Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзяржынскі міліцыянт, які зьбіваў людзей, падаў у суд на «Плятформу»


Як паведамляе сайт праваабарончай арганізацыі «Плятформа», супрацоўнік міліцыі зь Дзяржынскага РАУС Віталь Клімашэўскі падаў заяву з патрабаваньнем завесьці крымінальную справу на аўтара артыкула пра катаваньні ў Дзяржынскім РАУС на сайце арганізацыі.

Клімашэўскі патрабуе завесьці справу паводле артыкулаў 179 (незаконнае зьбіраньне або распаўсюджваньне інфармацыі аб прыватным жыцьці) і 188 (паклёп) Крымінальнага кодэксу Беларусі.

Аднак пасьля папярэдняга вывучэньня сутнасьці справы Клімашэўскаму адмовілі.

Атрымаўшы пастанову аб адмове ва ўзбуджэньні крымінальнай справы, Віталь Клімашэўскі напісаў заяву аб прыцягненьні аўтара артыкула да адказнасьці паводле артыкула 9.2 (паклёп) Кодэксу аб адміністрацыйных правапарушэньнях Рэспублікі Беларусь.

Чакаецца, што суд над аўтарам артыкула адбудзецца 19 жніўня ў 10.00 у судзе Партызанскага раёну Менску.

Гісторыя пачалася 17 сакавіка, калі супрацоўнікі міліцыі Віталь Клімашэўскі і Дзьмітрый Касьцевіч зьбілі дваіх маладых людзей, Сяргея Хачатурана і Віталя Ганчара. Міліцыя пазьней заявіла, што позна ўвечары хлопцы пачалі чапляцца да супрацоўнікаў ППСМ, якія несьлі сваю вахту на вуліцах Дзяржынску. У адказ міліцыянты ўжылі спэцсродкі і даставілі хлопцаў у РАУС.

Сяргей Хачатуран

Сяргей Хачатуран

Як высьветлілася, пасьля таго затрыманьня адзін з хлопцаў, Сяргей Хачатуран, трапіў у шпіталь з дыягназам «страсеньне мозгу». Такі ж дыягназ — страсеньне мозгу — мэдыкі паставілі і Віталю Ганчару, які ад удараў дубінкамі па галаве некалькі разоў траціў прытомнасьць.

Дзяржынскі раённы суд не знайшоў віны затрыманых Віталя Ганчара і Сяргея Хачатурана паводле адміністрацыйнай справы за дробнае хуліганства.

Сьведкамі па справе былі якраз міліцыянты, якія і зьбівалі хлопцаў 18 сакавіка — Віталь Клімашэўскі і Дзьмітрый Касьцевіч. У іхніх паказаньнях было шмат супярэчнасьцяў. У прыватнасьці, яны самі заявілі суду, што складалі пратаколы без прысутнасьці затрыманых, чые подпісы былі падробленыя.

У выніку судзьдзя спыніў вытворчасьць па гэтай справе.

Міліцыянтаў ніяк не пакаралі.
XS
SM
MD
LG