Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Выступ Кена Хэнсьлі ў Менску адменены ўладамі без тлумачэньня прычын


Кен Хэнслі

Кен Хэнслі

Рок-музыкант зь Вялікабрытаніі Кен Хэнслі, былы ўдзельнік усясьветна вядомага гурту Uriah Heep, паведаміў у інтэрнэце, што беларускія ўлады забаранілі ягоны выступ у Менску, заплянаваны на 16 жніўня, і таму ён у Беларусь не прыедзе.

«Прывітаньне ўсім. На жаль, у мяне дрэнныя навіны. Канцэрт Ken Hensley & Live Fire Open Air Show у Менску адменены. Яго забаранілі беларускія ўлады. Прыношу выбачэньні ўсім, хто зьбіраўся ісьці ці набыў квіткі», — напісаў музыка ў Фэйсбуку.

15 жніўня прадпрыемства «Ціэнці», якое запрашала Кена Хэнсьлі ў Менск для ўдзелу ў цырымоніі ўручэньня музычнай прэміі рок-клюбу ТNТ, пацьвердзіла інфармацыю пра ягоны непрыезд, патлумачыла прычыны і абвясьціла пра магчымасьць атрымаць назад грошы за квіткі.

Паводле сайту tntrock.by, выступ Кена Хэнсьлі і групы Live Fire быў заплянаваны ў межах уручэньня «Прэміі ТNT» на пляцоўцы парку «Дрымлэнд». Мерапрыемства павінна было пачацца 16 жніўня а 18-й гадзіне, а выступ Кена Хэнсьлі плянаваўся на час пасьля 21.00 цягам дзьвюх гадзін. Аднак праводзіць мерапрыемства пасьля 21.00 забараніў Менгарвыканкам. Управа ідэалягічнай працы, культуры і спраў моладзі Менгарвыканкаму 12 жніўня даслала прадпрыемству «Ціэнці» ліст, у якім абмежавала час «...у сувязі са шматлікімі зваротамі грамадзян у пытаньні аб захоўваньні гукавога рэжыму падчас правядзеньня культурна-масавых мерапрыемстваў на тэрыторыі парку «Дрымлэнд».

У выніку прадпрыемства «Ціэнці» заявіла, што пераносіць уручэньне «Прэміі ТNT» у памяшканьне бару клюбу, і прапанавала тым, хто ўжо набыў квіткі, вярнуць за іх грошы.

Атрымаць камэнтар ва ўправе ідэалягічнай працы, культуры і спраў моладзі Менгарвыканкаму не ўдалося. Чыноўнікі ўправы, да якіх удалося дазваніцца, адправілі карэспандэнта Свабоды да намесьніцы начальніка ўправы Віталіны Рудзікавай, чый тэлефон не адказаў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG