Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вярхоўны суд разгледзіць скаргу «шпіёна» Гайдукова 27 жніўня


Андрэй Гайдукоў

Андрэй Гайдукоў

Касацыйная скарга асуджанага за спробу ўсталяваць кантакты з прадстаўнікамі замежных спэцслужбаў Андрэя Гайдукова будзе разгледжаная ў Вярхоўным судзе 27 жніўня. Пачатак паседжаньня а 9.30.

Юрыст Валянцін Стэфановіч перакананы, што Андрэй Гайдукоў не зьяўляецца злачынцам, але кажа, што меркаваньне праваабаронцаў, на жаль, ня будзе ўплываць на хаду судовага паседжаньня і на пазыцыю Вярхоўнага суду.

Валянцін Стэфановіч

Валянцін Стэфановіч

«Мы лічым, што ў дадзеным выпадку гаворка ідзе выключна пра правакацыю злачынства. Таму што Гайдукоў ня меў кантактаў з замежнымі разьведкамі і ня мог іх мець апрыёры. Тое, што зь ім здарылася, рабілася з ініцыятывы ў тым ліку і органаў дзяржаўнай бясьпекі. Таму мы лічым, што ў яго дзеяньнях няма складу злачынства. А ці будзе падтрымліваць такую пазыцыю Вярхоўны суд — цяжка сказаць. Да перакваліфікацыі злачынства, калі Гайдукову інкрымінавалі „здраду радзіме“, ён не прызнаваў сваёй віны. Цяпер, пасьля перакваліфікацыі і абвінавачваньня ў „замаху на ўсталяваньне супрацоўніцтва са спэцыяльнай службай“, разам з адвакатам ён падае касацыйную скаргу, то атрымліваецца, што таксама не прызнае прысуду», — сказаў Свабодзе Валянцін Стэфановіч.

А вось Тамара Сідарэнка, пазбаўленая адвакацкай ліцэнзіі пасьля таго, як абараняла ў судзе Ўладзімера Някляева ў 2011 годзе, лічыць, што Андрэй Гайдукоў з улікам яго асабістых якасьцяў і ладу жыцьця, мае вялікія шанцы на зьмену віду пакараньня ў часе разгляду касацыйнай скаргі ў Вярхоўным судзе:

Тамара Сідарэнка

Тамара Сідарэнка

«Ёсьць вялікія шанцы на зьмякчэньне пакараньня. Малады чалавек раней ніякіх злачынстваў не ўчыняў. Ні крымінальнай, ні адміністрацыйнай судзімасьцяў у яго няма. Злачынства, нават калі яно было, зусім не зьяўляецца цяжкім. У самім пакараньні ёсьць магчымасьць альтэрнатыўных мераў пакараньня, не зьвязаных з пазбаўленьнем волі. Вельмі важна, што ні лад жыцьця Андрэя, ні яго мінулае, ні паводзіны ў судзе, ні ўчыненае нібыта злачынства не выклікаюць неабходнасьці садзіць яго за краты. У вынесеным прысудзе — яўны перабор. Чалавеку, якога судзяць упершыню за злачынства, якое ёсьць найменш цяжкім, нельга караць пазбаўленьнем волі».

Крымінальны перасьлед Андрэя Гайдукова быў распачаты 8 лістапада 2012 году, калі ён быў затрыманы супрацоўнікамі Камітэта дзяржаўнай бясьпекі і зьмешчаны ў сьледчы ізалятар КДБ. 1 ліпеня 2013 году Андрэй Гайдукоў асуджаны па частцы 1 артыкулу 14 і артыкуле 356-1 Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь (замах на ўсталяваньне супрацоўніцтва са спэцыяльнай службай, органам бясьпекі або разьведвальным органам замежнай дзяржавы) і прысуджаны да 1,5 гадоў пазбаўленьня волі.

Андрэй Гайдукоў працаваў сьлесарам на нафтаперапрацоўчым заводзе «Нафтан» у Наваполацку.
XS
SM
MD
LG