Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У 2014 годзе абяцаюць сапраўдную прыватызацыю


Улады плянуюць прыцягнуць у 2014 годзе прамых замежных інвестыцый на 6,7 млрд. долараў, у тым ліку 4 млрд. долараў — за кошт прыватызацыі.

Паводле інфармацыі БелаПАН, адпаведныя прапановы эканамічных ведамстваў фармалізаваны ў рамках работы па падрыхтоўцы прагнозу сацыяльна-эканамічнага развіцця на 2014 год.

Плануецца, што сродкі ад прыватызацыі паступяць у выніку прыцягнення інвестыцый у беларускія вытворчасці, якія выкарыстоўваюць у асноўным імпартную сыравіну.

Заданні па прыцягненні прамых замежных інвестыцый прымаюцца ў краіне штогод. На 2012 год у Беларусі было зацверджана заданне па прыцягненні прамых замежных інвестыцый (ПЗІ) на 3,7 млрд. долараў, на 2013 год запланавана прыцягненне ПЗІ на ўзроўні 4,5 млрд. долараў.

Меркавалася, што 2,5 млрд. долараў у краіну штогод будзе паступаць ад прыватызацыі. Адпаведныя абавязацельствы краіна ўзяла перад крэдыторам — Антыкрызісным фондам ЭўрАзЭС. Разам з тым ад продажу акцый, што належаць дзяржаве, у 2012 годзе ў краіну паступіла толькі 3,2 млн. долараў. У першай палове 2013 года сродкаў ад прыватызацыі ў краіну не паступала.

Паводле звестак Дзяржкаммаёмасці, летась была заключана толькі адна невялікая прыватызацыйная здзелка — кантрольны пакет акцый «Аршанскага авіярамонтнага завода» быў прададзены ў пачатку года ўкраінскай кампаніі «Мотар Січ».

Між тым прадстаўнікі інстытута Мінэканомікі выказваюць меркаванне, што краіне неабходна пераходзіць да сістэмнай прыватызацыі. Такі пункт гледжання выказаў першы намеснік дырэктара Навукова-даследчага эканамічнага інстытута (НДЭІ) Мінэканомікі Віктар Пінігін у артыкуле, прысвечаным прагнозу на 2014 год, апублікаваным у ліпеньскім нумары «Экономического бюллетеня», які выдаецца інстытутам.

«У мэтах актывізацыі прадпрымальніцкай дзейнасці і павышэння эфектыўнасці вытворчасці неабходны пераход да сістэмнай прыватызацыі, асноўнай мэтай якой з’яўляецца павышэнне матывацыі і эфектыўнасці вытворчасці, развіццё рыначных асноў эканомікі, а спадарожнай — скарачэнне разрыву валютнай ліквіднасці, папаўненне дзяржбюджэту і золатавалютных рэзерваў», — мяркуе Пінігін.

На думку эканаміста, пераход да сістэмнай прыватызацыі прадугледжвае «дакладнае фарміраванне сістэмы мэтаў, прыярытэтаў, задач, прынцыпаў, крытэрыяў, форм, механізмаў, умоў яе ажыццяўлення і зробіць гэты працэс больш транспарэтным і прадказальным для ўсіх, у тым ліку для патэнцыяльных інвестараў»/
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG