Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Абмеркаваньне справаздачы пра ўзьдзеяньне на навакольнае асяродзьдзе Беларускай атамнай станцыі праходзіць у Астраўцы.

У ім удзельнічаюць і грамадзяне Літвы, паколькі новабудоўля ўзводзіцца літаральна побач з беларуска-літоўскай дзяржаўнай мяжой. Заля, якая зьмяшчае больш як 400 чалавек, запоўненая цалкам.

У слуханьнях бяруць удзел першы намесьнік міністра прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяродзьдзя Беларусі Віталь Кулік, намесьнік міністра энэргетыкі Міхаіл Міхадзюк ды іншыя чыноўнікі.

Віталь Кулік заявіў, што Беларусь ужо правяла ўсе працэдуры па Канвэнцыі Эспаа з суседнімі краінамі, якія хацелі ўдзельнічаць у працэдурах. Аднак, ён нагадаў, што Літва заявіла ў камітэт па выкананьні Канвэнцыі Эспаа, што Беларусь абмеркавала толькі папярэднюю, але не канчатковую справаздачу і што гэта парушэньне. Камітэт парэкамендаваў афіцыйнаму Менску давесці да грамадскасці Літвы сутнасць канчатковай справаздачы.

Літоўскія грамадзкія арганізацыі, у тым ліку экалягічныя, вырашылі байкатаваць слуханьні. Яны заявілі, што не плянуюць удзельнічаць у «інсцэніроўцы грамадзкіх абмеркаваньняў» і зьвярнуліся да беларускага ўрада з патрабаваньнем спачатку спыніць будаўніцтва АЭС і толькі затым правесьці працэдуру ацэнкі ўзьдзеяньня на навакольнае асяродзьдзе, як таго і патрабуе Канвенцыя Эспаа.

Беларускі бок вінаваціць Літву ў негатовасьці да канструктыўнага ўзаемадзеяньня і сьцвярджае, што даў літоўцам вычарпальныя адказы на зададзеныя імі пытаньні.

13 жніўня міністар па пытаньнях навакольнага асяродзьдзя Літвы Валенцінас Мазураніс заявіў, што Беларусь спрабуе навязаць літоўскаму боку «дыскусію нямога з глухім».
XS
SM
MD
LG