Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Амэрыканскі прафэсар вывучае досьвед беларускамоўных


Амэрыканскі прафэсар Курт Вулхайзэр з маладымі гамельчукамі

Амэрыканскі прафэсар Курт Вулхайзэр з маладымі гамельчукамі

У Гомелі прафэсар амэрыканскага ўнівэрсытэту Брэндайс (Brandeis, USA) Курт Вулхайзэр вывучае стаўленьне новых беларускамоўных грамадзянаў да роднай мовы, якія ў абласным цэнтры сьвядома перайшлі на карыстаньне ёю.

У цэнтры ягонай увагі аказаліся маладыя гамельчукі, што выхоўваліся ў расейскамоўных сем’ях, але адчулі патрэбу размаўляць па-беларуску. Гэта найперш тыя гараджане, якія зьяўляюцца сябрамі моладзевай культурна-асьветніцкай суполкі «Талака».

«Мяне цікавіць, як моўная палітыка ўплывае ці не ўплывае на моўны выбар маладых людзей. Падобныя інтэрвію з маладымі людзьмі я праводзіў і ва Ўкраіне — у Харкаве і Кіеве. Павінен сказаць, што ў апошняе дзесяцігодзьдзе зьявілася шмат носьбітаў паўзабытых моваў і ў некаторых заходніх эўрапейскіх краінах. У той жа Гішпаніі, напрыклад. Мяне цікавіць праблема спыненьня моўнай асыміляцыі і выжываньня рэгіянальных моваў ў эру інтэрнэту, які таксама дае неблагія на гэта шанцы»,— сказаў у інтэрвію «Свабодзе» прафэсар Вулхайзэр.

У гутарцы з гамельчукамі прафэсар цікавіўся, як яны прыйшлі да перакананьня перайсьці на беларускую мову? Што паслужыла дзеля гэтага штуршком? Як паставіліся да такога выбару родныя рэспандэнтаў, сябры? А таксама, што азначае для іх быць беларускамоўнымі грамадзянамі, і што трэба рабіць у дзяржаве, каб мова ня зьнікла бясьсьледна?

Амэрыканскага навукоўца зьдзівіла і адначасова ўсьцешыла, што на беларускую мову зараз сьвядома пераходзяць ня толькі маладыя людзі з гуманітарнай адукацыяй, але й так званыя «тэхнары».

Сам прафэсар Вулхайзэр кажа, што ўдасканальваў сваю беларускую мову ў асяродку студэнцкай суполкі «Беларускі Бостан».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG