Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міністэрства аховы здароўя ня хоча аднаўляць Шэгу на працы


Іван Шэга

Іван Шэга

Звальненьне лекара Івана Шэгі, актывіста БНФ, «ня мела палітычнага падтэксту», — гаворыцца ў адказе Міністэрства аховы здароўя

Звальненьне лекара Івана Шэгі, актывіста БНФ, «ня мела палітычнага падтэксту», — гаворыцца ў адказе Міністэрства аховы здароўя на заяву Сойму партыі, прынятую 27 ліпеня.

Як паведамляе прэсавая служба партыі, у адказе міністэрства таксама адзначаецца, што ў адпаведнасьці з Працоўным кодэксам «заключэньне і скасаваньне працоўных дамоваў з работнікамі зьяўляецца правам наймальніка».

Іван Шэга — спэцыяліст вышэйшай катэгорыі, які адпрацаваў траўматолягам у Слонімскай раённай бальніцы 30 гадоў. У 2003–2007 гадах ён быў дэпутатам раённага савету, вылучаўся кандыдатам у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў. Нягледзячы на ранейшыя заявы кіраўніцтва раённага шпіталя пра намер працягнуць працоўны кантракт да лета 2014 году, Шэгу звольнілі.

У заяве Сойму Партыі БНФ адзначаецца, што звальненьне Шэгі выклікала абурэньне ў жыхароў Слоніма. У прыватнасьці, пачаўся збор подпісаў за аднаўленьне яго на працы. Падаваліся заяўкі на пікеты, але ўлады іх праводзіць не дазволілі.

«Сойм Партыі БНФ выказвае рашучы пратэст у сувязі з палітычна матываваным звальненьнем Івана Шэгі, выказвае салідарнасьць зь яго пацыентамі ў іх патрабаваньні пакінуць Івана Шэгу працаваць у Слонімскай раённай бальніцы, а таксама патрабуе неадкладна аднавіць яго на працы», — гаворыцца ў дакумэнце.
XS
SM
MD
LG