Лінкі ўнівэрсальнага доступу

За здымку дома чыноўніка блогеру пагражае адказнасьць

  • БелаПАН

Кадар зь відэароліка

Кадар зь відэароліка

За відэаролік пра дом старшыні Сьветлагорскага райвыканкаму міліцыя канфіскавала ў блогера Генадзя Жулегі кампутар.

Кампутар быў канфіскаваны падчас агляду кватэры актывіста, праведзенага 17 жніўня з санкцыі пракурора.

6 жніўня Жулега зьняў відэа аб доме старшыні Сьветлагорскага райвыканкаму і разьмясьціў яго на сваіх старонках у сацыяльных сетках. Пасьля гэтага хтосьці разьмясьціў ролік на некалькіх навінавых сайтах, паведаміў актывіст карэспандэнту БелаПАН.

Жулега і раней здымаў ролікі пра жыцьцё ў райцэнтры, нявырашаныя сацыяльныя праблемы гораду, да прыкладу, пра адсутнасьць сьветлафораў, пра запусьценьне ў мясцовым парку, разьбітыя дарогі. «Дом старшыні райвыканкаму я здымаў, не адмаўляю. На ўсе пытаньні, на ўсе нявырашаныя праблемы ў горадзе ўлады адказваюць: няма грошай. Я гэтым ролікам паказаў, што грошы ёсьць, толькі вось выдаткоўваюцца яны на будаўніцтва дамоў для начальства, а не на вырашэньне праблем грамадзян», – патлумачыў блогер.

Міліцыя прыйшла з пастановай аб правядзеньні агляду жыльля. «Міліцыянты мне растлумачылі, што жонка старшыні райвыканкаму напісала на мяне заяву, што ролікам, разьмешчаным у інтэрнэце, я зганьбіў гонар і годнасьць яе сям'і, а інфармацыя на відэа носіць паклёпніцкі характар. Я лічу, што паклёпу, гэта значыць загадзя ілжывай інфармацыі, у роліку няма», – сказаў Жулега.

З пастановы міліцыі таксама вынікае, што жонка старшыні райвыканкаму просіць прыцягнуць актывіста да ўстаноўленай законам адказнасьці.

Паводле папярэдніх зьвестак, крымінальная справа ў дачыненьні да блогера не ўзбуджалася і не складаўся пратакол аб адміністрацыйным правапарушэньні. Міліцыянты паведамілі Генадзю Жулегу, што яго кампутар будуць правяраць, а потым будзе вырашацца пытаньне аб прыцягненьні яго да адказнасьці.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG