Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Вясна» патрабуе інфармацыі пра ксяндза Лазара


Праваабарончы цэнтар «Вясна» заклікаў КДБ праінфармаваць грамадзкасьць аб прычыне і месцы ўтрыманьня пад вартай сьвятара Ўладзіслава Лазара і сутнасьці прад’яўленага яму абвінавачваньня.

«Грамадзянам Рэспублікі Беларусь гарантуецца права на атрыманьне, захоўваньне і распаўсюджваньне поўнай, дакладнай і своечасовай інфармацыі аб дзейнасьці дзяржаўных органаў, грамадзкіх аб’яднаньняў, аб палітычным, эканамічным, культурным і міжнародным жыцьці, стане навакольнага асяродзьдзя (артыкул 34 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь).

Міжнародны пакт аб грамадзянскіх і палітычных правах замацоўвае: кожны чалавек мае права на свабоднае выказваньне свайго меркаваньня; гэтае права ўключае свабоду шукаць, атрымліваць і распаўсюджваць усялякага роду інфармацыю.

Мяркуем, што інфармацыя аб затрыманьні, зьмяшчэньні пад варту асобы, сутнасьці падазрэньняў і абвінавачваньняў, працэсуальным статусе, месцы ўтрыманьня і іншых аспэктах, якія ня маюць дачыненьня да дэталяў крымінальнага перасьледу, ня можа парушыць таямніцу сьледзтва, якая ахоўваецца па закону, і не паставіць пад пагрозу інтарэсы дзяржаўнай бясьпекі, аховы грамадзкага парадку», — гаворыцца ў заяве «Вясны».

Праваабарончы цэнтар «Вясна» заклікае кампэтэнтныя органы дзяржавы — пракуратуру, МУС, КДБ, Сьледчы камітэт — інфармаваць з дапамогай сродкаў масавай інфармацыі і са старонак уласных сайтаў аб кожным рэзанансным або стратэгічным выпадку абмежаваньня правоў грамадзян.

«Вясна» нагадвае, што незалежна ад цяжару прад’яўленага абвінавачваньня затрыманыя асобы карыстаюцца ўсімі правамі, за выключэньнем тых, якія абмяжоўваюцца самім фактам утрыманьня ў няволі; катаваньні, а таксама жорсткае, бесчалавечнае, прыніжальнае для асобы абыходжаньне забароненае.
XS
SM
MD
LG