Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эгіпет: надзвычайнае становішча, віцэ-прэзыдэнт падаў у адстаўку


Улады Эгіпту ў сераду абвясьцілі аб увядзеньні на ўсёй тэрыторыі краіны надзвычайнага становішча з-за масавых беспарадкаў і гібелі сотняў людзей. Такі папярэдні вынік доўгага супрацьстаяньня прыхільнікаў зрынутага прэзыдэнта Мухамэда Мурсі і яго праціўнікаў, падтрыманых арміяй і паліцыяй.

У Каіры, дзе колькасьць ахвяр дасягнула ўжо паўтары сотні, увесь дзень працягваўся разгон акцый прыхільнікаў прэзыдэнта-ісламіста Мурсі, зрынутага вайскоўцамі ў пачатку ліпеня. Сярод ахвяр — і дэманстранты, і паліцэйскія. Забіты апэратар брытанскага тэлеканалу Sky News Мік Дын. Загінула і 17-гадовая дачка члена кіраўніцтва руху «Браты-мусульмане» Асма аль-Белтагі, а сам Мухамэд аль-Белтагі абвешчаны ў вышук. Улады аддалі загад арміі і асабіста міністру абароны краіны Абдэль Фатаху ас-Сісі, які ўзначаліў нядаўні пераварот, — дапамагчы паліцыі ва ўсталяваньні і падтрыманьні парадку.

Эгіпэцкая паліцыя раніцай у сераду пры дапамозе бульдозэраў пачатла зносіць лягер пратэстоўцаў ў кантраляваным імі квартале Мадзінат-Наср на ўсходзе Каіру, дзе раней былі ўзьведзеныя барыкады і нават цагляныя сьцены. Яшчэ адзін лягер прыхільнікаў Мурсі, перад будынкам Каірскага унівэрсытэту, таксама зазнаў паліцэйскую атаку. Ісламісты спрабавалі арганізаваць супраціў, і паліцыя адкрыла па іх агонь — пасьля таго, як нібыта выявіла ў іх агнястрэльную зброю, боепрыпасы і наркотыкі. Частцы прыхільнікаў Мурсі ўдалося схавацца на тэрыторыі Каірскага ўнівэрсытэту і заапарку і яны працягваюць супрацьстаяць паліцыі і жаўнерам.

Сутыкненьні адбываюцца і ў іншых частках Эгіпту. У Александрыі ісламісты перакрылі галоўную гарадзкую трасу. У Суэцы загінулі ня менш за пяць чалавек. У горадзе Сохаг падпаленыя тры копцкай царквы — хрысьціяне-копты падтрымалі адхіленьне Мурсі ад улады вайскоўцамі.

Аб сваёй адстаўцы ў сувязі з падзеямі, што адбываюцца абвясьціў часовы віцэ-прэзыдэнт Эгіпту Мухамэд Эль-Барадэі. У яго заяве гаворыцца: «Я не магу працягваць несьці адказнасьць за рашэньні, зь якімі я ня згодны і наступстваў якіх я баюся. Я не магу падзяляць адказнасьць за праліцьцё нават адной кроплі крыві».

Заходнія краіны з-за рэзкай успышкі гвалту тэрмінова закрываюць свае амбасады і консульствы ў Каіры і Александрыі. Эўрапейскі зьвяз заклікаў улады Эгіпту «праяўляць больш вытрымкі». Кіраўнік брытанскага МЗС Уільям Хэйг заявіў, што асуджае ўжываньне сілы эгіпэцкімі ўладамі. А міністар замежных спраў ФРГ Гіда Вэстэрвэле сказаў: «Мы зьвяртаемся да ўсіх палітычных сілаў Эгіпту з заклікам: вярнуцца да перамоваў. Варта спыніць эскаляцыю канфлікту і прадухіліць любое далейшае праліцьцё крыві. Грамадзкі дыялёг у Эгіпце павінен быць працягнуты з удзелам усіх палітычных сіл».

Прэзыдэнт Турцыі Абдула Гюль заявіў, што сілавы разгон маніфэстантаў, якія падтрымліваюць Мухамэда Мурсі, ён лічыць «цалкам непрымальным».

Беларускі МЗС да гэтага часу не рабіў заяваў. У Эгіпце цяпер знаходзіцца мноства турыстаў, аднак, як запэўніваюць турыстычныя агенцтвы, ім пакуль нічога не пагражае, акрамя нязручнасьцяў, зьвязаных з камэнданцкай гадзінай, уведзенай уладамі. Акрамя таго, часова зачынены для наведваньня шэраг папулярных турыстычных аб’ектаў — піраміды Гізы, помнікі Луксору і даліны Ніла.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG