Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Надзея Дударэнка: «Мае дзеці прызнаныя дзецьмі, якія знаходзяцца ў „сацыяльна небясьпечным становішчы“. Ня ведаю — чаму?»

Маці прыёмных дзяцей Надзею Дударэнку зь мястэчка Парычы Сьветлагорскага раёну пасялковы савет выклікаў 16 жніўня на камісію на справах непаўналетніх. У позьве сьцьвярджаецца, што дзеці Дударэнкі знаходзяцца ў «сацыяльна небясьпечным становішчы». Да нядаўняга часу Надзея Дударэнка выхоўвала сямёх прыёмных дзяцей, дваіх зь якіх — Андрэя і Альбэрта — яна ўсынавіла. Пры канцы мінулага году на хадайніцтва раённага аддзелу адукацыі райвыканкам забраў у Дударэнкі пяцёх прыёмных дзяцей і разьмеркаваў іх у розныя інтэрнаты.

Старшыня Парыцкага пасялковага савету Галіна Шкрадзюк, камэнтуючы сытуацыю, паведаміла, што позву, дасланую Надзеі Дударэнка, адклікалі, бо камісіі па справах непаўналетніх пры нізавых саветах у канцы ліпеня былі зьліквідаваныя:

«Нікуды Дударэнка не выклікаецца: камісіі пры выканкамах мясцовых саветаў зьліквідаваныя пастановай Саўміну ад 24 ліпеня. Калі нам такую інфармацыю давялі, мы ёй патэлефанавалі й папярэдзілі, што паседжаньне адменена, праводзіцца ня будзе. Неспакой, канечне, ёсьць. Яна не пускае нікога дадому, а так быць не павінна. І да мяне прыходзілі клясныя кіраўнікі, калі дзеці былі малыя й хадзілі ў школу, і таксама правяралі ўмовы пражываньня. Ёсьць закон аб адукацыі. Гэта ж ня проста пішацца хадайніцтва — хтосьці не падабаецца, і яго выклікаюць. Для гэтага ёсьць падставы».

Адзін са старэйшых пэдагогаў Парыцкай школы, дзе вучацца двое прыёмных хлопчыкаў Надзеі Дударэнкі, якіх яна ўсынавіла, кажа, што Дударэнка не ідзе ні на якія кантакты са школаю:
Яна на кантакт са школаю не ідзе — яна супраць школы настроена

«Дэкрэт 18 прэзыдэнта ведаеце? Пастанову № 270 Саўміну? Там адзін з крытэрыяў такі: бацькі не ідуць на кантакт са школаю. Дык вось яна на кантакт са школаю не ідзе — яна супраць школы настроена. У яе калі й родныя дзеці вучыліся, яна рэдка ў школу хадзіла. Літаральна нядаўна я ішоў у школу на працу й чую, што адзін з усыноўленых хлопчыкаў кліча: „Мама, мама!“ А яна на іх — матамі. Гэта вы лічыце нармальным ці не, калі прыёмная маці ў дачыненьні да прыёмных дзяцей такое кажа?»

Пасьля таго, як у Надзеі Дударэнкі забралі пяцёх прыёмных дзяцей, была спынена й працоўная дамова зь ёй. Аддзел адукацыі палічыў, што ў прыёмнай сям’і ня створаныя належныя ўмовы для дзяцей: Дударэнка не вадзіла іх у дзіцячы садок і такім чынам не спрыяла сацыялізацыі, а ў школе яны не наведвалі ніякіх мерапрыемстваў так званага шостага дня.

Сама Надзея Дударэнка лічыла й лічыць, што з боку аддзелу адукацыі была помста за тое, што яна не змаўчала пра зьбіцьцё ў школе настаўніцай яе прыёмных хлопчыкаў. Бо перад тым яе сям’ю амаль восем гадоў ставілі ў прыклад, заахвочвалі рознымі прызамі і нават паказвалі пра яе фільмы на дзяржаўным тэлебачаньні.

Рашэньне райвыканкаму наконт вызваленьня ад абавязкаў прыёмнай маці пяцёх дзяцей Дударэнка аспрэчвала сёлета ў красавіку ў судзе. Аднак Сьветлагорскі раённы суд пастанавіў пакінуць пазоў без разгляду. Пастанову гэтую Надзея Іванаўна аспрэчвае ў судовых інстанцыях дагэтуль.
Мяне проста хочуць прыструніць, ведаюць маю слабіну, што дзеці на першым месцы

Адразу пасьля суду сына Надзеі, першаклясьніка Андрэя Дударэнку, зноў пабілі ў школе. Гэтым разам старэйшыя школьнікі. Маці не змаўчала. Новы інцыдэнт не паспрыяў паразуменьню паміж Дударэнкай і чыноўнікамі ад адукацыі.

Надзея Дударэнка: «Мае дзеці прызнаныя дзецьмі, якія знаходзяцца ў „сацыяльна небясьпечным становішчы“. Ня ведаю — чаму? Думаю, што гэта ня школа, не пасялковы савет вінаватыя. Гэта „зьверху“ чыноўнікі робяць так за тое, што я не маўчу, дамагаюся. Мяне проста хочуць прыструніць, ведаюць маю слабіну, што дзеці на першым месцы. Таму й вырашылі закрыць рот альбо наагул забраць і дваіх апошніх дзяцей. Бо ўчынак, калі ад мяне несправядліва забралі прыёмных дзяцей, застаўся беспакараным».

Ня выключана, што чыноўнікі яшчэ й перастрахоўваюцца. У тых жа Парычах Сьледчы камітэт нядаўна распачаў крымінальную справу аб згвалтаваньнях прыёмных дзяўчатак у доме сямейнага тыпу. Гвалтам займаліся бацька-выхавальнік і ягоны родны 17-гадовы сын.
XS
SM
MD
LG