Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Ужо сёньня, 18 жніўня: Сьвята яблыкаў; дзень нараджэньня Макара Краўцова, дзень памяці Бальзака


Анарэ дэ Бальзак

Анарэ дэ Бальзак

Бліц-агляд падзеяў і тэмаў у Беларусі, сьвеце, гісторыі.

ПАДЗЕІ ДНЯ

Сьвята яблыкаў у Сілічах у Менскім раёне. Пачатак а 13.00.

Фэстываль кветак «Прыгажосьці зямной астравок» у гарадзкім пасёлку Жалудок Шчучынскага раёну Гарадзенскай вобласьці. Пачатак а 12.30.

ДЗЕНЬ У ГІСТОРЫІ

1227 — Пакінуў гэты сьвет Чынгісхан, заснавальнік і вялікі хан Мангольскай імпэрыі, арганізатар паходаў у краіны Азіі і Эўропы.

1924 — У Менску чэкісты арыштавалі лідэра антысавецкага падпольля Барыса Савінкава. На запрашэньне Юзэфа Пілсудзкага Савінкаў жыў у Польшчы, дзе ўдзельнічаў у падрыхтоўцы атрадаў Булак-Балаховіча да рэйдаў на тэрыторыю БССР. Для таго, каб завабіць Савінкава ў Менск, чэкісты стварылі фіктыўную антысавецкую арганізацыю пад назвай «Лібэральныя дэмакраты». Схоплены Савінкаў быў асуджаны на 10 гадоў і, паводле афіцыйнай вэрсіі, у турме скончыў жыцьцё самагубствам. Аднак гэтую вэрсію абвяргае Аляксандар Салжаніцын, які даказвае, што Барыс Савінкаў насамрэч быў забіты.

1941 — У мястэчку Зэмбін Барысаўскага раёну фашысты расстралялі каля тысячы мясцовых жыхароў-габрэяў. Як заўважае дасьледнік Вольф Рубінчык, пасьля гэтага габрэйскае жыцьцё ў Зэмбіне ўжо не адрадзілася. Між тым, яшчэ да рэвалюцыі гэтае мястэчка было шырока вядомае. Там ствараліся хаўрусныя банчкі — крэдытныя таварыствы, пра якія пісала віленская «Наша Ніва».

1958 — у ЗША выйшаў славуты раман Уладзіміра Набокава «Лаліта».

1968 — кіраўніцтва краін Варшаўскай дамовы ўхваліла ўвод войскаў у Чэхаславаччыну. Войскі СССР, ГДР, Польшчы, Вугоршчыны і Баўгарыі ўвайшлі на тэрыторыю Чэхаславаччыны 21 жніўня 1968 г. Вайсковая апэрацыя запыніла лібэралізацыю палітычна-эканамічнага жыцьця ў краіне і ўзмацніла ўладу Камуністычнай партыі Чэхаславаччыны.

У гэты дзень нарадзіліся:

1891 — Антон Васілеўскі, беларускі пісьменьнік, выдавец сатырычнага часопісу «Авадзень». «Авадзень» выходзіў на беларускай мове 2 разы на месяц у Вільні ў 1924-1933 гг.

1891 — Макар Краўцоў, беларускі пісьменьнік, публіцыст, грамадзка-палітычны дзяяч, аўтар словаў гімну БНР «Мы выйдзем шчыльнымі радамі».

1933 — Раман Палянскі, польскі кінарэжысэр сусьветнага фармату, які працаваў у Польшчы, ЗША, Вялікабрытаніі і Францыі. Паставіў такія фільмы як «Нож у вадзе», «Агіда», «Дзіця Розмары», «Бясстрашныя забойцы вампіраў», «Кітайскі квартал», «Тэс».

1936 — амэрыканскі актор Робэрт Рэдфард. Зьнімаўся ў такіх фільмах як «Буч Кэсідзі і Сандэнс Кід», «Вялікі Гэтсбі», «Тры дні Кондара», «Звычайныя людзі», «З Афрыкі».

У гэты дзень памерлі:

1227 — Чынгісхан, заснавальнік і вялікі хан Мангольскай імпэрыі.

1613 — Іпацій Пацей, царкоўны ўніяцкі і дзяржаўны дзеяч, аўтар шматлікіх палемічных твораў на старабеларускай і польскай мовах у абарону царкоўнай уніі.

1850 — Анарэ дэ Бальзак, адзін з найвыдатнейшых францускіх пісьменьнікаў. Ягоная празаічная сэрыя «Чалавечая камэдыя» складаецца з больш чым 130 раманаў і аповесьцяў, якія малююць панараму францускага грамадзтва ў пэрыяд 1815-1848 гг. Анарэ дэ Бальзак лічыцца адным з найбольш значных пачынальнікаў рэалізму ў сусьветнай літаратуры.

ЦЫТАТА НА ПАМЯЦЬ:

«Ніколі не вяртайцеся да мінулага — гэта вельмі небясьпечна. Працягвайце ісьці наперад».

Робэрт Рэдфард
XS
SM
MD
LG