Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нямеччына хоча заставацца Мацькаўшчынай


Ангела Мэркель у Нямецкай акадэміі пякарства, Бэрлін, 2013

Ангела Мэркель у Нямецкай акадэміі пякарства, Бэрлін, 2013

У Нямеччыне ў верасьні адбудуцца выбары ў Бундэстаг. Паводле апытаньняў, выбары павінен выйграць Хрысьціянска-дэмакратычны саюз Нямеччыны (CDU), якім кіруе 59-гадовая канцлерка Ангела Мэркель.

Мэркель, якая стала канцлеркай у 2005 годзе і пераабіралася на гэтую пасаду ў 2009, мае рэальны шанец застацца і на трэці канцлерскі тэрмін. У кожным разе, 58% апытаных немцаў заяўляюць, што хочуць, каб самая магутная жанчына-палітык у сьвеце была іхнай канцлеркай і надалей.

У Нямеччыне Мэркель мае мянушку «Mutti» (Мама). Паводле адной з вэрсій, гэтую мянушку пусьціў у народ міністар эканомікі ў першым урадзе Мэркель, Міхаэль Глёс. У дзень яе пераабраньня канцлеркай у 2009 годзе Мэркель, выходзячы з будынку парлямэнту, сустрэла Глёса і, бачачы, што ён лёгка апрануты, параіла яму, каб ён надзеў паліто, калі ня хоча прастудзіцца. Глёсу настолькі запомніўся гэты «матчын клопат» пра ягонае здароўе, што ён распавёў пра гэты інцыдэнт усім сваім знаёмым, і мянушка пайшла ў людзі.

Назіральнікі палітычнай сцэны ў Нямеччыне зьвяртаюць увагу, што мянушка «Мама» ня надта пасуе Мэркель, якая ня мае дзяцей. Яны адзначаюць, што ёй больш пасуе мянушка «канцлерка для ўсіх», якую яна аднойчы ўжыла ў адносінах да самой сябе і якая час ад часу ўсплывае ў палітычных камэнтарах да яе палітычнага курсу.
XS
SM
MD
LG