Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лекар, які працаваў у Лібіі: Няма рычагоў ціску, каб вызваліць беларусаў


Два гады ўтрымліваюцца ў Лібіі чатыры беларусы — Фёдар Трусанаў, Валеры Гардзіенка, Ігар Ядзімічаў, Вячаслаў Качура. Усе — вайсковыя пэнсіянэры. Разам з двума дзясяткамі расейцаў і ўкраінцаў яны абвінавачаныя ў супрацоўніцтве з рэжымам былога дыктатара Муамара Кадафі. Днямі стала вядома, што дзякуючы зваротам амбасадаў тых краінаў, чые грамадзяне знаходзяцца ў зьняволеньні, вырак ваеннага суду скасаваны і справа перададзеная ў цывільныя інстанцыі. Ці падвышае новая акалічнасьць шанцы на вызваленьне? Пра адметнасьці арабскага мэнталітэту зь лекарам Аляксандрам Кавальчуком, які амаль год адпрацаваў у лібійскіх шпіталях, пагутарыў Ігар Карней.

У 2010 годзе група беларускіх мэдыкаў выправілася паводле працоўных кантрактаў у Лібію. Лекар-нэўроляг Аляксандар Кавальчук быў прыкамандзіраваны да шпіталя гораду Гадамэс — старажытнага аазісу пад патранатам ЮНЭСКО. У красавіку 2011-га паўтара дзясятка спэцыялістаў выправіліся дадому ў плянавы адпачынак, аднак, нягледзячы на зваротныя квіткі, атрымаць транзытныя візы праз суседнія краіны ўжо не ўдалося — з прычыны рэвалюцыйных падзеяў сухапутныя межы зь Лібіяй былі заблякаваныя, паветраныя зносіны спыніліся.

Як мяркуе спадар Кавальчук, ва ўмовах тагачаснай няпэўнасьці пагаджацца на прапановы працаўладкаваньня было раўназначна падпісаньню прысуду. У такую сытуацыю і трапілі больш за два дзясяткі беларусаў, расейцаў і ўкраінцаў, якіх у жніўні 2011-га затрымалі лібійскія паўстанцы. Летась на пачатку чэрвеня суд абвінаваціў іх у тым, што яны прыехалі працаваць з вайсковым абсталяваньнем, якое выкарыстоўвалася рэжымам Кадафі для зьнішчэньня лібійскага народу. Большасьць «ваенных злачынцаў», як клясыфікаваў іх суд, атрымалі па 10 гадоў турмы, адзін расеец асуджаны пажыцьцёва:

— Я думаю, ніхто ня зможа дыктаваць ім сваю волю, таму што няма ніякіх рычагоў, каб націснуць. Там усё вельмі і вельмі складана. Увогуле сытуацыю трэба разглядаць з двух бакоў. Адзін бок — гэта той выпадак, калі паехалі працаваць мы, і да гэтай місіі яны ставіліся вельмі паважліва. А гэтыя хлопцы трапілі туды ня ў той час — то бок сталі ахвярамі сваіх жа непрадуманых крокаў. Яны паехалі зарабіць грошы, прычым паехалі ў вайну. Думалі, што ўсё абыдзецца і будзе проста. З пачаткам хваляваньняў ад’ехалі расейцы, украінцы, беларусы, там адкрыліся вакансіі, бо не было каму працаваць. Яны палічылі, што прыедуць і заробяць на бязрыб’і шмат грошай. Вы ж ведаеце, як гэта бывае: калі няма каму рабіць, то можаш нейкія ўмовы выстаўляць. Але атрымалася зусім ня так, там немагчыма быць непрыкметным. Мы, эўрапейцы, адрозьніваемся ад мясцовых жыхароў вельмі істотна. Як толькі выйшаў на вуліцу, ты ў цэнтры ўвагі. А яны думалі, што будуць непрыкметныя, ніхто іх не заўважыць, ня будзе на іх зьвяртаць ніякай увагі. Гэта ня так, іх адразу ж вылічылі, паверце мне. Нідзе яны не «згубіліся».

— Становішча, на вашу думку, больш сур’ёзнае, чым вынікае з афіцыйнай інфармацыі?
Нельга было ехаць у вайну! Тым больш, ведаеце вы ці не, яны аказаліся былымі ваенспэцамі

— На жаль, так, уліплі яны сур’ёзна. У аднаго знайшлі «калаш» у машыне — ну дык што гэта такое? А яшчэ, мабыць, давялі інфармацыю, што яны на той базе працавалі з ваеннай тэхнікай. Таму і застаецца канстатаваць: як ёсьць, так ёсьць. Дарэчы, калі мы былі ў Гадамэсе і пачалася вайна, нам прапаноўвалі бараніць сябе, але арабы самі выставілі паліцэйскіх і нас ахоўвалі. У нас такое немагчыма нават уявіць. Зразумела, хлопцам там вельмі дрэнна — магу толькі ўявіць, калі іх так доўга трымалі ў ангары. Адзінае, што не забіралі мабільныя тэлефоны, пакуль не пратачыліся зьвесткі пра перамовы ў СМІ. Ня трэба было журналістам гэта рабіць у пагоні за сэнсацыяй… Шкада, што яны так папаліся, бо, мабыць, самі да канца не разумелі, куды едуць. Нельга было ехаць у вайну! Тым больш, ведаеце вы ці не, яны аказаліся былымі ваенспэцамі. І калі пачалі разьбірацца, то гэта толькі пагоршыла іхні стан. Каб былі простымі людзьмі, ніхто іх не крануў бы. А так яны — вольна ці нявольна — служылі Кадафі. Вось і ўвесь сэнс. Там усё досыць складана, зусім ня так трэба вырашаць гэтае пытаньне, як робяць нашы. І ня трэба ўсё афішаваць, бо арабы розгаласу ня любяць, іх гэта вельмі напружвае.

— Якое спадзяваньне на беларускіх дыпляматаў у Лібіі? І ці маглі б вы нешта параіць у гэтай сытуацыі?

— Са мной ніхто з чыноўнікаў не размаўляў на гэтую тэму, хоць мне ёсьць што сказаць і, магчыма, падказаць тым людзям, якім гэта магло б быць цікава і патрэбна. Варта напрошвацца ці не — ня ведаю, але там проста так нічога ня вырашыш. А наша амбасада — гэта проста статыст. Хоць гэта ўвогуле асобная размова, бо наша дыппрадстаўніцтва там — нуль бяз палачкі. Яны ні на што не ўплываюць. Мы з гэтым самі рэальна сутыкнуліся, і на амбасаду, на іх працу былі моцна раззлаваныя. Яны нам ня толькі нічым не дапамагалі, а першае, што зрабілі, — забралі нашы пашпарты. І паўгода мы працавалі, як тыя прастытуткі ў Эўропе ці дзе яшчэ. З аднаго боку — каб былі пад кантролем, зь іншага — аказалася, што недакладна аформленыя візы. Была трохмесячная віза, якая не давала права на працу. Узьніклі складанасьці, мы сядзелі без пашпартоў, бязь візаў і адчувалі сябе вельмі дрэнна. Калі мы ім тэлефанавалі, яны казалі адно: ну пачакайце, або вы ня ведаеце — гэта ж арабы, трэба чакаць, і ўсё будзе добра. Але тут надышлі прэзыдэнцкія выбары, і мы сказалі: калі вы не прыедзеце да нас і не дапаможаце, то мы ня пойдзем на выбары. Толькі пасьля гэтага яны пачалі варушыцца. Вядома, каб тут даведаліся, што група беларусаў не прагаласавала з такой прычыны, ім мала не падалося б. Яны тады пачалі да нас езьдзіць, і пытаньне было вырашанае. Дарэчы, вельмі хутка: за два тыдні нам аддалі пашпарты з адпаведнымі працоўнымі візамі. І мы спакойна дабылі, колькі было патрэбна.

— У Менску традыцыйна разьлічваюць на дапамогу Масквы — маўляў, Расея разруліць, тым больш у бядзе і яе грамадзяне…
Наша дыппрадстаўніцтва там — нуль бяз палачкі

— Я нават не бяруся казаць, якое ў іх зараз стаўленьне да Расеі. Бо, па сутнасьці, Расея кінула Лібію ў самы складаны час. Калі б Масква не паставіла подпіс, не дала дазвол, то не было б таго, што ўрэшце здарылася. Чаму Расея цяпер так упарта абараняе Сырыю? Таму што ў іх там ваенныя базы ў Міжземнамор’і, гэта расейскае апірышча ў рэгіёне. А калі ляжа Асад, то для іх гэта капец — Расеі на Блізкім Усходзе ня будзе. Яны ў Афрыцы прайгралі ўжо амаль усё: прайгралі Эгіпет, прайгралі Лібію, прайгралі па чарзе Туніс, Альжыр. Для расейцаў там ужо нічога добрага ня сьвеціць.

— Лібія здаўна прыцягвала замежных спэцыялістаў, добра аплачваючы іхнюю працу. А якое стаўленьне да сваіх?

— Увогуле там створаныя добрыя сацыяльныя ўмовы, узорнае само стаўленьне да простага народу. Прынамсі, тады было. Хоць Джамахірыя і лічылася сацыялістычнай рэспублікай, але ж адносіны паміж людзьмі, гаспадарнікамі былі рэальна рынкавымі. Калі чалавек не працаваў (а жанчыны там пераважна не працуюць), то ім плацілі дапамогу ў памеры дзесьці 250 даляраў. Калі прыяжджалі муж з жонкай, якая працавала, але не працаваў мужчына, бо ня мог знайсьці працу (такія выпадкі ў нас былі з украінцамі), то мужчыну плацілі 300 дынараў. Ім гэтага цалкам хапала на харчаваньне, бо за ваду, за электрычнасьць там ня трэба было плаціць — у іх лічыльнікаў нават няма, ці можна ў такое паверыць? Там сьвятло гарэла з раніцы да ночы і з ночы да раніцы. Бэнзін ведаеце, колькі там каштуе? Не бяруся казаць, колькі цяпер, але, мабыць, столькі ж, колькі і раней, да рэвалюцыі — 20 літраў за даляр.

— Ці можна параўноўваць заробкі беларускія і лібійскія?
Я ўжо шкадую, што таксама не паехаў

— Трэба сказаць, што яны вельмі зацікаўленыя ў нашых спэцыялістах, і, дарэчы, нашы паехалі туды зноў. У мяне тут якраз былі нейкія справы, і я ўжо шкадую, што таксама не паехаў. Была прапанова пяці лекарам вярнуцца назад, таму што ў іх складанасьці з кадрамі, і вось нашы паехалі. Усё там добра, ня горш, чым тут, паверце. Нават пры новых уладах. Мэдыкі ж апалітычныя, і гэта правільна, бо мы павінны проста добра выконваць сваю працу. Вось і ўсё. Што да заробкаў, то скажу так: у 5–7 разоў заробкі большыя, а працы ў 5 разоў меней. Дык чаму ж не працаваць? У такіх умовах усё можаш рабіць на пяць.

— Калі зноў выпадзе такі шанец, адважыцеся на новую камандзіроўку?

— Ох, мусіць усё ж адважуся. Бо напалохаць беларусаў чымсьці складана, а тут жыцьця таксама няма: за тыя 300 даляраў, што мы атрымліваем, жыць немагчыма. А там кошты такія самыя, як у нас, а заробкі значна вышэйшыя; прадукты ўсе дыетычныя, няма нідзе тлушчу. Вельмі здаровае харчаваньне, бо ня толькі няма тлушчу, а яны зусім не ўжываюць алькаголю. Таму і вынік адпаведны — вельмі высокая працягласьць жыцьця…
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG