Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Літва не задаволеная астравецкімі слуханьнямі па АЭС


Лінас Лінкявічус

Лінас Лінкявічус

Літву зьдзіўляюць і засмучаюць дзеяньні Беларусі ў сувязі з будаўніцтвам АЭС у Астраўцы, заявіў літоўскі міністар замежных спраў Лінас Лінкявічус.

«Гэтыя крокі зьдзіўляюць і засмучаюць. Узьнікае пытаньне — калі ўсё ідзе бясьпечна і роўна, чаму яны пазьбягаюць выконваць патрабаваньні Канвэнцыі Эспо? Канвэнцыя Эспо — прызнаны ў міжнародным маштабе дакумэнт, менавіта ён вызначае пытаньні ядзернай бясьпекі, зьвязаныя з гэтым пытаньні, асабліва калі гаворка ідзе аб суседніх краінах», — сказаў у інтэрвію BNS міністар замежных спраў Літвы Лінас Лінкявічус, камэнтуючы праведзеныя ўладамі Беларусі слуханьнямі аб бясьпецы будучай станцыі.

Лінкявічус падкрэсьліў, што публічныя слуханьні немагчымыя, пакуль Беларусь не прадставіла адказы на зададзеныя Літвой пытаньні:

«Можна выказаць здагадку, што, магчыма, гэтых адказаў няма, таму выкарыстоўваюцца такія канцэртныя спосабы дыялёгу. Нам не трэба шоў, нам трэба, каб пасьлядоўна выконваліся патрабаваньні Канвэнцыі Эспо, як належыць», — сказаў міністар.

Па словах Лінкявічуса, Менск да гэтага часу не патлумачыў, чаму для будаўніцтва АЭС выбралі Астравецкую пляцоўку, якая знаходзіцца ўсяго ў 50 км ад мяжы Літвы. Таксама няма адказу на пытаньне, чаму Беларусь не праводзіць сэйсьмічныя выпрабаваньні, хоць у канцы XIX — пачатку XX стагодзьдзя ў гэтым месцы былі зафіксаваныя моцныя землятрусы.

Літва таксама сьцьвярджае, што ўсё яшчэ чакае адказаў на пытаньні, як будуць праводзіцца працы па астуджэньні рэактара. Астуджаць станцыю мяркуецца вадой ракі Віліі, хоць сама пляцоўка станцыі знаходзіцца вышэй ракі і аддаленая ад яе на 10 км — гэта павышае верагоднасьць магчымых збояў у працы астуджальнай сыстэмы.

«Спэцыялісты павінны даць вельмі канкрэтныя адказы. Пасьля іх атрыманьня можна праводзіць публічныя слуханьні, а не наадварот», — падкрэсьліў кіраўнік МЗС Літвы.

Паводле яго слоў, самая вялікая бяда — што АЭС пачалі будаваць да завяршэньня дасьледаваньня ўзьдзеяньня на навакольнае асяродзьдзе.

«Яны зараз ўгразьлі ў гэтай сытуацыі і, мабыць, шукаюць нейкія выхады. Кампрамісу тут быць ніяк не можа, я хачу вельмі рашуча сказаць. Гэта не так сабе аб’ект, гэта ядзерны аб’ект. Гэты праект існуе толькі на чарцяжах, як кажуць спэцыялісты, толькі ў праектах, ён нідзе не быў рэалізаваны. Таму не можа быць ніякіх кампрамісаў адносна дасьледаваньня ўзьдзеяньня на навакольнае асяродзьдзе », — сказаў Лінкявічус BNS.

«Мы ніяк не можам саступіць, таму што гэта будзе рабіцца за кошт бясьпекі нашай краіны і грамадзянаў», — падкрэсьліў ён.

У суботу ў Беларусі адбылася прэзэнтацыя Астравецкай АЭС літоўскай грамадзкасьці. Грамадзянам Літвы было прапанавана прыехаць у Беларусь па бясплатных візах, транспарт падаваў беларускі бок. Аднак гэтай магчымасьцю скарысталіся нямногія.

Атамную электрастанцыю ў Астраўцы мае намер пабудаваць расейская кампанія Расатам. Плянуецца, што яе пабудова будзе завершаная ў 2020 годзе.
XS
SM
MD
LG