Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Беларусь – хронікі раёна. Хто ачарняе рэчаіснасьць?


Севярын Квяткоўскі

Севярын Квяткоўскі

Неяк мне пашчасьціла здымацца ў фільме творчай групы «Навінкі» (той самай, што выпускала аднайменную газэту). Фільм зваўся «Толькі мёртвыя нічога не баяцца». Пашчасьціла – бо здымачны працэс спадабаўся. Як і тэматыка: у стылі фільма жахаў распавядалася пра нюансы жыцьця ў сучаснай Беларусі.

Гэта меўся быць гратэск пра кантроль спэцслужбаў над жыцьцём грамадзянаў. Паводле сцэнара, у канцы ўсе ператвараюцца ў зомбі: і ахвары, і злачынцы. Натуральна, здымачнай пляцоўкай стаўся сапраўдны Менск і ваколіцы.

Паводле лёгікі сёньняшняга афіцыёзу – «ачарніцельства» чыстай вады. Нават калі словы «мастацкі фільм» напісаць самымі вялікімі літарамі.

***
А цяпер возьмем загалоўкі беларускіх СМІ апошняга часу:

Мянчук, які трапіў у кому пасьля канфлікту з ахоўнікам унівэрсама «Валгаград», памёр, не вяртаючыся ў прытомнасьць;

Мужчына самаспаліўся на беразе Сьвіслачы;

У Барысаве жанчына падпаліла мужа;

Жыхар Астраўца абліў сябе бэнзінам і падпаліў;

У Гомелі ахоўнікі гіпэрмаркета зьбілі наведнікаў;

Крымінальную справу за напад на кантралёра грамадзкага транспарту ўзбудзілі ў Горадні.

***
Руслан Мірзоеў задумаў і пачаў рабіць уласнае шоў, за што быў пакараны сям'ю суткамі арышту. Усяго тры ролікі: ад відэаэсэістыкі да пастаноўкі па матывах рэалій.

Апэратар праекту Антон Марчанка абышоўся папярэджаньнем. А на ўласнай старонцы патлумачыў сутнасьць таго, што плянавалася.

Anthony Marchenko: – Мы сьціпла пазыцыянуемся як рэклямнае агенцтва правакацыйнага маркетынгу, якое дапамагло рэалізаваць ідэю Руслана. І з камэрцыйнай складовай дапамагчы, і з прасоўваньнем.

Мяркую, досыць жорсткая рэакцыя ўладаў на дзейнасьць крэатыўнай групы выкліканая тэзісам Руслана:

– Трэба зьняць гэтыя ружовыя акуляры, якія нам дэманструюць на афіцыйных каналах. І паказаць сапраўднае жыцьцё ў спальных раёнах.

Зь іншага боку – «апазыцыйныя СМІ хочуць нас пераканаць, што народ супраць улады, што народ хоча пераменаў. Але гэта няпраўда! Глядзіце – народ за стабільнасьць!». Тонкі тролінг.

Зрэшты, калі б шоў Мірзоева зьявілася на адным з сайтаў, афіцыйна прызнаных апазыцыйнымі, хутчэй за ўсё, рэакцыі ўладаў не было б.

Проста, як і большасьць іншых, ідэолягі павяліся на правакацыйны маркетынг і ўспрынялі ўсё за чыстую манэту. Нібы сапраўды проста так просты рабочы заняўся грамадзянскай журналістыкай. Пры тым, што просты чалавек мусіць толькі працаваць, і па магчымасьці адпачываць.

Мірзоева фармальна пакаралі за ненарматыўную лексыку ў ягоным шоў. Але прадстаўнік генэральнай (!) пракуратуры Павел Радзівонаў нават не хаваў, што справа ня ў лексыцы:

– Руслан Мірзоеў і падобныя правапарушальнікі мусяць дакладна разумець, што сваімі дзеяньнямі яны могуць штурхнуць маладых людзей на злачынства. Падобная дзейнасьць ёсьць незаконнай і аніяк ня можа ўспрымацца грамадзтвам з усьмешкай. Мы мусім даваць прынцыповую грамадзкую ацэнку падобным дзеяньням, і спыняць іх на ўсіх узроўнях.

***
Выдумка і дакумэнт могуць гарманічна ўжывацца ў выпусках афіцыйных беларускіх навінаў: хрэстаматыйны ўжо прыклад з падкіданьнем шпрыцоў у намёт на Плошчы'2006.

Традыцыя ідзе з савецкага часу, калі адлюстроўвалася не рэальнасьць, а ўяўленьне пра рэальнасьць «партыі і ўраду».

Як назваць падобную перадачу? Не журналістыка, не дакумэнталістыка і не мастацкі фільм. Гэта – шоў. Як па мне, вытворцы БТ-шоў зьвінавацілі Руслана Мірзоева ў тым, што ён замахнуўся на іхную дырэкторыю. Толькі задачы ў Руслана і К былі бяскрыўдныя – пазабаўляць народ, зарабіць капейчыну. У БТ задача – маніпуляцыя грамадзкім меркаваньнем.

Ёсць стары савецкі анэкдот пра Вовачку, які глядзіць праграму «Время», і плача, так яму хочацца жыць у Савецкім Саюзе, які ён бачыць з экрану. Афіцыйныя беларускія мэдыі – гэта такая бясконцая праграма «Время».

Незалежныя СМІ, нават самыя заідэалягізаваныя, нельга зьвінаваціць у шоў як прынцыпе падачы інфармацыі. Іншая праблема, што незалежныя збольшага акцэнтуюцца на асьвятленьні праблемаў грамадзкіх актывістаў.

Паміж двума мэдыйнымі полюсамі застаецца цэлы кантынэнт незапатрабаваных тэмаў і сюжэтаў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG