Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Сёньня ў салігорскім офісе «Беларуськалія» заплянаваная прэсавая канфэрэнцыя кіраўніцтва прадпрыемства, на якую не дапусьцілі карэспандэнта «Свабоды».

Падставай да размовы з журналістамі стала становішча на рынку мінэральных угнаеньняў: у выніку разрыву адносінаў расейскага канцэрну «Уралкалій» зь «Беларускай калійнай кампаніяй» пачалося імклівае падзеньне коштаў на хлорысты калій, што адбіваецца ня толькі на эканамічным становішчы прадпрыемства, а і ўсяго бюджэту Беларусі — «Беларуськалій» зьяўляецца адным з асноўных пастаўшчыкоў валюты ў дзяржаўную скарбонку. Радыкальнага зьніжэньня коштаў (прычым, па ўжо падпісаных кантрактах) патрабуюць галоўныя спажыўцы беларускай прадукцыі — Кітай і Індыя.

Аднак прадстаўнікі СМІ ў Салігорск дапушчаныя выбарачна. Яшчэ ў пятніцу на спробу карэспандэнта «Свабоды» акрэдытавацца на прэсавую канфэрэнцыю намесьнік дырэктара па кадрах і ідэалягічнай працы «Белкалію» Анатоль Махлай адказаў, што мусіць параіцца з генэральным дырэктарам Валерыем Кірыенкам — маўляў, не было б ніякіх праблемаў, каб гэта была не «Свабода». Але выказаў уласнае меркаваньне, што шанцы ёсьць, бо варта, каб былі прадстаўленыя розныя пункты гледжаньня. І папрасіў затэлефанаваць раніцай у панядзелак.

На жаль, гендырэктар Кірыенка ніякай неабходнасьці ў плюралізьме меркаваньняў не бачыць. Як пераказаў ягоныя словы спадар Махлай, ён заявіў: «Ваша радыё не выклікае даверу». Адпаведна, і прысутнасьць «Свабоды» на прэсавай канфэрэнцыі непажаданая.

Тым не меней, з дапамогай акрэдытаваных калег мы будзем сачыць за тым, што адбывалася за зачыненымі для нас дзьвярыма «Беларуськалію» ў Салігорску.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG