Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У незалежных мэдыях багата матэрыялаў на тэму стану апазыцыі і адказу на культавае беларускае пытаньне: што рабіць?

Шмат зьяўляецца розных прапаноў і «пераможных стратэгій». У гэтым сэнсе пэўную цікавасьць уяўляе надрукаваны ў «Народнай волі» (№ 62 ад 09.08.2013 г.) артыкул вядомага дэмакратычнага актывіста з Барысава Алеся Абрамовіча пад гучнай і правакацыйнай назвай «Стратэгія Перамогі замест стратэгіі Някляева-Мілінкевіча». Мусіць і самой рэдакцыі гэты матэрыял падаўся настолькі спрэчным, што ён не зьявіўся нават у электронным выглядзе на сайце выданьня.

З артыкула вынікае, што А. Абрамовіч апошнімі гадамі жыў у ЗША. Здавалася, што гэта можа даць аўтару пэўную перавагу, зрабіўшы яго больш вольным ад настрою тутэйшых апазыцыйных тусовак і дазволіўшы незамыленым вокам паглядзець на сытуацыю збоку.

Высьветлілася, што гэта ня так. У артыкуле, хутчэй, праявіліся ўсе мінусы эмігранцкага погляду на Беларусь. Напрыклад, празьмернае спрашчэньне сытуацыі. Артыкул цікавы як адлюстраваньне настрояў пэўнай часткі апазыцыйных актывістаў, не абцяжараных глыбокімі рэфлексіямі. Цікавы ўзроўнем дыскусіяў з апанэнтамі ў сваёй дэмакратычнай супольнасьці, тэхналёгіяй пошуку здраднікаў, навешваньня ярлыкоў і інш.

Ад самага пачатку А. Абрамовіч выказвае нязгоду з стратэгіяй руху «За свабоду», ініцыятывы «Гавары праўду» і Партыі БНФ, адлюстраванай у праекце «Народны рэфэрэндум». Аўтар адразу бярэ быка за рогі і катэгарычна заяўляе: «Я ж ацэньваю яе (стратэгію — Аўт.) як згодніцкую, якая пры пэўных умовах можа выліцца ў здраду ідэалам незалежнасьці і дэмакратыі... Згодніцтва аб’ектыўна прыводзіць хоць бы да частковага супадзеньня на нейкі час інтарэсаў улады і вярхоў апазыцыі. Гэтага можа быць дастаткова, каб у НЯМ (абрэвіятура прозьвішчаў Някляеў, Янукевіч, Мілінкевіч. — Аўт.) аб’явіўся тайны магутны спонсар у выглядзе Адміністрацыі прэзыдэнта і КДБ».

Адзіны аргумэнт на доказ згодніцтва гэтых лідэраў такі: яны зазіраюць за 2015 год, дапускаючы, што і пасьля прэзыдэнцкіх выбараў Лукашэнка застанецца пры ўладзе. Усё абвінавачваньне пабудавана на здагадках. Спачатку сам аўтар падкрэсьлівае, што гэтае згодніцтва можа адбыцца «пры пэўных умовах». А потым раптам заяўляе, нібыта ўсё гэта ўжо стала фактам: «Бог зь імі, са здраднікамі!» Немудрагелістая тэхналёгія пошуку ворагаў і агентаў КДБ даведзеная да лягічнага канца. Здаецца, псыхалёгія шпіёнаманіі ўсё шырэй захоплівае апазыцыйныя колы.

«На мой погляд, падтрымка ў грамадзтве стратэгічнай канцэпцыі НЯМ блізкая да нуля», — піша далей А. Абрамовіч. Нагадаю: паводле чэрвеньскага апытаньня НІСЭПД, 52,3% насельніцтва падтрымлівае ідэю рэфэрэндуму, а 57,5% гатовыя паставіць сваю подпіс у падтрымку гэтай ініцыятывы.

Яшчэ пару высноў аўтара, якія зачапілі сваёй легкадумнасьцю.

«Існуючы рэжым не перажыве прэзыдэнцкіх выбараў праз пару гадоў». Колькі за апошнія 19 гадоў было такіх прагнозаў!»

«Лёгка заўважыць агульнае амаладжэньне кіраўніцтва Расейскай Фэдэрацыі на ўсіх узроўнях. Многія з маладых палітыкаў вучыліся альбо стажыраваліся ў Оксфардзе, Гарвардзе і інш... Яны арганічна не ўспрымаюць кіраўніка беларускай выканаўчай улады... а таксама аказваюць усё большы, схаваны альбо відавочны, ціск на дзяржкіраўніцтва Расеі з патрабаваньнем спыніць падтрымку адыёзнага беларускага дзеяча». І гэта пішацца ў той час, калі рэжым Пуціна становіцца ўсё больш падобным да рэжыму Лукашэнкі, а падтрымка Беларусі з боку РФ дасягнула максымальных маштабаў за ўсю гісторыю беларуска-расейскіх дачыненьняў.

Якую ж пераможную стратэгію прапануе сам аўтар? Яна даволі простая: рыхтаваць Плошчу з 200 тыс. рашучых дэманстрантаў. «Калі ў міліцэйскіх фармаваньняў і ўнутраных войскаў усё ж атрымаецца выцесьніць пратэстуючых зь Менску, апошнія могуць разьмясьціцца ў знакавым месцы найноўшай беларускай гісторыі — урочышчы Курапаты. Калі іх працягнуць выцясьняць і адтуль, прыхільнікі перамен перабяруцца ў іншае бліжэйшае знакавае месца. І так да бясконцасьці, аж да поўнай перамогі».

А як жа мабілізаваць такую колькасьць людзей на Плошчы? Аўтар зноў дае просты адказ на складанае пытаньне. Ён прапануе падтрымаць ініцыятыву Паўла Знаўца наконт стварэньня Грамадзкага трыбуналу па злачынствах рэжыму, а таксама юрыдычныя напрацоўкі Ігара Ледніка, які «гадамі дамагаецца зрушэньня цяперашняга прэзыдэнта краіны зь яго пасады на падставе сур’ёзных заключэньняў». І робіць выснову: «Пасьлядоўная рэалізацыя прапаноў Паўла Знаўца, Ігара Ледніка і іншых грамадзкіх дзеячаў на працягу найбліжэйшых паўтара года дасьць электаральную перамогу кандыдату ад дэмакратычных сіл і чаканую лічбу ў 200 тысяч дэманстрантаў на Плошчы».

Вось і ўся альтэрнатыўная стратэгія Перамогі. Прастата прапаноў і рашэньняў А. Абрамовіча проста заварожвае. Іх нават цяжка неяк камэнтаваць. І чаму толькі да гэтага ніхто не дадумаўся за 19 гадоў?

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG