аўтаномнай вобласьці найбольш складаная паводкавая сытуацыя склалася ў вёсцы Пашкова. У МНС не выключаюць паўтарэньня паводкі 1984 году, калі вада цалкам затапіла аднапавярховыя хаты.





У Амурскай вобласьці 8 верасьня павінны прайсьці шматлікія выбары ў мясцовыя органы ўлады, аднак з-за паводкі галасаваньне можа быць перанесена. Як кажуць у Цэнтрвыбаркаме, за ўсю гісторыю выбарчых кампаній у найноўшай гісторыі Расеі падобнае здараецца ўпершыню. З-за паводкі ў Амурскай вобласьці затопленыя каля 40 выбарчых участкаў, у многіх раёнах перарвана сувязь і прамое транспартнае злучэньне зь мясцовымі выбарчымі камітэтамі.

МУС Расеі паведаміла ў панядзелак, што на тэрыторыях Далёкага Ўсходу, дзе абвешчаны рэжым надзвычайнай сытуацыі, уведзена поўная забарона на продаж алькаголю. Як заявіў начальнік Галоўнага ўпраўленьня забесьпячэньня аховы грамадзкага парадку МУС Юрый Дзямідаў, паліцыя асьцерагаецца марадзёрства і анархіі ў пацярпелых раёнах, дзе жыве вельмі шмат былых асуджаных і крымінальнікаў. Паводле словаў Дзямідава, толькі ў Габрэйскай аўтаномнай вобласьці паліцыянты проста сілай вывезьлі ў «месцы часовага разьмяшчэньня» каля 50 такіх асоб. Акрамя таго, кіраўніцтва МУС паведаміла, што ў пацярпелых раёнах у грамадзян «для часовага захоўваньня» адбіраецца паляўнічая агнястрэльная зброя.
XS
SM
MD
LG