Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Радашкавічах адзначылі 100-годзьдзе «Паўлінкі»


15 жніўня ў Цэнтры культуры і адпачынку ў Радашкавічах (Маладэчанскі раён) адбылося сьвяткаваньне 100-годзьдзя пастаноўкі п’есы Янкі Купалы «Паўлінка». Роўна сто гадоў таму гледачы ўпершыню ўбачылі «Паўлінку» якраз у Радашкавічах.

У межах «Вечарынкі ў Паўлінкі» распачала працу выстава «Янка Купала і тэатар», падрыхтаваная Дзяржаўным літаратурным музэем Янкі Купалы.

У 1913 годзе Янка Купала аддаў тэкст п’есы драматычнаму гуртку ў Менску, але афіцыйныя ўлады не далі дазволу на пастаноўку. Драмгурток пад кіраўніцтвам Фларыяна Ждановіча паставіў «Паўлінку», але спэктакль быў забаронены. Дзякуючы намаганьням Аляксандра Ўласава і самога Янкі Купалы быў атрыманы дазвол на паказ «Паўлінкі» ў Радашкавічах. Спэктакль адбыўся 15 жніўня 1913 году ў будынку мясцовай пажарнай дружыны.
Так Радашкавічы разам зь Вільняй і Санкт-Пецярбургам увайшлі ў тройку першых мясьцінаў, дзе была пастаўлена п’еса Янкі Купалы

«Гэта была прэм’ера „Паўлінкі“ на беларускай зямлі. Так Радашкавічы разам зь Вільняй і Санкт-Пецярбургам увайшлі ў тройку першых мясьцінаў, дзе была пастаўлена п’еса Янкі Купалы», — нагадаў літаратуразнаўца, пісьменьнік Пятро Васючэнка.

Паводле ягоных слоў, гэтая п’еса стала клясыкай. «У ёй мы назіраем архаічнасьць сюжэту, шэксьпіраўскае каханьне, багатую вобразнасьць, адкрыты фінал і важныя пытаньні, якія ставіць перад чытачамі п’еса. Купалаўская „Паўлінка“ ня проста несьмяротная, яна вечна юная, яна рэпрэзэнтуе Беларусь. Замежнікі прыходзяць на гэты спэктакль і, ня ведаючы беларускай мовы, усё разумеюць. Вечна юная „Паўлінка“ знаходзіць шлях у будучыню, адгукаючыся ў сэрцах ня толькі сталых людзей, але і моладзі», — адзначыў Васючэнка.

Падчас вечарыны адбылася творчая сустрэча з акторамі Нацыянальнага акадэмічнага тэатру імя Янкі Купалы Марыяй Захарэвіч і Паўлам Яскевічам.

«Калі я вучылася на акторку, мы кожны вольны вечар бегалі ў тэатар Янкі Купалы, у тым ліку глядзелі і „Паўлінку“. Я бачыла тады, я бачу і цяпер, што гэты спэктакль карыстаецца ў нас вялікім попытам. Рэакцыя гледачоў штораз прэм’ерная. Наша несьмяротная „Паўлінка“ жыве і хай працягвае жыць на радасьць людзям, якія павінны шанаваць памяць нашага народнага песьняра Янкі Купалы», — адзначыла Марыя Захарэвіч.

Павел Яскевіч прыгадаў, як яго прымусова адправілі ў тэатральны гурток, а пасьля ён атрымаў ролю пана Быкоўскага ў «Паўлінцы».

На мерапрыемстве таксама выступілі пісьменьнікі Віктар Шніп і Анатоль Бутэвіч, якія падкрэсьлілі значнасьць п’есы Янкі Купалы для нашага часу, паведамляе БелаПАН.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG