Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навукоўцы з Унівэрсытэту штату Мічыган адзначылі ўсплёск актыўнасьці мозгу пацукоў, у якіх яны раней штучна выклікалі спыненьне дзейнасьці сэрца.

Мэтай экспэрымэнту была спроба вытлумачэньня фэномэну «відзежаў пасьля сьмерці», пра якія распавядаюць некаторыя людзі, якім удалося вярнуцца ў жыцьцё пасьля прабываньня ў стане клінічнай сьмерці, гэта значыць, у стане, калі спыняецца біцьцё сэрца і пастаўка кіслароду ў мозг.

У сярэднім каля 20% такіх пацыентаў распавядаюць потым, што яны выразна бачылі нешта, што можна назваць карцінай замагільнага жыцьця або нечага звышнатуральнага.

Магчыма, навуцы нарэшце ўдалося знайсьці фізіялягічную прычыну гэтага фэномэну.

Навукоўцы зь Мічыгану спынілі дзейнасьць сэрца ў дзевяці пацукоў і назіралі за актыўнасьцю мозгу пры дапамозе энцэфалёграфа.

На працягу 30 сэкундаў клінічнай сьмерці ў кожнага з пацукоў назіралася высокачастотнае электрамагнітнае выпрамяненьне з малой амплітудай хвалі, якая характарызуе высокую актыўнасьць мозгу.

Актыўнасьць мозгу, зьвязаная з апрацоўкай інфармацыі, была большая ў восем разоў за тыповую актыўнасьць мозгу жывога пацука. Актыўнасьць мозгу, зьвязаная з апрацоўкай пачуцьцёвых стымулаў, была ў пяць разоў вышэйшай, чым звычайна.

Дасьледаваньне супярэчыць агульнапрынятай сярод лекараў ісьціне, што пасьля клінічнай сьмерці актыўнасьць мозгу абрываецца зусім або зьяўляецца вельмі нязначнай.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG