Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Над галавой у мяне сёньня пасьля восьмай раніцы праляцеў паветраны шар. З намаляваным сьцягам з арнамэнтам. Рана ўстаюць, зьдзівіўся я і схадзіў па фотаапарат. Тыя, што ў на шары, заўважылі, што фатаграфую. Нечакана шар накіраваўся ў мой бок і завіс па-над дахам. Я перайшоў у іншы пакой, з вакном на захад. Праз адчыненае вакно я выразна чуў, як над галавой раз-пораз запальваецца вялізная газоўка, нібы цяжка дыхае гад-агнядых.

Падумалася мімалётам: вылезьці б праз акенца на дах і гайда адсюль, быццам у прыгодніцкім рамане… Але каб з канкрэтным месцам прызначэньня: Варшава, Бэрлін і гэтак далей. Карацей, у вольны вырай.

Як надакучыла, што з Горадні нікуды не паляціш! Калі выберасься ў адпачынак, заўжды перш чакае доўгая дарога да аэрапорту.

Высока над Горадняй тым часам кожны дзень крэсьляць неба «Боінгі» і «Аэробусы», але ніколі не сядаюць. Я бачу іх з вакна. Горадня – горад без авіярэйсаў, але аэрапорт у наяўнасьці. Вось чаму вялікія самалёты ствараюць ілюзію далучанасьці да паветраных пасажырскіх шляхоў: гарадзенскі аэрапорт Абухава – месца магчымай аварыйнай пасадкі. Вось і ўвесь сакрэт. Гарадзенцы як тыя прыручаныя гусі ў скандынаўскай кніжцы пра Марціна, якія ня здольныя адарвацца ад зямлі.

Але так было не заўсёды. Некалі для гарадзенцаў пачалі будаваць салідны аэравакзал. Меркавалася, што горад стане рыхтык паветраным портам, і сюды, як у кніжныя Нью-Васюкі, адусюль палятуць спартоўцы, артысты, экскурсанты, проста камандзіровачныя інжынэры. А таксама, ня выключана, вайсковыя дэлегацыі: польскія, мадзярскія, усходненямецкія ды іншыя генэралы. Ня так далёка ад Горадні пад зямлёю будаваўся камандны пункт войскаў Варшаўскай дамовы. За горадам грымелі танкі, не спыняліся манэўры. Нават эшалён з Войскам Польскім прыбываў.

Аднак цудоўная будучыня авіяперавозак зьнікла як дым. Савецкія рублі нечакана ператварыліся ў паперу і перасталі існаваць, аэравакзал застаўся бяз вокнаў і дзьвярэй. Нешматлікія пасажыры тапталіся бязрадна перад шкілетам пабудовы. А неўзабаве й яны зьніклі. Так і не паўстала новых Нью-Васюкоў. Залатыя дзянькі сельгасавіяцыі таксама мінулі. Няма авіярэйсаў, няма аэравакзалу, адно залежыць ад аднаго, і Абухава апанаваў амаль што летаргічны сон.

Дваццаць гадоў незакончаны аэравакзал муляе вока. Гмах стаіць у чыстым полі, яго добра відно з шашы Менск-Горадня. Што рабіць з апошняй будовай камунізму на Гарадзеншчыне? Збыць з рук пажадана. Як і каму? А аўкцыён навошта? Можа які дзівак з грашыма знойдзецца! Не знайшоўся. Няма дурных. Уладзе няўцям, што пустая зямля можа каштаваць вялізныя грошы, але шкілет аэравакзалу ня мае рынкавай цаны. Яго кошт хутчэй мінусавы: трэба заахвочваць рублём, каб нехта ўзяў. Тым ня менш, не спыняюцца марныя спробы прадаць.

Што можна зрабіць зь недабудаваным гмахам за трынаццаць кілямэтраў ад гораду? Кірмаш, гатэль? Аквапарк? А раптам некалі ажыве аэрапорт? Існуе такі горад Коўна (Kaunas), за сто пяцьдзесят кілямэтраў ад Горадні, зь ёю па памерах прыблізна аднолькавы. Там аэрапорт ня ўпаў у летаргію. Дзякуючы, у прыватнасьці, танным авіярэйсам. І сама Літва ж ад Эўропы не адарваная, што не малаважна. Гарадзенскія турфірмы прадаюць ковенскія квіткі куды хочаш, хоць на востраў Сардынія. У адзінаццаць краінаў. Трэба толькі візу мець. Беларусы едуць у ковенскі аэрапорт ахвотна. Яго, дарэчы, пачалі будаваць амаль адначасова з гарадзенскім аэравакзалам, абодва побач зь Нёмнам.

Горадню таксама ўратаваць могуць напэўна толькі малабюджэтныя авіякампаніі, але не ўратуюць, бо ім у краіну ўваход забаронены. Дык няхай жа ковенскі аэрапорт надалей зарабляе на беларусах! А мы будзем упарта ганарыцца, што Абухава прымае часам транзытныя самалёты, робіць дазапраўку. Але гэта рэйсы грузавыя. Гораду яны як мёртваму прыпаркі. Калісьці Лужкоў зрабіў зусім танныя квіткі для гарадзенцаў да Масквы і назад. Але авіякампанія была на ўтрыманьні маскоўскага ўраду і збанкрутавала. У самім Абухаве ўсё спрабуюць з Калінінградам замацаваць рэйс, але нам туды ня трэба. Ня кажучы: дорага бяруць.

... Напярэдадні выходных я вяртаўся з Друскенік. У аўтобус на Горадню сеў малады польскі электрык зь Лёндану. Раніцай прыляцеў у Коўна, каб трапіць на вясельле ў Горадню, дакладней, за трыццаць кілямэтраў – у Скідзель. Сябар ажаніўся зь беларускай. Чалавеку няўцям: чаму побач з тым Скідзелем аэрапорт Абухава, але прыляцець туды немагчыма? І ён мусіў сядаць на самалёт да Коўна, браць квіток да Друскенік, а там перасядаць на гарадзенскі аўтобус?

Пакуль што гарадзенцам хіба што марыць застаецца – пра паветраныя шары. Да Коўна, скажам. А там перасадка на самалёт.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG