Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Кім быць? Толькі не настаўнікам!


Гомельскі дзяржаўны унівэрсытэт

Гомельскі дзяржаўны унівэрсытэт

ВНУ Гомельскай вобласьці недабралі на бюджэтнае навучаньне 238 студэнтаў. Асабліва шмат месцаў пустуе на факультэтах, якія рыхтуюць будучых настаўнікаў.

У Мазырскім дзяржаўным пэдагагічным унівэрсытэце імя Івана Шамякіна недабралі на пэдагагічныя спэцыяльнасьці 110 студэнтаў. Найперш тых, хто зь першага верасьня будзе вучыцца на школьных настаўнікаў фізыкі, матэматыкі, філялёгіі, працоўнага навучаньня.

Адзін з унівэрсытэцкіх кіраўнікоў, які не пажадаў афішаваць сваё імя, лічыць, што недабор абітурыентаў выкліканы шэрагам чыньнікаў, але перадусім — невысокім прэстыжам прафэсіі пэдагога:

«Пэдагагічная прафэсія — у грамадзтве яна сёньня малапрэстыжная. І дзяржава не рэгулюе запаўненьне абітурыентамі тых малапрэстыжных прафэсіяў, якія ёй патрэбныя. Дзяржавай запатрабаваныя, у прыватнасьці, настаўнікі. Ніхто гэтую нішу, якую мы недабіраем у падрыхтоўцы настаўнікаў у так званыя чарнобыльскія раёны, не запоўніць. Ніхто не прыедзе. Нават гомельскія выпускнікі — і тыя ня хочуць ехаць, я ўжо не кажу пра менскіх. Так вось, на жаль, склалася сытуацыя. Я думаю, што мы ўрэшце спахопімся, але каб толькі не было позна».
Ніхто гэтую нішу, якую мы недабіраем у падрыхтоўцы настаўнікаў у так званыя чарнобыльскія раёны, не запоўніць. Ніхто не прыедзе

Суразмоўца кажа, што да недабору на бюджэтнае навучаньне прычыняецца й сучасная сыстэма цэнтралізаванага тэставаньня. Яна, у прынцыпе, неблагая. Але магчымасьць шырокага выбару акурат і агаляе непрэстыжныя факультэты. Апрача таго, некаторыя студэнты, залічаныя на бюджэтнае навучаньне, кідаюць пэрыфэрыйныя ўнівэрсытэты і едуць у сталіцу навучацца на платнай аснове ў больш прэстыжных ВНУ:

«Сталічныя, скажам так, прэстыжныя ВНУ — яны ж і на бюджэтнае навучаньне набіраюць, і на платнае. У нас нярэдкія выпадкі, калі абітурыент паступае да нас на бюджэт, а потым глядзіць — правілы прыёму дазваляюць падаваць дакумэнты на платнае навучаньне ў сталічнай ВНУ, і тая бярэ яго. І ён пакідае сваё бюджэтнае месца ў нас і пераяжджае на платнае. Напаўняецца сталіца. Яны едуць туды, за грошы навучаюцца, а потым праўдамі й няпраўдамі ў Менску і жыць застаюцца».

Паводле інфармацыі кіраўніка ВНУ, нямала здольных беларускіх выпускнікоў школаў сталі апошнім часам паступаць у навучальныя ўстановы Расеі, а таксама краін Эўразьвязу. Разьлічваць на тое, што яны вернуцца ў Беларусь адукаванымі спэцыялістамі, таксама не выпадае.

Недабралі сёлета на платнае навучаньне і ВНУ абласнога цэнтру: Гомельскі тэхнічны ўнівэрсытэт імя Паўла Сухога — 29 студэнтаў, Дзяржаўны ўнівэрсытэт транспарту — 9, Гомельскі дзяржаўны ўнівэрсытэт імя Францішка Скарыны — 90 студэнтаў.

Пяцікурсьнік унівэрсытэту імя Скарыны спадар Сяргей, які праз год стане дыплямаваным выкладчыкам фізыкі, кажа, што працаваць у школе не зьбіраецца:
Дзеці — я сам толькі што быў на практыцы — не паважаюць пэдагогаў

«Я, напрыклад, не хачу працаваць па сваёй спэцыяльнасьці менавіта ў школе. Гэта найперш зьвязана з тым, што вельмі нізкія заробкі. Нагрузка павялічваецца, але я як малады спэцыяліст буду атрымліваць 2,5–3 мільёны. Гэта максымум. Па-другое, дзеці — я сам толькі што быў на практыцы — не паважаюць пэдагогаў. Моладзь імкнецца трапіць у сфэру бізнэсу, сфэру будаўніцтва — туды, дзе больш за ўсё грошай плацяць».

Засмучае будучага пэдагога й адсутнасьць пэрспэктывы для настаўніка ў вёсцы, а яшчэ — прымусовае разьмеркаваньне ў заражаныя радыяцыяй раёны, нягледзячы на тое, што там ён можа атрымаць нават нейкае жытло:

«Калі ты навучаесься на бюджэце, то цябе, вядома, разьмяркуюць некуды ў вёску. Як у нас жартуюць — Хвойнікі, Брагін, Нароўля. Ня кожны студэнт хоча ехаць туды працаваць — там ніякіх пэрспэктываў на будучыню. Ты будзеш усё жыцьцё зьвязаны са сшыткамі, канспэктамі, плянамі ўрокаў — гэтай непатрэбнай бюракратыяй, якая сыстэме адукацыі не патрэбная».
Я імкнуся за мяжу. Мой асноўны арыенцір — азіяцкія краіны

Другакурсьніца Ангеліна, якая ва ўнівэрсытэце імя Скарыны набывае прафэсію настаўніцы ангельскай мовы, з вышэйзгаданых прычын таксама ня хоча зьвязваць сваё жыцьцё са школаю. Веданьне ангельскай мовы, на думку студэнткі, дае большыя пэрспэктывы для працаўладкаваньня:

«Выходзіш выкладчыкам — нізкі заробак, ніякай пэрспэктывы на будучыню. А ангельская мова дазваляе мець хоць нейкія пляны на будучыню. Гэта ж вышэйшая адукацыя на веданьне ангельскай мовы. Можна ўжо зь любымі замежнымі кампаніямі працаваць — як перакладчыца, а ня толькі настаўніца. Я лічу, што гэта больш прэстыжна. Я імкнуся за мяжу. Мой асноўны арыенцір — азіяцкія краіны, якія разьвіваюцца. Кітай, напрыклад, важная цяпер краіна ў эканамічным пляне. Думаю яшчэ дадаткова вывучаць кітайскую мову — і зьяжджаць».
XS
SM
MD
LG