Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Washington Post: АНБ парушала заканадаўства тысячы разоў


Амэрыканская газэта Washington Post апублікавала сакрэтную справаздачу з унутранай праверкі Агенцтва нацыянальнай бясьпекі (АНБ), якая фіксуе амаль 3 тысячы парушэньняў дзейнага заканадаўства адносна межаў праслухоўваньня амэрыканскіх грамадзянаў і замежнікаў на тэрыторыі ЗША.

Газэта ня піша, ад каго атрымала гэтую сакрэтную справаздачу, датаваную траўнем 2012, у якой знаходзіцца падсумаваньне аўдыту дзейнасьці АНБ за апошнія 12 месяцаў. Але газэта паведамляе пра іншы сакрэтны дакумэнт, атрыманы ад былога кантрактніка АНБ Эдварда Сноўдэна, які датычыць унутраных інструкцый АНБ, што супрацоўнікам агенцтва трэба пісаць, а што замоўчваць у просьбах аб судовым дазволе на праслухоўваньне грамадзянаў.

Паводле згаданага аўдыту, Агенцтва нацыянальнай бясьпекі парушыла амэрыканскае заканадаўства — закон 1978 году аб зборы сакрэтнай інфармацыі (Foreign Intelligence Surveillance Act) з папраўкамі 2008 году ды адпаведныя прэзыдэнцкія распараджэньні — 2776 разоў.

Большасьць гэтых парушэньняў былі ненаўмыснымі. Як прыклад Washington Post падае выпадак, калі з-за памылкі праграміста былі зблытаныя тэлефонныя коды Вашынгтону (202) і Эгіпту (20), і АНБ запісвала і праслухоўвала размовы амэрыканцаў з Вашынгтону, а не тэлефонныя званкі з Эгіпту.

Самыя сур’ёзныя выпадкі парушэньняў заканадаўства, паводле газэты, датычылі парушэньня судовых распараджэньняў адносна права на недатыкальнасьць прыватнага жыцьця ў выпадку 3 тысяч амэрыканскіх грамадзянаў і ўладальнікаў «зялёных картак».

Справаздача з праверкі ў траўні 2012 году, прызначаная выключна для вышэйшых кіраўнікоў АНБ, улічвае толькі парушэньні заканадаўства, якія агенцтва дапусьціла ў сваёй штаб-кватэры ў Форт Мід ды ў іншых аб’ектах у раёне Вашынгтону. Урадавыя чыноўнікі, які гаварылі з газэтай на ўмовах ананімнасьці, сказалі, што лік парушэньняў заканадаўства быў бы значна вышэйшы, калі б справаздача ўключала іншыя падразьдзяленьні АНБ і яе рэгіянальныя цэнтры збору інфармацыі.
XS
SM
MD
LG