Лінкі ўнівэрсальнага доступу

108 дзён у засьценках КДБ: Маёр Вазьняк, жудасныя маразы, Арастовіч сышоў, чарговы «алігарх»


Помнік Фэліксу Дзяржынскаму ў Менску

Помнік Фэліксу Дзяржынскаму ў Менску

Радыё Свабода публікуе разьдзелы кнігі Анатоля Лябедзькі «108 дзён і начэй у засьценках КДБ».

12 лютага, субота

Анатоль Лябедзька

Нарадзіўся у 1961 г. у вёсцы Трылес Стаўбцоўскага раёну Менскай вобласьці. Скончыў факультэт гісторыі і францускай мовы Менскага пэдагагічнага інстытуту, юрыдычны факультэт БДУ.

Дэпутат Вярхоўных Саветаў Беларусі 12-га і 13-га скліканьняў.

Адзін з ініцыятараў спробы імпічмэнту прэзыдэнта (1996).

Ад 2000 г. — старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі. Сустаршыня Палітычнай Рады Аб’яднаных дэмакратычных сіл.

За ўдзел у палітычнай дзейнасьці неаднаразова прыцягваўся да адміністрацыйнай і крымінальнай адказнасьці.

Жанаты, мае сына.

Пасьля акцыі пратэсту супраць фальсыфікацыі вынікаў выбараў быў затрыманы ў ноч на 20 сьнежня 2010 г. у Менску і зьмешчаны ў СІЗА КДБ.

Яму выставілі абвінавачаньне ў арганізацыі і ўдзеле ў масавых беспарадках.

6 красавіка 2011 г. вызвалены зь СІЗА КДБ пад падпіску аб нявыезьдзе.

23 жніўня крымінальная справа супраць яго была спыненая.

Праваабарончая арганізацыя «Міжнародная амністыя» прызнала Лябедзьку вязьнем сумленьня.
Сёньняшні дзень прынёс новую займальную гісторыю на тэму таго, што здаралася з палітвязьнямі ў «амэрыканцы». Распавёў яе таварыш Раманоўскі, і прысьвечана яна была таварышу Вазьняку.

Трохі абжыўшыся ў камэры і акрыяўшы, Сяргей Вазьняк заступіў на дзяжурства. І, па ўсім відаць, былы вайсковец, а цяпер палітвязень вырашыў зрабіць уражаньне на сукамэрнікаў і дзяжурнага па СІЗА. Маўляў, глядзіце, як трэба рабіць узорна-паказальныя даклады!

Не пасьпеў дзяжурны Ганс занесьці сваё цела ў камэру, як Вазьняк страявым, чаканячы крок, рушыў насустрач і добра пастаўленым голасам пачаў рапартаваць атарапеламу капітану. А ў канцы дакладу паставіў тлустую кропку: «Даклад скончаны. Маёр Савецкай Арміі Сяргей Вазьняк».

Задаволены сабой маёр трымаў грудзі як кола. І раптам па ўкормленым Гансавым твары прабегла зьдзіўленьне, якое зьмянілася непаразуменьнем: «Што-о-о?!» — закрычаў кадэбэшнік. «Маёр Вазьняк», — Сяргееў голас зрабіўся на паўтона ніжэйшы і цішэйшы. «Што-о-о?!» — перакошаны ад шаленства твар капітана торгаўся і гарлаў адначасова. «Падсьледны Вазьняк», — патухлы голас Сяргея быў блізкі да шэпту.

Як толькі за Гансам зачыніліся дзьверы, камэра захлынулася рогатам. Вось гэта ўзорна-паказальны даклад!

Ну што ж, людзі, якія ня страцілі ў «амэрыканцы» здольнасьці сьмяяцца, — рэальныя аптымісты. Люблю я гэтую катэгорыю людзей. Напэўна, пэсымісты дакладней могуць апісаць тое, што тут адбываецца, але толькі аптымісты нясуць перамены.

Сяргей Вазьняк

Сяргей Вазьняк



* * *

Апошнім часам ледзьве ня штодня ў нас праходзяць дыскусіі, якія ня маюць нічога агульнага зь перасоленым селядцом, сіняй анучай-дыванком ля ўваходу з маляўнічым надпісам «Сапраўдны палкоўнік» і вячэрнім наведваньнем сарціра. Выходзім на парадак дня агульнабеларускага і міжнароднага гучаньня. Не сядзець жа ўвесь час у дрыгве дробных побытавых праблемаў і буйнамаштабнага гвалту і цынізму.

Сёньня абмяркоўвалі такую істоту, як прызначаны дэпутат. Забаўная выйшла размова. Для пачатку правялі гульню: колькі дэпутатаў ты ведаеш? Я наскроб прозьвішчы чатыры, зь іх парачка знаёмых з часоў Вярхоўнага Савету 12-га скліканьня. У астатніх — практычна па нулях. Розум тужыцца, але нічога ў галаву не прыходзіць. Але ж калі верыць афіцыйным дадзеным, то ў 2008 годзе за гэтых людзей прагаласавала большасьць выбаршчыкаў, 50 адсоткаў ад сьпісу ўсіх выбаршчыкаў плюс адзін голас. Прычым ужо ў першым туры. Гэта абсалютны эўрапейскі рэкорд! Трэба быць супэрпапулярным і вядомым, каб заручыцца такой фантастычнай падтрымкай людзей. Ды яшчэ з улікам таго, што адначасова за мандат змагаюцца яшчэ чатыры-пяць прэтэндэнтаў. І раптам выяўляецца, што праз два гады ў выбаршчыкаў поўная амнэзія. Яны ня памятаюць, ня ведаюць гэтых папулярных палітыкаў. Гэта можа азначаць толькі адно: у 2008 годзе кандыдатаў не выбіралі, іх прызначылі. Выбарчая кампанія яшчэ не стартавала, а сьпіс «дэпутатаў» ужо ляжаў на стале ў беларускага кіраўніка. Таму няцяжка здагадацца, якая місія такога «дэпутата». Яна вельмі простая: моўчкі націскаць на кнопку пры галасаваньні. Наўзамен яму дазваляюць чатыры гады пасьвіцца на лужку каля «Чырвонага дома». Праўда, усе, хто скубе зеляніну, — на моцнай прывязі і пад пільным наглядам паганятага. Заклікаць да сумленьня такога «дэпутата» бескарысна. Нагадваць пра ягоныя абавязкі — бессэнсоўна.

Адзін час у асобных міжнародных арганізацыяў была спакуса навучыць асновам дэмакратыі гэтых дэпутатаў-чыноўнікаў. Ды тыя і самі палка падтрымлівалі гэтую ідэю, яшчэ ў 2000 годзе, калі вырашалася пытаньне, ці даць Палаце прадстаўнікоў месца ў Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ. Тады лукашэнкаўскія прызначэнцы прысягалі, што жадаюць вучыцца дэмакратыі. Але як гэта зрабіць, калі ты не прадстаўлены ў Асамблеі? У каго браць урокі? І вось ужо дзесяць гадоў палатнікі «вучацца», а Ута Цапф (кіраўніца рабочай групы па Беларусі) іх вучыць у ПА АБСЭ. Менавіта ў гэтыя дзесяць гадоў і было прынята заканадаўства, якое дазваляе ўладзе ажыцьцяўляць шырокамаштабныя рэпрэсіі па ўсёй Беларусі і якое ператварыла краіну ў тэрыторыю савецкага мінулага. Дый наша тут прысутнасьць так ці інакш фармальна запакаваная ў папяровыя законы, праштампаваныя палатнікамі.

* * *

Сёньня дзень генэральнай прыборкі. Камэра атрымлівае інвэнтар: швабру, вядро, анучу. Часам і жменю парашку. Выдаецца кіпяцільнік грэць ваду. Усе кешары, пакеты з-пад нараў перакачоўваюць наверх. Адзін падмятае вышчарбленую падлогу, другі пеністай гарачай вадой спрабуе ня толькі вымыць, але і трохі адагрэць халодны бэтон пад нагамі. Астатнія, каб ня блытацца пад мяцёлкай, — на верхніх нарах. Яны чакаюць, калі можна будзе трапіць на гэтую вільготную падлогу і атрымаць дадатковы кубак гарачай гарбаты.


ПАРАЛЕЛЬНЫ СЬВЕТ





13 лютага, нядзеля


На вуліцы жудасныя маразы. Шпацыр робіцца не асалодай, а выпрабаваньнем, таму гуляем гадзіну. Але мне і гэта ня ў кайф. Зноў захварэў. Ужо ў суботу паплыў. Ноччу спаў урыўкамі, адным вокам. З трэцяй спробы ўпрасіў зьмену даць лекі. Пашанцавала, што трапіў на Рамана-малодшага. Прыняў конскую дозу — трохі палягчэла, і адразу прыйшоў сон. Раніцай давялося адклейваць цела ад таго, што тут служыць за ложак.

У гэтай будцы з бэтону, затхласьці і холаду арганізм робіцца ўразьлівым і безабаронным, да яго ліпне любая інфэкцыя. А ў выходныя трэба разьлічваць толькі на самалячэньне. Прагназую, што ў панядзелак у мэдпункт выстраіцца чарга.

Хвароба паралізавала ўсякую фізычную актыўнасьць. Падзеі ёсьць, думкі ёсьць, але ня пішацца, не працуецца.

Грэемся размовай. Пасьля абеду традыцыйная гадзіна дыскусіяў. Гэтым разам спрабуем вывесьці аптымальную формулу колькасьці кандыдатаў у прэзыдэнты
Грэемся размовай. Пасьля абеду традыцыйная гадзіна дыскусіяў. Гэтым разам спрабуем вывесьці аптымальную формулу колькасьці кандыдатаў у прэзыдэнты. Я пераканана і пасьлядоўна адстойваю адзінага кандыдата ў прэзыдэнты — кандыдата ад прыхільнікаў пераменаў. Хоць, калі шчыра, па энэргетыцы, па драйву апошняя прэзыдэнцкая кампанія была ярчэйшая і мацнейшая за папярэднія. Так што ня ўсё вызначаецца колькасьцю.

Гэтым разам улада, здаецца, перайграла саму сябе. У «Чырвоным доме» вырашылі дапусьціць да выбараў ледзьве ня ўсіх носьбітаў прэзыдэнцкіх амбіцыяў. Як выявілася, камандам ня трэба было абцяжарваць сябе зьбіраньнем 100 тысяч подпісаў выбаршчыкаў. А справа гэтая цяжкая і клапотная. Ані ў кога не ўзьнікала пытаньняў па факце збору неабходнай колькасьці галасоў да штабоў трох кандыдатаў — Саньнікава, Някляева, Раманчука. Плюс Лукашэнка. Да ўсіх астатніх такія пытаньні былі. Мы, да прыкладу, перасягнуўшы адзнаку ў 128 тысяч, мусілі спыніць збор подпісаў: не дазваляў бюджэт. Так што аб’ектыўна працэдуру рэгістрацыі павінны былі прайсьці чалавек пяць, ня болей. Але ў тых, хто пісаў сцэнар прэзыдэнцкай кампаніі, былі іншыя мэты і задачы.

Кандыдатам у прэзыдэнты трэба было не сабраць 100 тысяч рэальных подпісаў, а фармальна даць такую колькасьць няважна адкуль узятых аўтографаў. Ярмошына атрымала ўказаньне рэгістраваць усіх прэтэндэнтаў з прыкметамі апазыцыйнасьці. Ярмошына зарэгістравала! Разьлік на расфакусоўку ўвагі выбаршчыка. Адзін кандыдат ад улады і тузін — ад апазыцыі. У Лукашэнкавых апанэнтаў былі розныя магчымасьці весьці кампанію. Хтосьці працаваў па ўсёй краіне, хтосьці проста абазначаў сваю прысутнасьць. Але кожны выбаршчык мог выбраць таго кандыдата і тую праграму, якія адпавядалі ягоным уяўленьням пра новага прэзыдэнта Беларусі. Іншымі словамі, выбар аказаўся больш разнастайны, чым у 2001 і 2006 гадах. Да таго ж адчувалася псыхалягічная стомленасьць ад адной асобы, ад адных вусоў.

Лідзія Ярмошына

Лідзія Ярмошына



Плюс улада вырашыла трохі адпусьціць цуглі. І ў выбаршчыкаў, у кандыдатаў у прэзыдэнты галава пайшла кругам. Людзі цешыліся самім малюнкам: самотныя зьбіральнікі подпісаў за Лукашэнку і чэргі з ахвотных падтрымаць лідэрскую тройку ад апазыцыі. Далей — болей. Перапоўненыя залі з ужо забытай энэргетыкай пачатку 90-х. Трыццаціхвілінныя выступы ў жывым эфіры і без цэнзуры. Можна толькі здагадвацца, што адчуваў беларускі кіраўнік, бачачы ўсё гэта. Уяўляю, колькі высілкаў спатрэбілася Лукашэнку, каб суняць свае страхі, каб не пачаць махаць шабляй яшчэ да 19 сьнежня. Ён дацярпеў. А паралельна ішла інтэнсіўная праца па падрыхтоўцы пляну разгрому апазыцыі.

У мяне пытаюцца: ці можна было выйсьці на адзінага кандыдата ў прэзыдэнты ад прыхільнікаў пераменаў? Так, такі шанец быў. Адзіны кандыдат — гэта пытаньне працэдуры. Мы яшчэ ў 2005 годзе прапаноўвалі рэалізаваць працэдуру праймэрыз (народнага галасаваньня). Тады не пракаціла. Але напярэдадні новай прэзыдэнцкай кампаніі было відавочна, што ісьці на выбары ў адзежцы пяці- і дзесяцігадовай даўніны нельга. Пасьля кожнай кампаніі зьяўляўся попыт на працэдуру зь вялікай колькасьцю ўдзельнікаў. У 2001 годзе адзіны кандыдат у прэзыдэнты Ўладзімер Ганчарык быў вынікам дамоўленасьці ў кулюарах. У 2006-м пэрсанальная альтэрнатыва вызначалася на Кангрэсе дэмсілаў. Каля тысячы чалавек прымала ўдзел у працы самога кангрэсу і некалькі тысяч было задзейнічана ў яго падрыхтоўцы.

У 2010 годзе гэтага было ўжо недастаткова. І гэта разумелі ня толькі ў Аб’яднанай грамадзянскай партыі.

Прадстаўнікі больш як дзясятка палітычных і грамадзкіх арганізацыяў распрацавалі і ўзгаднілі працэдуру народнага галасаваньня па выбарах адзінага кандыдата ў прэзыдэнты ад прыхільнікаў пераменаў. Якія яе галоўныя і бясспрэчныя вартасьці?

Давайце ўявім, што ўсе зарэгістраваныя кандыдаты ў прэзыдэнты (вядома, за выключэньнем аднаго) сталі ўдзельнікамі праймэрыз за год-паўтара да пачатку прэзыдэнцкай кампаніі. Першае, што яны мусілі б зрабіць, — гэта пакінуць офіс і пайсьці ў народ. Бо паводле працэдуры патэнцыйным удзельнікам галасаваньня мог быць кожны грамадзянін Беларусі, які дасягнуў васямнаццацiгадовага ўзросту. Але яго ўвагу трэба заваяваць. Яго давер і падтрымку трэба заслужыць. Такім чынам, у палітычных структур і носьбітаў прэзыдэнцкіх амбіцыяў зьяўляецца моцная матывацыя для працы зь людзьмі.

Па-другое, кандыдатам ад прыхільнікаў пераменаў катэгарычна не хапае часу! Месяца агітацыйнай кампаніі відавочна недастаткова для таго, каб данесьці і растлумачыць выбаршчыку сваю праграму. Праймэрыз дазваляюць павялічыць гэты час у разы.

Народнае галасаваньне прыўносіць у асяродзьдзе апазыцыі зусім іншую якасьць узаемадзеяньня. Замест валтузьні пад дываном прыходзіць канкурэнцыя на здаровай аснове. Калі вы прыйдзеце да прахадной трактарнага заводу, каб знайсьці там сваіх прыхільнікаў, але ў сваіх прамовах акцэнт будзеце рабіць на тым, што Мікалай Іванавіч такі, а Ігар Пятровіч сякі, то пралетарыят, і ня толькі ён, пашле вас коратка, але вельмі далёка. Людзям трэба іншая вестка. Ім патрэбная ваша пазыцыя па прыватызацыі. Яны хочуць ведаць, як вы будзеце прыцягваць у краіну непасрэдныя інвэстыцыі, як вы зьбіраецеся змагацца з карупцыяй. Гэта значыць, што кандыдатам трэба мець не набор лёзунгаў і заклінаньняў, а выразныя, прапрацаваныя праграмы. Гэта яшчэ адзін стымул нешта рабіць.

Што мог бы мець пераможца праймэрыз, якія так і не адбыліся?

  • 1. Высокі рэйтынг пазнавальнасьці і падтрымкі яшчэ да старту прэзыдэнцкай кампаніі.
  • 2. Статус ня толькі адзінага кандыдата ў прэзыдэнты, але і лідэра прыхільнікаў пераменаў. Высокую легітымнасьць забясьпечвала б вялікая колькасьць людзей, якія возьмуць удзел у галасаваньні: паводле задумы арганізатараў — ня менш за 100 тысяч чалавек.
  • 3. Каманду, якая ўваходзіла б у выбарчую кампанію ўжо мабілізаванай і працаздольнай.
  • 4. Шырокі рух, часткай якога маглі быць усе, хто паставіў свой подпіс у яго падтрымку.

Чаму гэтага ня здарылася?

Ня ўсе пагадзіліся ставіць свае подпісы пад ужо ўзгодненым дакумэнтам. Зь цяжкавагавікоў адмовіўся Аляксандар Мілінкевіч.

Магчыма, калі б мы патрапілі правесьці народнае галасаваньне і ўвайсьці ў прэзыдэнцкую кампанію з адзіным кандыдатам, удалося б пазьбегнуць таго, што мы цяпер перажываем.


ПАРАЛЕЛЬНЫ СЬВЕТ





14 лютага, панядзелак


Сёньня сышоў Арастовіч, і ў мяне зьмяшаныя пачуцьці. З аднаго боку, я рады за яго. Шчыра. Як ня цешыцца, калі чалавек вырываецца зь пекла, вяртаецца ў сям’ю, да ўлюбёнай працы. А з другога — гэта страта, якую цяжка запоўніць. Мы добра адчувалі і разумелі адзін аднаго, мы рэальна дапамагалі адзін аднаму. Мяне, вядома, вельмі зьдзівіла, што нас з Аляксандрам зьмясьцілі ў адну камэру. Я яшчэ падумаў: значыць, нехта з нас не ўяўляе ніякай цікавасьці для сьледзтва. Праўда, у адрозьненьне ад мяне, Арастовіча сьледчы не забываў. Яго нават прапусьцілі праз дэтэктар хлусьні. Дарэчы, пытаньні збольшага тычыліся не самога арыштанта, а Статкевіча, у тым ліку і асабістага жыцьця Мікалая.

У апошні тыдзень сустрэч Аляксандра са сьледзтвам стала больш. Так што рашэньне лунала ў паветры.

Сёньня Сашу чарговым разам выклікалі на допыт. Вярнуўся ўсхваляваны, твар у чырвоных плямах, нават зьлёгку заікаецца. Адчувалася, што ў яго ёсьць нейкая важная інфармацыя. Тут кожны баіцца спудзіць удачу, бо столькі і столькіх падманваюць. Але калі прагучала: «Рыхтуйцеся з рэчамі на выхад», стала зразумела, што Саша сыходзіць зусім. Ён тут жа раздаў усё, што можна: цёплыя шкарпэткі, фільтар для вады, гарбату, сухары, шакаляд. Я ўпісаў яму ў сшытак тэлефон і шапнуў: патэлефануй маім. Упэўнены, ён выканае маю просьбу!

Уладзь Яроменак

Уладзь Яроменак



Валодзя Яроменак тут жа запхнуў ногі ў цёплыя вязаныя шкарпэткі ад Арастовіча. Твар распоўзься ва ўсьмешцы. У гэтага хлопца дзіўная здольнасьць шчыра радавацца нават малому пазытыву. Дзьверы за Аляксандрам зашпіліліся на замок, і ўсе паглыбіліся ў маўклівыя роздумы. Я ведаю, пра што думае кожны. Кожны б хацеў быць на месцы Аляксандра. І я не выключэньне.

* * *

Час каціўся да адбою. Вячэрняя чыстка пёраў. Я ўжо рыхтаваўся залазіць у свой кокан. Нішто не прадвяшчала сюрпрызаў. Але неспадзяванка здарылася. Заскрыгаталі завесы, у прачыненыя дзьверы ўвагнулася нечае цела і, выпрастаўшыся, абярнулася чарнявым чалавекам. Не малады і не стары, у доўгім цёмным паліто, якое чымсьці нагадвала салдацкі шынель. Позірк ягоны разгублена і бездапаможна сьлізгаў па прасторы, па навакольных прадметах, але ні на чым не затрымліваўся. Ноздры ўздрыгвалі. Ці то ад холаду, ці то ад пахаў. Здавалася, нейкая невядомая сіла перамясьціла чалавека з аднаго сьвету ў іншы, і гэтыя два сьветы зусім не падобныя адзін да аднаго. Гэта як падарожжа з раю ў пекла. Зрэшты, сіла гэтая вядомая. Перасоўваецца на мікрааўтобусе. Можа і молатам пастукаць у дзьверы. Можа і ў лес вывезьці. І гэта залежыць не ад закону, а ад фантазіяў і настрояў тых, хто мае карт-блянш.

Навічка велічалі Ігарам. Акрамя казённых рэчаў (пасьцельныя рэчы, кухоннае начыньне) у руках у хлопца быў невялікі пакет. Можна было меркаваць, што ў лепшым выпадку там толькі туалетныя рэчы — зубная шчотка ды паста. Перш за ўсё яго абрадавалі, што яму пашанцавала, бо мае свой ложак. Няхай жалезны, няхай цьвёрды, але ўсё ж не драўляны насьціл. Ён стомлена ўсьміхнуўся. Мэханічна заслаў сваю новую пасьцель. Разьдзеўся да бялізны. «А вось гэта ты дарма, тут ня Рыё-дэ-Жанэйра». Гэтая бясплатная парада не спатрэбілася. Навічок зарыўся ў тое, што павінна было б называцца падушкай. Усё! Адбой! Усё астатняе на заўтра.


ПАРАЛЕЛЬНЫ СЬВЕТ





15 лютага, аўторак


Раніцай нашым вачам адкрылася забаўная карцінка. Учора Ігар клаўся спаць у бялізьне, як і мае быць у нармальным, звыклым асяродзьдзі. Зранку ж ён ляжаў цалкам апрануты, зашпілены на ўсе гузікі. Больш за тое, паўзьверх коўдры ўкрыўся яшчэ палітонам накшталт шыняля. Што ж, карысьней адзін раз адчуць на сваёй скуры, чым слухаць чужыя парады, нават калі яны ад чыстага сэрца.

Першая рэакцыя навічка на каманду «Пад’ём»: «Чорт, як можна спаць пры такой тэмпэратуры?!» Аказваецца, можна. І ня толькі спаць, але і шмат чаго яшчэ рабіць.

Ігар Каранеўскі — намесьнік дырэктара камэрцыйнай фірмы. Недзе тут і яго начальнік. Учора ўвечары ўзялі. З тэчкай фінансавых дакумэнтаў
Пры дзённым асьвятленьні разгледзелі папаўненьне бліжэй. Сымпатычны брунэт. Густыя бровы, правільныя рысы твару, дагледжаныя рукі. Пазнаёміліся яшчэ раз. Ігар Каранеўскі — намесьнік дырэктара камэрцыйнай фірмы. Недзе тут і яго начальнік. Учора ўвечары ўзялі. З тэчкай фінансавых дакумэнтаў. Адзінае, што дазволілі, — заехаць дадому літаральна на пяць хвілін. Схапіў шчотку, пасту зубную ды паведаміў родным. Ну што ж, хоць гэта па-хрысьціянску.

Ігар уладкоўваецца на нарах, якія вызваліліся пасьля Сашы Арастовіча. Зрэшты, акрамя туалетных рэчаў, у Каранеўскага нічога няма. Знаёмая сытуацыя. Будзем дапамагаць адаптавацца. У першыя дні асабліва дыскамфортна і няўтульна, тым больш калі ўпершыню сутыкаесься твар у твар з пэнітэнцыярнай сыстэмай. Ад такога прыёму, як цяпер пад дахам СІЗА КДБ, можа і ўласны дах паехаць. Ці ёсьць у навічка загартоўка і запас трываласьці, даведаемся ў бліжэйшыя колькі дзён.

Першае, пра што Ігар заявіў рашуча і катэгарычна, — што не гуляе ў азартныя гульні. Гэта была рэакцыя на запрашэньне згуляць у косьці. Так што ў гэтым пляне нашы чаканьні зьмяніліся расчараваньнем. Давядзецца нам з Раманоўскім рэзацца адзін з адным. А зь ім гэта заўсёды няпроста. Патрэбен нехта яшчэ ў якасьці падушкі бясьпекі. Без Арастовіча цяпер будзе вясёлая гульня!

З даволі блытанага аповеду Каранеўскага мы зразумелі, што іх з шэфам абвінавачваюць у фінансавых махінацыях. Але ён спадзяецца, што не затрымаецца надоўга ў сьценах «амэрыканкі». Ну што ж, так думае кожны, хто сюды трапіў. А вось статыстыка сьцьвярджае, што большасьць праседжвае ў СІЗА год і даўжэй.

Паступова знаёмім навічка з распарадкам яго новага жыцьця. Ён на ўсё глядзіць круглымі вачыма. На трохногую тумбачку з наборам жалезна-плястыкавага посуду. На жалезны зэдлік, на якім, калі не падкласьці пару газэт, сядзець немагчыма. Пятая кропка элемэнтарна падмярзае. На горку мандарынавых лупінак каля дзесяцілітровага цэбра.


ПАРАЛЕЛЬНЫ СЬВЕТ





Папярэднія разьдзелы

Ноч разарваў доўгі званок...

Начны штурм і «Hilton-амэрыканка»

Грахоў на дзесяцёх, праблемы з вадой і каналізацыяй

Маскарад, першы раз у душы

І ў прыбіральні няма спакою, камэра асаблівага рэжыму, хованкі з пракурорам

«Народная воля» ў камэры, адпускаюць дадому, бег ланцугом

Правакацыя зь «біятуалетам», прынцып «або ўсё, або ніхто», аголены на расьцяжцы

Успаміны пра 2006-ты, псыхоляг-патолягаанатам, нікатынавы Чарнобыль

Крыкі з «пакоя катаваньняў», як выкрадалі Аліневіча, турэмны фітнэс

Абмянялі на Фядуту, характарыстыкі Статкевіча, новыя суседзі

«Сакрэты» Радзінай і Бандарэнкі, шчасьце мець кіпень, выхаваньне холадам, без Аляксандра

Зьяўленьне Арастовіча, аналітык камітэту, засьмярдзела шантажом

Дуліна пратэсту, эпідэмія Адамовіча, катаваньні Баптыста, непапраўны і таму беспэрспэктыўны

Чырвоная паласа, біяграфія пабоеў, фільм пра фонд Маршала

Цырульня за кратамі, парады парадзіхам, Правадыр Лябедзька

Пра Чаргінца, казіно ў «амэрыканцы», «Саўбелія» шырокага ўжытку, канцлягер і прытон пад адным дахам

Партрэты турэмнікаў, Бальзак замест кавы, «Анатоль, танцуй!», Яроменак у камэры

Салідарнасьць Яроменка, пра Сьнегіра, у войска па блату
XS
SM
MD
LG