Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Турысты ў Эгіпце ў віры забурэньняў


Забурэньні ў Каіры

Забурэньні ў Каіры

Хваля гвалту, якая захлынула Эгіпет, дакацілася і да курортных гарадоў.

З учорашняга дня ў краіне на месяц уведзенае надзвычайнае становішча, а ў 11 правінцыях — камэнданцкая гадзіна. У зоне дзеяньня камэнданцкай гадзіны апынуліся прыбярэжныя гарады Сінайскай паўвыспы, ў тым ліку курорт Шарм-эль-Шэйх.

Міністэрства замежных справаў Беларусі сёньня выдала заяву наступнага зьместу:

«У сувязі з абвастрэньнем ўнутрыпалітычнай абстаноўкі ў Эгіпце Міністэрства замежных спраў Рэспублікі Беларусь раіць беларускім грамадзянам, якія знаходзяцца на адпачынку ў Эгіпце, ўстрымацца ад паездак за межы курортных зон, выключыць наведваньне Каіру і іншых буйных гарадоў, пазьбягаць месцаў з вялікай колькасьцю людзей, падчас знаходжаньня за межамі гатэляў праяўляць павышаную асьцярожнасьць. Турыстам, якія знаходзяцца ў раёнах дзеяньня камэнданцкай гадзіны, у прыватнасьці на курортах Паўднёвага Сінаю (горада Шарм эль-Шэйх, Дахаб, Нувейба і Таба), варта не пакідаць тэрыторыі гатэляў з 19-00 да 06-00. У гэтых умовах грамадзянам Беларусі, якія плянуюць свой адпачынак у рэгіёне, рэкамэндуем ўстрымацца ад наведваньня Эгіпту да нармалізацыі сытуацыі ў краіне».

Экскурсіі ў сталіцу, як, зрэшты, і ў іншыя месцы, напрыклад, у Гізу (піраміды), забароненыя. Пастаяльцам гатэляў рэкамэндавана не пакідаць іх вечарам і ноччу.

У Хургадзе, іншым папулярным курорце, ісламісты, якія падтрымліваюць зрынутага прэзыдэнта Мухамеда Мурсі, спачатку занялі цэнтральную плошчу, а потым напалі на аддзяленьне паліцыі і на аўтавакзал, зь якога ідуць аўтобусы на Каір і Александрыю.

Паліцэйскія і ваенныя адказалі даволі жорстка: пратэстоўцы былі разагнаныя, а для бясьпекі гораду былі перакрытыя блок-пастамі ўсе дарогі з Дахару. Засьцярогі зрабілі і ў раёне гатэляў, гэта прыкладна ў пяці кілямэтрах ад месца беспарадкаў.

Службам бясьпекі мясцовых гатэляў дадзена строгае распараджэньне паліцыі «нікога не выпускаць». А мэнэджэры запэўніваюць, што турыстаў берагуць, прымаюцца ўсе меры бясьпекі, нават калі беспарадкі далёка.
Паводле дадзеных расейскага міністэрства турызму ў Эгіпце зараз адпачываюць прыкладна 50 тысяч грамадзянаў РФ, палова зь іх у Хургадзе. Як сказалі Радыё Свабода ў міністэрстве спорту і турызму Беларусі, дакладных дадзеных па колькасьці беларускіх грамадзянаў, якія адпачываюць у Эгіпце, няма: калі расейцы ляцяць у Эгіпет пераважна з Расеі, то беларусы часта ляцяць праз Літву, Украіну, праз тую ж Расею. Лічба турыстаў, якія ляцяць у Эгіпет з Беларусі, пакуль высьвятляецца.

Амбасада Рэспублікі Беларусь у Эгіпце працягвае весьці консульскі прыём грамадзян. Тэлефоны консульскай службы амбасады: (+20 2) 3338 95 45, 3749 91 71, маб. (+20 122) 220 52 60.
XS
SM
MD
LG