Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

На Лябедзьку і Бузінаева завялі адміністрацыйную справу


Анатоль Лябедзька

Анатоль Лябедзька

Лідэра АГП Анатоля Лябедзьку і ягонага паплечніка з Бабруйску Віктара Бузінаева абвінавацілі ў нелегальным распаўсюдзе бюлетэня «Голас розуму».

На затрыманых у Бабруйску Анатоля Лябедзьку і Віктара Бузінаева ў міліцыі склалі пратаколы аб адміністрацыйным правапарушэньні і выдалі позвы зьявіцца ў міліцыю 20 жніўня.

Пра гэта Свабодзе паведаміў лідэр АГП Анатоль Лябедзька пасьля таго, як яго адпусьцілі з пастарунку.

Палітыкаў затрымалі каля прахадной «Белшыны», дзе цягам гадзіны яны раздавалі інфармацыйны бюлетэнь «Голас розуму», у якім былі артыкулы пра прыхватызацыю і карупцыю ў Беларусі. Яны пасьпелі раздаць больш за тысячу асобнікаў, міліцыянты сканфіскавалі 305. Але ў выходных дадзеных бюлетэня значыцца наклад у 295 асобнікаў. Вось за гэта і зачапіліся міліцыянты, абвінаваціўшы Лябедзьку і Бузінаева ў распаўсюдзе друкаванай прадукцыі зь несапраўднымі выходнымі зьвесткамі.

Міліцыянты пры гэтым цікавіліся, як выданьне даставілі ў Бабруйск, дзе яно выдрукавана й колькі раздалі людзям.
Асабліва ўлады непакояць тэмы карупцыі і прыхватызацыі, пра якія піша бюлетэнь

«Нашае затрыманьне — гэта рэакцыя на такую форму працы зь людзьмі. Асабліва ўлады непакояць тэмы карупцыі і прыхватызацыі, пра якія піша бюлетэнь. „Голас розуму“ не зарэгістраваны як СМІ, яго выдаюць прыхільнікі АГП, а мы ім карыстаемся», — зазначыў Свабодзе Анатоль Лябедзька.

Палітыкаў абвінавацілі паводле артыкула 22.9 Адміністрацыйнага кодэксу: «Парушэньне ўсталяванага парадку рассылкі абавязковых бясплатных асобнікаў пэрыядычных друкаваных выданьняў, распаўсюду эратычных выданьняў, апублікаваньня сродкам масавай інфармацыі абвяржэньня, а роўна незаконны выраб і (або) распаўсюджваньне прадукцыі сродкаў масавай інфармацыі».

Палітыкам пагражае штраф у памеры ад дваццаці да пяцідзесяці базавых велічынь — ад 2 да 5 мільёнаў рублёў.
XS
SM
MD
LG